вуліца ў Вільні (Летува) From Wikipedia, the free encyclopedia
Вастрабра́мская ву́ліца[lower-alpha 1][1] (лет. Aušros Vartų gatvė) — вуліца ў цэнтральнай частцы Вільні, у Старым Месьце. Працягвае вуліцу Вялікую. Зьвязвае скрыжаваньне вуліцаў Субач і Гетманскай з скрыжаваньнем Чыгуначнай і Друйскай. Працягваецца гістарычным Лідзкім гасьцінцам (цяпер Ліпагорская вуліца).
Хуткія факты Агульная інфармацыя, Гістарычны раён ...
У першай палове ХХ ст. раён вуліцы стаў палітычным і культурным цэнтрам беларусаў[2], тут дзейнічалі шматлікія беларускія ўстановы. У доме № 1 на рагу з Гетманскай вуліцай[3]. з 1926 году працавала беларуская кнігарня.
У 1939 годзе назву вуліцы перайначылі на летувіскі манер. Па Другой сусьветнай вайне савецкія ўлады перайменавалі частку вуліцы ў імя расейскага пісьменьніка Максіма Горкага. У 1987 годзе вуліцы вярнулі гістарычную назву, але ў летувізаванай форме.
Даўжыня каля 700 м. Мае брукаваную праезную частку ў Старым Месьце да Вострай Брамы, далей — асфальтавую. Нумарацыя дамоў пачынаецца ад рогу з Гетманскай вуліцай. З правага заходняга боку вуліцы дамы зь няцотнымі нумарамі, зь левага ўсходняга боку — цотная нумарацыя.
З правага боку адыходзяць вуліца Гетманская і Гасьціны завулак, зь левага — вуліца Субач. Мае скрыжаваньне з вуліцамі Базылянскай (направа) і Даўкшты (налева).
Няцотны бок
№ 5 — будынак Мескай залі, збудаваны ў 1902 годзе. Цяпер тут месьціцца Нацыянальная філярмонія Летувы.
№ 7a — корпус манастыра, у якім месьцілася Віленская беларуская гімназія і Беларускі музэй. Гімназія дзейнічала з 1 студзеня 1919 да чэрвеня 1944 году. Сярод настаўнікаў гімназіі былі Антон і Іван Луцкевічы, Максім Гарэцкі, Вінцэнт Жук-Грышкевіч, Барыс Кіт, Рыгор Шырма. Пры ўваходзе ў былую гімназію вісяць памятныя шыльды Максіму Гарэцкаму і Натальлі Арсеньневай. Беларускі музэй месьціўся на першым паверсе паўднёвага крыла будынка. Тут захоўваліся сярэднявечныя пячаткі, манэты, слуцкія паясы, прадметы этнаграфіі, галасьнікі Гарадзенскай Калоскай царквы, рукапісныя кнігі і старадрукі (выданьні Францішка Скарыны, татарскі Аль-Кітаб, Літоўскі Статут 1588 году). Паводле інвэнтару 1941 году, музэй налічваў 13 450 адзінак захаваньня. У архіве музэю было больш за 9 тыс. адзінак захаваньня. Бібліятэка налічвала больш за 14 тыс. тамоў[5].
№ 7b — Траецкая царква. У 1347 годзе на гэтым месцы заснавалі першую драўляную царкву. У 1514—1516 гадох па пераможнай Аршанскай бітве князь Канстантын Астроскі ў падзяку Богу і ў гонар перамогі над маскоўскімі войскамі збудаваў на месцы драўлянай новую мураваную царкву. Па скасаваньні Берасьцейскай уніі ў 1839 годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна адабралі царкву і манастыр у Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Маскоўскага патрыярхату, пазьней царкву перабудавалі ў маскоўскім стылі. У 1919 годзе будынак перадалі каталікам. У 1940 годзе савецкія ўлады зачынілі царкву. У 1991 годзе сьвятыню вярнулі грэка-каталікам.
Цотны бок
№ 2 — 3-павярховы дом. Каля 1801 году будынак рэканструявалі паводле праекту архітэктура Міхала Шульца, пазьней на фасад дадалі эклектычную ляпніну.
№ 6 — дом, дзе з 1926 году правацаў Беларускі інстытут гаспадаркі. Установа займалася падтрымкай і разьвіцьцём сельскай гаспадаркі, народных рамёстваў, беларускай духоўнай культуры, беларускай асьветы і мовы. Пры ім дзейнічала тэатральная сэкцыя Пятра Булгака, працавала бібліятэка. З дапамогай беларускай друкарні імя Францішка Скарыны Інстытут выдаў больш за дзесяць кніг вядомых беларускіх аўтараў. Сёньня будынак займае адзін з найбольш дарагіх гатэляў Вільні[6].
№ 8 — адзіны захаваны ў Вільні будынак гаспадарчага прызначэньня (склад), збудаваны ў XV—XVI стагодзьдзях. У 1970—1974 гадох на помніку праводзіліся рэстаўрацыйныя працы.
№ 10 — Духаўская царква і манастыр. Драўляная царква існавала тут з 1567 году. У 1596 годзе ў друкарні Духаўскага брацтва Лаўрэнці Зізані выдаў славянскі лемантар, які ўлучаў беларускі тлумачальны слоўнік (на 1061 слова). У 1618 годзе ў манастыры прыняў пострыг Мялеці Сматрыцкі. У 1638 годзе замест драўлянай збудавалі мураваную сьвятыню. У 1749—1753 гадох царкву перабудавалі паводле праекту архітэктара Ян Гляўбіц ў стылі віленскага барока. У пячорнай царкве пад алтаром, іканастас да якой стварыў мастак Іван Хруцкі, спачыў зьнішчальнік уніяцкай царквы Ёсіф Сямашка[7].
№ 14 — касьцёл Сьвятой Трэзы і кляштар кармэлітаў. Кляштар будаваўся ў 1621—1624 гадох, касьцёл — у 1633—1650 гадох з фундацыі падканцлераСтэфана Паца. У 1783 годзе да кута заходняга фасаду касьцёла прыбудавалі капліцу-пахавальню Пацаў. У 1829 годзе касьцёл злучылі 2-павярховай крытай галерэяй з капліцай Маці Божай на Вострай браме.
Брама будавалася ў гатычным стылі ў 1503—1522 гадох разам зь пяцьцю іншымі, пазьней колькасьць брамаў дасягала дзевяці. Празь некалькі гадоў над аркай брамы дабудавалі фасад зь пяцьцю амбразурамі і атык у стылі рэнэсансу. Атык мае дэкор з гербам Пагоняй, які падтрымліваюць два крылатыя львы-грыфоны, і рэльефнай галавой Гермэса ў крылатым шлеме.
З боку места над брамай у 1671 годзе манахі-кармэліты збудавалі драўляную капліцу, адмыслова для абраза Маці Божай Вастрабрамскай. 18 траўня 1706 году здарыўся пажар, але капліца ўцалела. Пажар у траўні 1715 году зьнішчыў амаль усё места і капліцу. У 1722 годзе над брамай збудавалі мураваную капліцу. Пры перабудове ў 1829—1830 гадох капліца набыла рысы клясыцызму.