род пладовых дрэваў From Wikipedia, the free encyclopedia
Груша — род пладовых дрэваў сямейства ружавых.
Груша | |
Клясыфікацыя | |
---|---|
Надцарства | Эўкарыёты |
Царства | Расьліны |
Падцарства | Зялёныя расьліны |
Група | Судзінкавыя расьліны |
Разьдзел | Насенныя расьліны |
Тып | Найвышэйшыя расьліны |
Аддзел | Кветкавыя |
Кляса | Двухдольныя |
Падкляса | Сапраўдныя двухдольныя |
Атрад | Ружакветныя |
Сямейства | Ружавыя |
Падсямейства | Сьлівавыя |
Трыба | Яблыневыя |
Бінамінальная намэнклятура | |
Pyrus Карл Лінэй | |
Засухаўстойлівае і сьвятлалюбнае дрэва. Служыць меданосам і мае каштоўную драўніну. Вядома каля 60 відаў. Пашыраная ва ўмераным і субтрапічным клімаце. Пачынае пладаносіць на 6—8 год пасьля пасадкі. Выкарыстоўваецца ў гаспадарцы да 50—60 гадоў. Размнажаецца прышчэпкамі. Найлепш расьце на дрэнажаваных суглініках. Звычайная або лясная груша служыць родапачынальніцай шматлікіх культурных гатункаў. У Беларусі лясная груша расьце ў лісьцевых і зрэдку хвойных лясах, на ўзьлесках і ў хмызьняках[1]. Найбольш пашыранае пасьля яблыні пладовае дрэва. Таксама культурныя гатункі грушы паходзяць з такіх яе відаў, як лахалістая, усурыйская, вербалістая і каўкаская груша. Пераважна перакрыжаванаапыляльная культура, але ёсьць самаплодныя гатункі (Віндзорская і Юратэ)[2].
Груша мае вышыню да 15 мэтраў і пірамідальную крону. Скурыстае і бліскучае, яйцападобнае або круглае лісьце бывае востразубчастае або суцэльнакрайняе. Кветкі ў шчытках бываюць белыя і ружаватыя. Мясістыя плады з камяністымі клеткамі маюць жоўтае або зялёнае адценьне, часам румянае, і вагу 25—300 грамаў[1]. Стрыжнявы корань зь невялікай колькасьцю разгалінаваньняў у ходзе росту дасягае вялікай глыбіні, што дазваляе пераносіць нястачу вільгаці і спрыяе марозаўстойлівасьці[2].
Дрэва грушы патрабуе разьмяшчэньня ў сонечнай мясьціне для хуткага разьвіцьця. Яно пасьпяхова расьце на добра пранікальнай глебе, што дазваляе кораню разрастацца ўглыб. Паводле тэрмінаў высьпяваньня грушы падзяляюць на летнія, восеньскія і зімовыя гатункі. Плады летніх і восеньскіх гатункаў здымаюць за 7—10 дзён да сьпеласьці ў выглядзе пасьвятленьня афарбоўкі скуркі. Плады захоўваюць у халаднаватым памяшканьні. Мякаць дасьпелых пладоў становіцца больш сакавітай, чым у пасьпелых на дрэве пладоў. Плады позьневосеньскіх і зімовых гатункаў здымаюць у верасьні. Дрэвы грушы фармуюць і абразаюць прышчэпленымі на моцнарослых прышчэпках[2].
У пладах зьмяшчаюцца распушчальныя цукры (глюкоза, фруктоза і цукроза), арганічныя кісьлі, дубільныя рэчывы і вітаміны А, Б і Ц[1]. Таксама ў грушах ёсьць азоцістыя, фарбавальныя і пахучыя рэчывы, пэктын і фэрмэнты. У залежнасьці ад гатунку і геаграфічных умоваў доля цукру вагаецца ад 5 да 15 %, а кісьляў ад 0,1 да 0,7 %. У сярэднім плады грушы зьмяшчаюць: 83 % вады, 8,3 % цукру, 4,3 % нераспушчальных у вадзе рэчываў, 3,5 % пэктыну, 0,31 % попелу, 0,3 % бялку і 0,2 % вольных кісьляў[2].
Каштоўнасьць грушы ў магчымасьці спажываньня круглы год у сьвежым і перапрацаваным выглядзе. Дэсэртныя гатункі грушы цэняць за сакавітую мякаць і прыемнае спалучэньне кісьлі і цукру. Найбольшую вартасьць сярод перапрацаваных вырабаў маюць сухафрукты з грушы, пасьціла, мармэляд, бекмес і напоі. У народнай мэдыцыне грушы выкарыстоўваюць як скрапляльнік, мачагоньнік, абеззаражвальнік, гарачкапаніжальнік і сродак супраць кашлю. Гэтыя ўласьцівасьці маюць сьвежыя і сушаныя плады, сок і кісель, адвары сьвежых і сухіх пладоў. Таксама іх карысна ўжываць пры мачакаменнай хваробе. Сярод іншага, грушы зьмяшчаюць багата фляваноідаў і фэнолакісьляў, чым павышаюць трываласьць крывяносных судзінаў і спрыяюць папярэджаньню запаленьня і склерозу. Празь вялікую колькасьць соляў калю грушы садзейнічаюць выдаленьню з арганізма вады і кухоннай солі, што тлумачыць мачагоннае ўзьдзеяньне. Урэшце, грушы багатыя на клятчатку, таму падчас абвастрэньня хваробы страваваньня варта пазьбягаць іх ужываньня[2].
Найбольшую пагрозу для грушы ўяўляюць такія хваробы, як парша, бактэрыяльны рак і белая плямістасьць лісьця. Таксама шкоднікамі выступаюць грушавы кветаед, пладажэрка, грушавы галавы клешч і баярышніца[2].
У Беларусі лясная груша вырошчваецца найбольш на паўднёвым захадзе краіны. Асноўныя раянаваныя гатункі: летнія — Беларуска, Дзюшэс летні, Лімонка, Прыгожая Яфімава і Тальсінская прыгажуня; восеньска-зімовыя — Бэра лошыцкая і слуцкая, Масьляністая лошыцкая і Беларуская позьняя[1]. Іншыя летнія гатункі грушы: Віндзорская, Бэргамотная, Бэра залатая (Цукроўка двайная), Ільлінка (Кабак армунд, Палаціўка), Касьмічная, Любіміца Клапа, Масьляністая летняя і Мліеўская раньняя. Астатнія восеньска-зімовыя гатункі: Мармуровая, Юратэ, Калгасьніца, Канфэрэнцыя і Любіміца асеньняя. У Беларусі сустракаліся мясцовыя гатункі грушаў векам звыш 100 гадоў, якія давалі высокі ўраджай па 200—300 кг з дрэва. Плады пазьнейшых гатункаў драбнейшыя і горш захоўваюцца, калі не стае вільгаці. У залежнасьці ад гатунку груша пачынае пладаносіць на 4—12 год пасьля пасадкі. Усе мясцовыя гатункі распрацаваў «Інстытут пладаводзтва» ў Самахвалавічах (Менскі раён)[2].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.