Вэрлібр
From Wikipedia, the free encyclopedia
Вэрлі́бр (свабо́дны верш) — дысмэтрычны верш, у аснове рытму якога — чаргаваньне якіх-небудзь дапаможных рытмастваральных кампанэнтаў. Надзвычай важнае значэньне набывае ў ім графічная разьбіўка верша на радкі, вызначэньне месца міжрадковых паўзаў. Менавіта вершаваны радок як цэласны інтанацыйна-сынтаксічны і сэнсавы комплекс, выразна выдзелены паўзамі (а на пісьме — яшчэ й графічна), выступае ў вэрлібры ў якасьці асноўнай рытмічнай адзінкі. Інтанацыйная аднатыпнасьць асобных радкоў дасягаецца падабенствам іх унутранай лексыка-граматычнай структуры, што стварае пэўную меру паўтору па «вэртыкалі».
У радках свабоднага верша паўтараюцца наступныя дапаможныя рытмастваральныя кампанэнты: аднатыпныя сынтаксічныя канструкцыі, аднолькавыя ці крыху відазьмененыя радкі, аднолькавыя словы ці іх марфалягічныя формы, гукаспалучэньні, націскі на пэўных месцах і г. д. Спарадычна можна сустрэць нават прыметы танічнага верша, падначаленыя агульнай інтанацыйнай структуры вэрлібра (чаргаваньне моцных або апорных націскаў, рыфмоіды і інш.). Прычым у свабодным вершы адсутнічае адзіная скразная мера паўтору, яна ўвесь час мяняецца. Так, напрыклад, першыя тры радкі твора, напісанага вэрлібрам, вызначаюцца аднатыпнасьцю іх сынтаксічнай пабудовы, чатыры наступныя — паўторам на пачатку радкоў назоўнікаў у пэўным склоне, яшчэ тры радкі суадносяцца рытмічнымі націскамі, скажам, на трэцім і сёмым складах, і г. д. Для вэрлібра характэрна надзвычайнае багацьце і гнуткасьць паэтычнага сынтаксісу, у тым ліку розных рытарычных фігураў, сынтаксічных пэрыядаў, што надае інтанацыйнаму малюнку разнастайнасьць (пералічэньне, далучэньне, супрацьпастаўленьне і г. д.). у межах адной рытміка-інтанацыйнай структуры.