дэнамінацыя ў пратэстанцтве From Wikipedia, the free encyclopedia
Бапты́зм (паводле грэц. Βάπτισμα — хрост) — хрысьціянская дэнамінацыя ў пратэстанцтве, засяроджаная на індывідуалізьме ў дачыненьні да Бога і надзвычайнай ролі Сьвятога Пісьма. Збавеньне паводле баптыстаў недасягальнае ўласнымі ўчынкамі, адно толькі ласкай Божай праз асабістую веру ў збаўчую ахвяру Ісуса Хрыста дзеля выкупленьня грахоў чалавецтва. Баптысты зьдзяйсьняюць хрост выключна над тымі, хто сьвядома выражае пакаяньне за грахі і вызнае веру ў Хрыста. Акцэнтуючы аўтаномію асобных збораў, ёсьць таксама прыхільнікамі аддзяленьня царквы ад дзяржавы.
Большасьць баптыстаў прадстаўляе эвангельскае хрысьціянства, хоць існуюць нешматлікія баптысцкія дэнамінацыі, якія належаць да лібэральнага напрамку пратэстанцтва. Баптысцкія цэрквы могуць адрозьнівацца ў стаўленьні да пэўных пытаньняў: прадвызначэньне альбо свабода волі, канчатковасьць альбо мажлівасьць страты збавеньня, стаўленьне да тэорыі эвалюцыі.
У практыцы царкоўнага жыцьця баптысты прытрымліваюцца прынцыпу ўсеагульнага сьвятарства, а таксама самастойнасьці і незалежнасьці кожнай асобнай царкоўнай грамады (кангрэгацыяналізм). Прэсьбітэр (пастар) грамады ня мае абсалютнай улады, найбольш істотныя пытаньні вырашаюць на царкоўных радах, агульных сходах вернікаў. Набажэнствы складаюцца з казаняў, сьпеваў у суправаджэньні інструмэнтальнай музыкі, імправізаваных малітваў (уласнымі словамі), чытаньня духоўных паэмаў і вершаў[1].
Карані баптызму палягаюць у руху абуджэньня ў хрысьціянскай царкве, які меў за мэту вяртаньне да правілаў Сьвятога Пісьма. Першыя анабаптысты адмаўлялі хрост дзяцей, пакуль тыя самі ня змогуць абраць сабе хросных бацькоў. Хрост праз пагружэньне ў ваду практыкаваўся «Асобнымі баптыстамі» ў Ангельшчыне, якія сваёй назвай мелі сьведчыць, што збаўленыя будуць толькі некаторыя (асобныя) людзі. Нягледзячы на адносную свабоду вызнаньня, іхнія зборы разьвіваліся параўнальна марудна. Толькі мэтадысцкае абуджэньне дадало дынамікі разьвіцьцю баптысцкіх грамадаў як у Старым, так і ў Новым сьвеце[2].
Першыя баптысты былі ангельцамі-кангрэгацыяналістамі, якія праз рэлігійны перасьлед эмігравалі з Ангельшчыны ў Нідэрлянды. Першая грамада была заснаваная ў 1609 року ў Амстэрдаме групай ангельскіх пурытанаў на чале з Джонам Сьмітам, якая пад уплывам мэнанітаў (умераных анабаптыстаў) прыняла дактрыну, якая адрынала хрост немаўлятаў. Аднак неўзабаве збор быў вымушаны спыніць існаваньне з прычыны перасьледу. У 1612 року, калі ў Ангельшчыне паўстала хваля рэлігійных перасьледаў, частка амстэрдамскіх баптыстаў вярнулася на бацькаўшчыну — але ўжо без заснавальніка баптызму — і заснавала ў Лёндане першую баптысцкую грамаду. Менавіта ў Ангельшчыне цалкам сфармаваліся веравучэньне і дагматы, і тут ангельцы пачалі называць сябе баптыстамі.
Зарадзіўшыся ў Эўропе, найбольшага разьвітку баптысцкі рух дасягнуў у Паўночнай Амэрыцы. Аснову першых баптысцкіх суполак склалі выгнаньнікі з пурытанскіх калёніяў, перасьледаваныя за выказваньне поглядаў пра неабходнасьць аддзяленьня царквы ад дзяржавы і адмову ад хросту дзяцей. У 1638 року група такіх вернікаў на чале зь перасяленцам Роджэрам Ўільямзам заснавала новую калёнію Род-Айлэнд, дзе афіцыйна была абвешчаная свабода веравызнаньня, а ў местах Провідэнс і Ньюпарт заснаваныя першыя баптысцкія цэрквы[3] Пасьля здабыцьця рэлігійнай свабоды баптысты разгарнулі актыўную місіянэрскую дзейнасьць, якая ахоплівала, акрамя белых каляністаў, індзейцаў і чарнаскурае насельніцтва краіны. Сярод апошніх дадзенае спавяданьне атрымала шырокі распаўсюд, у выніку чаго да цяперашняга часу ў ЗША існуе некалькі афраамэрыканскіх баптысцкіх аб’яднаньняў[4].
У кантынэнтальнай Эўропе баптызм практычна ня меў распаўсюду да першай паловы XIX стагодзьдзя. Дзякуючы высілкам брытанскіх і амэрыканскіх місіянэраў у 20—30-я рокі XIX стагодзьдзя баптысцкія грамады былі заснаваныя ў Францыі і Нямеччыне. Надалей, дзякуючы актыўнай місіянэрскай палітыцы нямецкіх баптыстаў, у прыватнасьці пастара Ёгана Герхарда Онкена, Нямеччына стала цэнтрам распаўсюду баптысцкага вучэньня ў краінах Скандынавіі й іншых дзяржавах Эўропы[3].
У 1905 на 1-м Сусьветным сходзе баптыстаў у Лёндане быў заснаваны Сусьветны баптысцкі альянс, які па стане на 2007 налічваў больш за 170 тысячаў збораў і 36 мільёнаў сябраў. Варта зазначыць, што ў зьвяз не ўваходзіць вялікая колькасьць фундамэнталісцкіх цэркваў, ня згодных з умеранай тэалёгіяй і экумэнізмам Альянсу. Таксама ў большасьці баптысцкіх цэркваў сябрамі суполкі можна стаць толькі па дасягненьні паўналецьця. Такім чынам, дзеці з баптысцкіх сем’яў ня ўлічаныя ў статыстыцы.
Слова «баптыст» паходзіць ад грэцкага слова «баптыза» і азначае сабой хрост (літаральна — «пагружэньне»). Баптысты практыкуюць хрост дарослых праз поўнае пагружэньне ў ваду. Ідэя зараджэньня хрысьціянаў-баптыстаў зьвязаная з эвангельскім вучэньнем пра хрост.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.