From Wikipedia, the free encyclopedia
Высокі Рынак, Высокае Места[1][2] (Верхні Горад) — гістарычная мясцовасьць у цэнтры Менску, разьмешчаная на ўзгорку. Архітэктурнымі дамінантамі мясцовасьці былі езуіцкі калегіюм з касьцёлам Імя Найсьвяцейшай Панны Марыі, менская ратуша, гасьціны двор, манастыр базылянаў з царквой Сьвятога Духа, кляштары бэрнардынак з касьцёлам Зьвеставаньня Найсьвяцейшай Панны Марыі, бэрнардынаў з касьцёлам Сьвятога Язэпа, дамініканаў з касьцёлам Сьвятога Тамаша Аквінскага, францішканаў з касьцёлам Сьвятога Антонія і бэнэдыктынак з касьцёлам Сьвятога Войцеха, палацы Празьдзецкіх, Сапегаў і Радзівілаў.
На поўнач ад Высокага Рынку пачынаюцца Нізкі Рынак і Цёмныя Крамы, на ўсход — Валокі Полацкія, на поўдзень — Новае Места, на захад — Земляны Вал.
Узгорак побач зь Нізкім Рынкам пачаў забудоўвацца ў канцы XVI ст. як новы цэнтар Менску. Перанос цэнтру места абумовіла наданьне ў 1499 року Магдэбурскага права. У XV ст. на Высокім Рынку збудавалі ратушу. У 1564 року ў Менску ўзьнікла кальвінісцкая супольнасьць, а ў апошняй чвэрці XVI ст. кальвіністы пры агульнай падтрымцы князя Мікалая Радзівіла «Чорнага» і фундацыяў заможных пратэстантаў збудавалі на Высокім Рынку малельны дом (збор) і заснавалі вуліцу Зборавую. Аднак у XV—XVІ стагодзьдзях мясцовасьць мела пэрыфэрыйнае значэньне.
Інтэнсіўнае мураванае будаваньне на Высокім Рынку пачалося толькі ў пачатку XVII ст. Існуе меркаваньне, што ўзьвядзеньне будынкаў стрымлівалася праз адсутнасьць ўмацаваньняў. Апроч таго, радыяльнае пашырэньне Менску вакол Замчышча да пачатку XVII ст. ужо вычарпала свае тапаграфічныя і сацыяльныя пэрспэктывы. Суседняя Траецкая гара ў якасьці новага цэнтру места не асвойвалася, бо яе разьмяшчэньне было нязручным для абароны. Менск у такім выпадку быў бы падзеленым на дзьве часткі Сьвіслаччу, што, нягледзячы на сыстэму грэбляў і мастоў, вельмі ўскладніла б камунікацыю і абарону ў часе ваенных дзеяньняў.
Да пачатку XVIII ст. забудова Высокага Рынку завяршылася, у выніку чаго склаўся галоўны архітэктурны ансамбль Менску, сфармавалася індывідуальнае аблічча места.
У пачатку ХХ ст. Высокі Рынак ўваходзіў у першую і другую паліцэйскія часткі.
20 чэрвеня 2015 году на вуліцы Кірылы і Мятода асьвяцілі храм Кірылы Тураўскага, дзе штомесяц ладзяць набажэнствы па-беларуску.
Афіцыйная назва | Гістарычная назва | Былыя назвы |
Герцэна вуліца | Малая Бэрнардынская вуліца | Маламанастырская вуліца (1866—1922) |
Зыбіцкая вуліца | Зыбіцкая вуліца | Гандлёвая вуліца (1866—2010) |
Інтэрнацыянальная вуліца | Валоцкая вуліца (частка) Зборавая вуліца (частка) | Хрышчэнская вуліца (частка, 1866—1919) Турэмная вуліца (частка, 1866—1882) Праабражэнская вуліца (частка, 1883—1926) |
Камсамольская вуліца | Фэліцыянаўская вуліца | Багадзельная вуліца (1866—1922) |
Кірыла і Мятода вуліца | Вялікая Бэрнардынская вуліца | Манастырская вуліца (1866—1922) Бакуніна вуліца (1922—1990) |
Леніна вуліца | Францішканская вуліца | Губэрнатарская вуліца (1866—1922) Ленінская вуліца (1922—1945) |
Музычны завулак (з 1882) | Музыканцкі завулак Петрапаўлаўскі завулак | |
Рэвалюцыйная вуліца | Койданаўская вуліца | |
Свабоды плошча | Высокі Рынак пляц | Саборная плошча (1866—1917) Волі пляц (1917—1933) |
Энгельса вуліца | Дамініканская вуліца | Петрапаўлаўская вуліца (1866—1922) |
не існуе (раён Палаца Рэспублікі) | Юраўская вуліца | Тадэвуша Рэйтана вуліца (1919—1920)[3] |
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.