From Wikipedia, the free encyclopedia
Бялынічы — даўняе магдэбурскае мястэчка гістарычнай Аршаншчыны (частка Віцебшчыны), старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Сярод мясцовых славутасьцяў вылучаўся збудаваны ў стылі барока комплекс кляштару кармэлітаў з касьцёлам Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі, помнік архітэктуры XVIII ст., зруйнаваны савецкімі ўладамі. Цудоўны абраз Маці Божай, што захоўваўся ў касьцёле, зьнік з Магілёўскага музэю ў Другую сусьветную вайну.
Упершыню Бялынічы ўпамінаюцца ў XVI ст. як сяло ў Аршанскім павеце Віцебскага ваяводзтва[1]. З 1577 году яны знаходзіліся ў складзе маёнтку Цяцерына, якім валодалі князі Збараскія. Стэфан Збараскі заснаваў тут замак (Белагародак) і мястэчка[1]. Па сьмерці С. Збараскага ў 1591 годзе Бялынічы перайшлі ў распараджэньне Льва Сапегі, апякуна маладой уладальніцы Барбары Збараскай. У 1603 годзе ён набыў у валоданьне частку мястэчка. На 1620 год тут быў 331 вулічны і 16 гандлёвых пляцаў[1].
У 1624 годзе Леў Сапега заснаваў у Бялынічах кляштар кармэлітаў — адзін з найбагацейшых у Вялікім Княстве Літоўскім. У кляштары знаходзіўся цудоўны абраз Божай Маці, шанаваны хрысьціянамі розных канфэсіяў. Праз шматлікія працэсіі і паломніцтвы да яго Бялынічы зваліся «Беларускай Чанстаховай» (абраз зьнік у Другую сусьветную вайну з Магілёўскага краязнаўчага музэю). У 1624 годзе коштам Казімера Льва Сапегі алтар касьцёла аздобілі срэбрам, а абраз Маці Божай — каштоўнымі камянямі. Ён жа заснаваў у мястэчку друкарню[2].
З 1627 году Бялынічы сталі цэнтрам маёнтку. У мястэчку знаходзіўся Рынак, вакол якога месьціліся 12 мяшчанскіх двароў. Ад Рынку адыходзілі вуліцы Віленская з 42 дварамі на ёй, Манастырская з 19 дварамі, Цяцерынская з 20, Крукава з 25, Плітніцкая з 56, Татарская з 36, Гайная з 28 і Красная з 22 дварамі. Апроч таго, за царквой знаходзілася вуліца Глініцкая альбо Слабада (29 двароў), да мяшчанскіх гумнаў ішла новая (яшчэ, відаць, неназваная) вуліца з 20 дварамі, яшчэ адна новая вуліца з 6 дварамі на ёй вяла ад Рынку да «кладовішчаў жыдоўскіх» (юдэйскіх могілак). Насупраць Плітніцкай была яшчэ адна вуліца з 8 дварамі, зь якіх 4 былі ўласнасьцю царквы Сьвятога Ільлі, а ўжо за мястэчкам, на канцы ворыўных валокаў ля балота Бушкарова ўтварылася яшчэ адна новая вуліца з 38 дварамі. Такім чынам, Бялынічы на той час зьмяшчалі 361 двор і маглі лічыцца даволі значным паселішчам[3]. На 1630 год тут налічвалася 513 дымоў[1]. 4 кастрычніка 1634 году згодна з прывілеем караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы мястэчка атрымала Магдэбурскае права, пячатку і герб.
Захавалася сьведчаньне азначэньня жыхароў Бялынічаў ліцьвінамі: «литвин <…> в роспросе сказался: Савастьяном зовут Иванов // Оршанского повету из-ыменья пана Казимеря Сапеги из Белынич» (1636 год)[4].
У вайну Маскоўскае дзяржавы з Рэччу Паспалітай (1654—1667) 24 жніўня 1654 году непадалёк ад Бялынічаў адбылася бітва паміж абаронцамі Вялікага Княства Літоўскага на чале зь Янушам Радзівілам і маскоўскімі захопнікамі (Бітва пад Шапялевічамі), у якой колькасна большае маскоўскае войска ўпершыню за некалькі дзесяцігодзьдзяў атрымала перамогу над невялікім літоўскім войскам. На 1667 год у Бялынічах засталося 327 дамоў, за часамі вайны яны страцілі 2/3 насельніцтва. У 1685 годзе Ўладзіслаў Язапат Сапега прадаў Бялынічы Кацярыне Радзівілавай.
