Вікіпэдыя
вольная онлайн-энцыкляпэдыя, якую можа рэдагаваць кожны / From Wikipedia, the free encyclopedia
Вікіпэ́дыя (анг. Wikipedia; ад гав. вікі — хуткі + грэц. παιδεία — вывучэньне) — шматмоўная агульнадаступная свабодна распаўсюджваная інтэрнэт-энцыкляпэдыя, распачатая Джымі Ўэйлзам і Лары Сэнгерам у студзені 2001 году.
Вікіпэдыя | |
Здымак экрана шматмоўнага парталу | |
Слоган | Вольная энцыкляпэдыя |
---|---|
Тып | Інтэрнэт-энцыкляпэдыя |
Даступныя мовы | 293 (2020 год)[1] |
Уладальнік | Фундацыя «Вікімэдыя» |
Аўтар | Джымі Ўэйлз і Лары Сэнгер |
Пачатак працы | 15 студзеня 2001 (23 гады таму) |
Камэрцыйны? | не |
Рэгістрацыя | ёсьць, неабавязкова |
Прыбытак | няма |
Актуальны стан | дзейны |
Рэйтынг Alexa | 13 (2020 год) |
Мова праграмаваньня | PHP |
Ліцэнзія | 🅭🅯🄎 4.0[d] |
wikipedia.org |
Ствараецца супольнай працай добраахвотных аўтараў. Каардынуецца амэрыканскай некамэрцыйнай Фундацыяй «Вікімэдыя», якая знаходзіцца ў Сан-Францыска (штат Каліфорнія) і мае 37 рэгіянальных прадстаўніцтваў. Зьяўляецца найбуйнейшым і самым папулярным даведнікам у інтэрнэце, які вельмі хутка разьвіваецца. На травень 2018 году разьдзелы Вікіпэдыі існавалі на 301 мове, а таксама на 493 мовах у інкубатары. Яна зьмяшчала больш за 40 мільёнаў артыкулаў. Інтэрнэт-сайт Вікіпэдыі зьяўляўся пятым паводле наведвальнасьці сайтам у сьвеце.
Вікіпэдыя прываблівае мноства наведнікаў, якія прачытваюць больш за 47 млн артыкулаў на 298 мовах сьвету. Самы аб’ёмны з моўных разьдзелаў Вікіпэдыі, ангельскамоўны, утрымлівае больш за 5 540 000 артыкулаў (на студзень 2018 году). Артыкулы ў Вікіпэдыі пішуцца добраахвотнікамі грамады з усяго сьвету, і амаль усе гэтыя артыкулы могуць быць выпраўлены ці дапоўнены любым чалавекам праз інтэрнэт. 12 жніўня 2004 году Ўладзімер Каткоўскі заснаваў Беларускую Вікіпэдыю.
Аўтарскае права на матэрыялы Вікіпэдыі рэгулюецца ліцэнзіяй GNU FDL і адпавядае GPL-ліцэнзіі, якая выкарыстоўваецца для свабоднага праграмнага забесьпячэньня. Ліцэнзія дазваляе свабодна зьмяняць і распаўсюджваць інфармацыю і нават прадаваць яе, аднак забараняе заяўляць свае правы на створаную грамадзкасьцю інфармацыю пасьля ўнясеньня якіх-небудзь зьменаў і дапаўненьняў. Пры гэтым стваральнікі Вікіпэдыі настойліва заклікаюць не разьмяшчаць у ёй матэрыялаў, абароненых аўтарскім правам, бяз згоды праваўладальнікаў.
Праект зьяўляецца некамэрцыйным і разьвіваецца на сродкі спонсараў, якія ў асноўным зьяўляюцца простымі ўдзельнікамі Вікіпэдыі.