Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Белару́сы Летувы́, паводле зьвестак афіцыйнай статыстыкі, зьяўляюцца трэцяй паводле колькасьці нацыянальнай меншасьцю ў краіне пасьля палякаў і расейцаў. У 2011 року ў Летувіскай Рэспубліцы пражывала 36 227 беларусаў[1].
Беларусы ў Летуве | |
Агульная колькасьць | 36 227 |
---|---|
Рэгіёны пражываньня | Віленскі і Ўцянскі паветы, Клайпеда |
Мовы | беларуская, летувіская, расейская, польская |
Рэлігіі | каталіцтва, праваслаўе |
Блізкія этнасы | беларусы |
На тэрыторыі сучаснай Летувы беларусы жывуць не адно стагодзьдзе. 3 часоў Вялікага Княства Літоўскага да I сусьветнай вайны сацыяльна-эканамічнае, нацыянальнае і культурнае разьвіцьцё беларусаў і летувісаў праходзіла ў адзінай дзяржаўнай прасторы. Галоўным беларускім асяродкам тут здаўна была Вільня, дзе існавалі агульныя дзяржаўныя і культурныя ўстановы, у тым ліку Віленскі ўнівэрсытэт, Віленская брацкая друкарня і інш.
Паводле перапісу 1897 року беларусы складалі большасьць насельніцтва Віленскай губэрні. У пачатку XX стагодзьдзя дзейнічалі Беларускае выдавецкае таварыства (працягвала дзейнасьць у 1919—1930), Беларускі музычна-драматычны гурток у Вільні, Беларускі настаўніцкі саюз, выдаваліся газэты «Наша доля» і «Наша ніва». 12 лютага 1910 у клюбе чыгуначнікаў адбылася Першая беларуская вечарынка ў Вільні. У I сусьветную вайну, пасьля акупацыі нямецкімі войскамі, у Вільні ў 1915 быў арганізаваны Беларускі клюб. 3 абвяшчэньнем незалежнасьці Летувы (люты 1918) дзейнасьць беларускіх арганізацыяў каардынавала Віленская беларуская рада, прадстаўнікі якой увайшлі ў Тарыбу. У сьнежні 1918 у Вільні знаходзіўся ўрад БНР.
У кастрычніку 1920 войскі польскага генэрала Л. Жалігоўскага захапілі Вільню, была абвешчаная Сярэдняя Літва. 9 кастрычніка 1920 у Вільні на нарадзе беларускіх дзеячоў, у якой прынялі ўдзел Браніслаў Тарашкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Антон Луцкевіч і інш., было вырашана выкарыстаць спрыяльныя палітычныя абставіны для разьвіцьця беларускай адукацыі і асьветы. У 1921 А. Луцкевіч стварае Беларускі музэй імя Івана Луцкевіча. На прапанову ўрада Б. Тарашкевіч заняў пасаду старэйшага рэфэрэнта ў Дэпартамэнце асьветы. У 1921 зь ініцыятывы Б. Тарашкевіча створанае Таварыства беларускай школы.
У пачатку 1922 року сэйм зацьвердзіў уключэньне Віленшчыны ў склад Польшчы. 3 гэтага часу і да канца 1939 Вільня была грамадзкім, асьветным і культурным цэнтрам беларусаў. У месьце ствараліся палітычныя, гаспадарча-эканамічныя, асьветныя арганізацыі, установы і таварыствы. У горадзе ствараліся і дзейнічалі беларускія палітычныя партыі, гаспадарча-эканамічныя, асьветныя арганізацыі, установы і таварыствы. Актыўнасьцю вызначаліся Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў, Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя, Камуністычная партыя Заходняй Беларусі, Беларускі пасольскі клюб, Блёк нацыянальных меншасьцяў і інш. У 1920—1930-я рокі ў Вільні дзейнічалі Беларускі музэй, управа Таварыства беларускай школы, Беларускі студэнцкі саюз, Беларускі сялянскі саюз, Цэнтральны саюз культурных і гаспадарчых арганізацый. У сярэдзіне 1920-х гадоў тут знаходзіліся Галоўны сакратарыят і ЦК Беларускай сялянска-работніцкай грамады; выдавалася больш за 100 беларускамоўных газэт і часопісаў. У Вільні жылі і працавалі А. Луцкевіч, М. Гарэцкі, Б. Тарашкевіч, У. Самойла, А. Станкевіч, С. Рак-Міхайлоўскі, І. Дварчанін, Р. Шырма, Г. Цітовіч, М. Танк, П. Сергіевіч, Я. Драздовіч і інш.