У Вялікую Паўночную вайну (1700—1721) 14 ліпеня 1708 году непадалёк ад Бялынічаў (каля Галоўчына) адбылася бітва паміж расейцамі і швэдамі, якая скончылася перамогай апошніх. З 1733 году мястэчка знаходзілася ў валоданьні Агінскіх. На 1734 год тут было 180 двароў. Па вялікім пажары (1742), у выніку якога згарэў драўляны кляштарны комплекс, пачалося ўзьвядзеньне мураванага касьцёла ў гонар Унебаўзяцьця Маці Божай, якое завяршылася ў 1760 годзе. 13 красавіка 1756 году Папа Рымскі падпісаў Булу аб каранацыі абраза Маці Божай Бялыніцкай. У 2-й палове XVIII ст. у мястэчку дзеяў невялікі кляштар марыявітак, пры якім існаваў пансіянат (навучальная ўстанова) для шляхцянак[1]. Апроч таго, у гэты час працаваў мытны пункт, падпарадкаваны галоўнай мытні ў Магілёве[1]..
У выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 год) Бялынічы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Аршанскім павеце Беларускай, з 1801 году Магілёўскай губэрні. На 1773 год у мястэчку дзеялі тры ўніяцкія царквы (Раства Багародзіцы, Сьвятога Ільлі і Святога Мікалая) і касьцёл Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі[lower-alpha 1]. На 1785 год у Бялынічах было 108 двароў, працаваў млын, штогод праводзіліся 4 кірмашы. У 1803—1832 гадох дзеля вяртаньня сабе правоў жыхароў вольнага мястэчка бялынічане накіравалі спачатку ў Магілёўскі павятовы суд, а потым у Сэнат арыгіналы двух прывілеяў на Магдэбурскае права — фундацыйны (1634 год) і канфірмацыйны (1703 год). Аднак расейскія ўлады назвалі гэтыя дакумэнты «несапраўднымі». Каб адбіць у местачкоўцаў ахвоту бараніць свае законныя правы, найбольш актыўных бялынічанаў залічылі ў прыгонныя, як «летуценьнікаў пра ўяўную вольнасьць» (рас. «возмечтавших о мнимой вольности»), а двух найбольш актыўных змагароў прылюдна высеклі бізунамі і выслалі на катаргу ў Сыбір[5]. Паводле інвэнтару, у 1825 годзе ў мястэчку Бялынічы было 287 дымоў, у аднайменным фальварку — 71 дым. На 1845 год налічвалася 992 двары ў мястэчку і 89 — у фальварку. з 1855 году працавала піваварня.
У 1864 годзе ўлады Расейскай імпэрыі з мэтай маскалізацыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага адкрылі ў Бялынічах народную вучэльню, выкладаньне ў якой вялося на расейскай мове. У 1876 годзе яны гвалтоўна зачынілі касьцёл і кляштар кармэлітаў і перадалі іх у валоданьне Ўрадавага сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). На 1880 год у мястэчку было 279 драўляных будынкаў; дзеялі 2 царквы, працавалі лякарня, аптэка, бровар, крупадзёрка. У 1909 годзе адкрылася бібліятэка, у 1913 годзе ўтварылася таварыства цьвярозасьці.
За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Бялынічы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.
25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Бялынічы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, аднак 16 студзеня году Масква адабрала мястэчка разам зь іншымі этнічна беларускімі тэрыторыямі ў склад РСФСР. У 1924 годзу Бялынічы вярнулі БССР, дзе яны сталі цэнтрам раёну. 27 верасьня 1938 году паселішча атрымала афіцыйны статус пасёлку гарадзкога тыпу.
У Другую сусьветную вайну з 6 ліпеня 1941 да 29 чэрвеня 1944 году Бялынічы знаходзіліся пад акупацыяй Трэцяга Райху. У 1960-я гады савецкія ўлады зьнішчылі помнік архітэктуры барока — касьцёл Маці Божай Шкаплернай і кляштар кармэлітаў.
23 сьнежня 2009 году да Бялынічаў далучылі вёску Міхайлоў[6]. 19 сьнежня 2016 году Бялынічы атрымалі статус места[7] (пастанова набыла моц 17 студзеня 2017 году[8]). У 2020 годзе тут прайшоў Дзень беларускага пісьменства. З гэтай нагоды праводзілася аднаўленьне аб’ектаў інфраструктуры і рэканструкцыя музэю В. Бялыніцкага-Бірулі, а Белпошта выдала спэцыяльны сьвяточны канвэрт[9].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.