Бабілёнія
старажытная рабаўладальніцкая дзяржава / From Wikipedia, the free encyclopedia
Бабілёнія — рабаўладальніцкая дзяржава на тэрыторыі сучаснага Ірака, у сярэднім і ніжнім цячэньні рэк Тыгр і Эўфрат. Існавала ў 19—6 ст. да н.э.
Дзяржава была заснаваная пасьля пранікненьня ў Ніжнюю Мэсапатамію сэміцкіх плямёнаў амарэяў, зь якіх паходзіла 1-я дынастыя бабілёнскіх цароў (19—16 ст. да н.э.). Да канца 18 ст. да н.э. (цараваньне Хамурапі) Бабілёнія захапіла ўсё Паўднёвае Двухрэчча і стала адной з самых магутных дзяржаў Пярэдняй Азіі. У 1518 да н.э. Бабілёніяй завалодалі вандроўныя плямёны касытаў, пачаўся пэрыяд палітычнага і культурнага заняпаду. У 15 ст. да н.э. трапіла пад улад эґіпецкіх фараонаў, а з 1300 да н.э. — асырыйскага цара Ніна. Пасьля кароткага адраджэння пры Навухаданосары I (сяр. 12 ст. да н.э.) пачаўся новы пэрыяд палітычнага заслабленьня, дзяржава патрапляе пад улад Асырыі і на працягу многіх стагодзьдзяў была яе правінцыяй. На-пры канцы 2 — пач. 1 тыс. да н.э. у Бабілёнію пранікаюць хальдзейскія плямёны. У 626 да н.э. улад ў Бабілёніі захапіў хальдзейскі военачальнік Набапалясар, які ў саюзе зь Мідыяй разьбіў Асырыю і аб’явіў сябе бабілёнскім царом. Было ўтворанае Нова-Бабілёнскае (Хальдзейскае) царства, якое дасягнула найбольшага росквіту пры Навухаданосары II (1-я пал. 6 ст. да н.э.). Былі пераможаныя Эґіпет і Юдэйскае царства; Бабілён стаў галоўным гандлёвым цэнтрам Пярэдняй Азіі. У 538 да н.э. пры Валтасары Бабілёнія была заваявана Кірам II і стала правінцыяй дзяржавы Ахемэнідаў. Пасьля паходаў Аляксандра Македонскага Бабілёнія прыйшла ў заняпад, а яе сталіца паступова страціла сваё значэньне.