У пачатку 1920-х гадоў адбываўся ўздым актыўнасьці беларусаў Летувы, які аднак зьнік ў другой палове 1920-х. У пачатку 1930-х нацыянальны рух у Летуве ажывіўся[2].
Напачатку II сусьветнай вайны, калі Вільня і Віленскі край былі перададзеныя ў склад Летувы (кастрычнік 1939), спынілі дзейнасьць віленскія Беларускае навуковае таварыства, Беларускі студэнцкі саюз. Падчас нацысцкай акупацыі (1941—1944) яшчэ дзейнічалі Віленская беларуская гімназія, беларуская настаўніцкая сэмінарыя, Беларускі музэй (закрыты ў 1945), выдавалася газэта «Беларускі голас» (рэд. Ф. Аляхновіч). Пасьля захопу Летувы савецкімі войскамі частка беларусаў Віленшчыны на падставе летувіска-польскага пагадненьня пра ўзаемную эвакуацыю насельніцтва ад 22 верасьня 1944 перасялілася ў Польшчу. Практычна ўсе беларускія дзеячы й іхнія сем’і трапілі пад арышты і дэпартацыю. Аднаўленьне дзейнасьці нават у галіне беларускай культуры было немагчыма з-за рэпрэсій КДБ і зьмены этнічнай структуры насельніцтва.
Нямала беларусаў пераехала ў Летуву ўжо за савецкім часам, пасьля Другой сусьветнай вайны. 3 1945 у Летуву па вярбоўцы, на новабудоўлі і інш. прыбывалі беларусы з БССР. Іхная колькасьць павялічылася, аднак арганізаванага нацыянальнага жыцьця яны практычна ня мелі. У Вільні працягвалі сваю дзейнасьць П. Сергіевіч, З. Верас, Л. Луцкевіч, Я. Шутовіч і інш.
Актывізацыя грамадзкага жыцьця беларусаў пачалася ў часы лібэралізацыі ў СССР (2-я палова 1980-х), калі ўзьнік шэраг беларускіх культурна-асьветных арганізацыяў. У 1988 Зоська Верас разам зь Лявонам Луцкевічам, сынам Антона Луцкевіча, утварылі спачатку клюб «Сябрына», а 4 лютага 1989 року было заснаванае Таварыства беларускай культуры ў Летуве[3]. У чэрвені 1989 року ў Вільні адбыўся ўстаночы сход Беларускага народнага фронту «Адраджэньне».
3 1989 трансьлююцца беларускія перадачы на дзяржаўным радыё і тэлебачаньні. Пэўны час зь Вільні для беларусаў вяшчала незалежная беларускамоўная радыёстанцыя «Балтыйскія хвалі»[4].
У 2011 року ў Летувіскай Рэспубліцы пражывала 36 227 беларусаў[1], што складала 1,2% ад агульнага насельніцтва[5]. Колькасьць беларусаў стала зьмяншаецца галоўным чынам праз асыміляцыю. Так, у 1989 року ў Летувіскай ССР налічвалася 63 тысячы беларусаў, у 2001 — 42 866 чалавек; з тае пары іхняя колькасьць толькі меншала[3].
Пераважная большасьць беларусаў зьяўляюцца грамадзянамі Летувы.
Найбольш беларусаў пражывае ў сталіцы, Вільні — 18 924 чалавекі[1], далей ідуць месцы Клайпеда (2698 чалавек), Вісагіня (2211), Грэгарава (887) і Коўна (831, зьвесткі 2011 року[10]).
Сярод беларусаў Летувы ў 2001 року сваёй роднай мовай беларускую называлі 14 603 чал., расейская — 22 386, польскую — 2494, летувіскую — 1622[11].
У дадзены момант у Аб’яднаньне грамадзкіх арганізацыяў беларусаў у Летуве, прэзыдэнтам якой зьяўляецца У. Вайніцкі, уваходзяць 19 арганізацыяў. Іхняя мэта, як і любых іншых утварэньняў нацыянальных меншасьцяў, — захаваньне беларускай культуры, традыцый, звычаяў, беларускай мовы. Пад непасрэдным кантролем Аб’яднаньня ў Вільні працуе беларуская школа імя Францішка Скарыны з дванаццацігадовым навучаньнем, дзе многія прадметы выкладаюцца на роднай мове. Адкрытая беларуская нядзельная школа ў Клайпедзе, у Вісагіні функцыянуе беларускі культурны цэнтар.
У Вільні дзейнічае заснаваны ў Беларусі Эўрапейскі гуманітарны ўнівэрсытэт.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.