From Wikipedia, the free encyclopedia
Астафей Валовіч (27 лютага 1520[4], Гарадзенскі павет — 20 лістапада 1587) — дзяржаўны дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Пісар вялікі літоўскі (1551—1566), маршалак гаспадарскі (1553—1561) і дворны літоўскі (1561—1569), падскарбі земскі (1561—1566), падканцлер вялікі літоўскі (1566—1579), кашталян троцкі (1569—1579), канцлер вялікі літоўскі і кашталян віленскі (з 1579).
Астафей Валовіч | |
Герб Багорыя | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Нарадзіўся | 1520 |
Памёр | 20 лістапада 1587[1] |
Пахаваны | |
Род | Валовічы |
Бацькі | Багдан Валовіч Таміла з Міцутаў[d][3] |
Жонка | Фядора з Сапегаў |
Дзеці | Рэгіна |
З шляхецкага роду Валовічаў гербу Багорыя, сын Багдана. Меў брата Рыгора.
Атрымаў хатнюю адукацыю, імаверна, навучаўся ў адным зь нямецкіх пратэстанцкіх унівэрсытэтаў. У 1540-я гады служыў сакратаром ваяводы віленскага Яна Глябовіча. Урад маршалка дворнага (1552 год) даў яму права ўвайсьці ў склад Паноў-Рады.
Быў падстаростам берасьцейскім з 1550 году, дзяржаўцам медніцкім у 1552—1561 гадох, старостам магілёўскім у 1554—1556 гадох, азярышчанскім у 1563 годзе, берасьцейскім у 1565—1587 гадох, кобрынскі у 1567—1587 гадох і рэчыцкім з 1576 году[5].
Колькі разоў езьдзіў паслом у Маскву, у тым ліку ў 1553 годзе дзеля складаньня мірнай умовы, калі адмовіўся назваць Івана Тырана «царом усяе Русі». Замірэньне падпісалі 12 верасьня 1553 году, ва ўзнагароду атрымаў ад Жыгімонта Аўгуста Магілёўскае староства.
Браў удзел у Інфлянцкай вайне. Камандаваў харугвай пры вызваленьні Полацку (1579 год), у 1580 годзе з уласным аддзелам вызваліў Усьвяты.
Адзін з арганізатараў падрыхтоўкі Статуту ВКЛ 1566 году. Спрыяў улучэньню ў яго прагрэсіўных нормаў. Зь яго ініцыятывы ў Статуце зьявіўся артыкул, паводле якога «загранічнікам» забаранялася набываць землі і займаць урады ў Вялікім Княстве Літоўскім.
Браў актыўны ўдзел у аграрных рэформах 1550—1560-х гадоў[6], за гэтую службу атрымаў ад Боны Сфорцы Ўсьвяцкае і Азярышчанскае староствы.
Адзін зь лідэраў апазыцыі пры складаньні Люблінскай уніі. Разам зь ваяводам віленскім і канцлерам Мікалаем Радзівілам «Рудым», старостам жамойцкім Янам Хадкевічам, падскарбіем Мікалаем Нарушэвічам, прапанаваў г.зв. «Праект уніі» з 15 артыкулаў, які гарантаваў Вялікаму Княству Літоўскаму адносную незалежнасьць, аднак праект адхілілі. Разам зь іншымі магнатамі — супраціўнікамі аб’яднаньня Вялікага Княства з Каронаю пакінуў Люблінскі сойм, паслаў на Падляшша і Валынь адозвы з заклікам змагацца супраць уніі. За гэта яго пазбавілі каралеўшчынаў на Падляшшы. Аднак пазьней, па прыняцьці уніі, падпісаў яе, у выніку чаго вярнуў канфіскаванае.
Разам зь Янам Геранімам Хадкевічам быў супраціўнікам абраньня вялікім князем Стэфана Баторыя, падтрымліваў Эрнэста Габсбурга, але па абраньні Стэфана Баторыя перайшоў на ягоны бок. У 1587 годзе пратэставаў супраць абраньня Жыгімонта Вазы без удзелу прадстаўнікоў ад ВКЛ.
Паводле веры спачатку быў праваслаўным, але перайшоў у кальвінізм, у канцы жыцьця прыхільна ставіўся да антытрынітарызму. Падтрымліваў Васіля Цяпінскага, Якуба з Калінаўкі, Сымона Буднага. Апошні прысьвяціў яму кнігу «Апраўданьне грэшнага чалавека перад Богам» (Нясьвіж, 1562 год)[7].
На сродкі Астафея Валовіча ў 1559 годзе выйшаў пераклад твору швайцарскага тэоляга-кальвініста Генрыха Булінгера «Пра праўдзівае прыняцьце цела і крыві Ісуса Хрыста».
У тэстамэнце наказаў вызваліць усіх сваіх нявольных і залежных людзей і перадаць іх пад дзяржаўную юрысдыкцыю[8].
У шлюбе зь Фядорай Сапяжанкай меў дачку Рэгіну.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.