былая вёска ў Хойніцкім раёне Гомельскай вобласьці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Араві́чы[1] — былая вёска ў Беларусі, на левым беразе ракі Прыпяці. Былі цэнтрам Аравіцкага сельсавету Хвойніцкага раёну Гомельскай вобласьці. Знаходзіліся за 40 км на паўднёвы захад ад места і чыгуначнай станцыі Хвойнікаў, каля аўтамабільнай дарогі Даўляды — Хвойнікі; на тэрыторыі Палескага дзяржаўнага радыяцыйна-экалягічнага запаведніку.
Аравічы | |
трансьліт. Aravičy | |
Дата заснаваньня: | перад 1526 годам |
Краіна: | Беларусь |
Вобласьць: | Гомельская |
Раён: | Хвойніцкі |
Сельсавет: | Аравіцкі |
Часавы пас: | UTC+3 |
Тэлефонны код: | +375 2346 |
СААТА: | 3254848091 |
Нумарны знак: | 3 |
Геаграфічныя каардынаты: | 51°35′59″ пн. ш. 29°51′34″ у. д. |
± Аравічы |
Ці не ўпершыню паселішча згаданае ў памятным запісе 1526 году ігумена Сьвята-Міхайлаўскага (Залатаверхага) манастыра ў Кіеве Макарыя — «купилъ есми у Марка [папраўдзе: Макара] Орменина Киевского[a] две службе, у-въ Оревицкой волости[b] Лысковщину а Погоны». Названыя Аравічы і ў пацьвярджальнай грамаце манастыру караля Жыгімонта Старога, датаванай 30 сьнежня 1543 году: «Били намъ чоломъ игуменъ Филаретъ зо всими чернцы манастыря святого Михаила Золотоверхого, у Киеве, и поведили передъ нами, ижъ которыи две службе людей, на Припяти, у Воревичохъ[c], на имя Лысковщину и Погонную купилъ игуменъ святого Михаила небожчикъ Макарей...»[3].
Напярэдадні падпісаньня акту Люблінскай уніі ўказам караля Жыгімонта Аўгуста ад 6 чэрвеня 1569 году Кіеўскае ваяводзтва (і Аравічы з прылегласьцямі) было далучана да Кароны Польскай[4].
4 чэрвеня 1570 году каралём Жыгімонтам Аўгустам выдадзена чарговая пацьвярджальная грамата манастыру на Лыскоўшчыну і Пагонную, у якой зноў згаданыя Аравічы, але воласьць названая слушна, хоць і ў скарочаным выглядзе: «…ижъ две службы людей на Припяти у въ Оревичахъ[d]… у волости Сороцкой игуменъ святого Михаила Золотоверхого, небожчикъ Макарей, купилъ…»[5]. Надалей, урэшце, крыніцы паведамілі і пра тое, хто валодаў самымі Аравічамі. У падатковым рэестры Кіеўскай зямлі, складзеным у 1581 годзе каралеўскім слугой і паборцам панам Мацеем Язерскім, Аравічы і яшчэ 15 сёл паказаныя прыналежнымі Кіева-Пячэрскаму манастыру[e] ў асобе яго архімандрыта, япіскапа ўладзімерскага Мялеція Храптовіча[7]. Уласнасьцю Пячэрскага манастыра сяло Аравічы (Orewicze) названа таксама ў вопісе рухомай і нерухомай маёмасьці, калі на пасаду яго архімандрыта ў 1593 годзе заступаў Нікіфар Тур[8].
Ад мяжы сяла Аравічы пачыналіся ўгодзьдзі сяла Краснасельле пана Мікалая Харлінскага[f] і сяла Лыскоўцаў Кіеўскага Сьвята-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра ў асобе яго ігумена Іосіфа Міроўскага, што засьведчана ў дамове ад 20 сьнежня 1603 году[9].
25 сакавіка 1627 году праваслаўны мітрапаліт кіеўскі і галіцкі Іоў Барэцкі асьвяціў антымінс на зьдзяйсьненьне боскай літургіі ў царкве Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы ў сяле Аравічах[g].
Згодна з тарыфам падымнага падатку 1628 года, з 7 дымоў сяла Аравічы архімандрыта Пятра Магілы і капітулы Кіева-Пячэрскага манастыра скарб мусіў атрымаць па 3 злотыя, з 2 агароднікаў па 24 грошы, з адной убогай халупы яшчэ 20 грошаў. 10 траўня 1682 году, кароль Ян Сабескі, зважаючы на страту Кіева ў войнах з Расеяй, дзеля чаго добры Кіева-Пячэрскага манастыра пазбавіліся гаспадароў, падараваў іх адміністратару Кіеўскай мітраполіі япіскапу львоўскаму і галіцкаму Іосіфу Шумлянскаму. Надалей яны пазначаліся, як прыналежныя манастыру, хіба намінальна. У пераліку сёлаў епіскапа, складзеным у ліпені т. г., названыя і Аравічы (Агревичи), але зь неверагодна вялікай колькасьцю двароў — ажно 64[h][11]. У 1683 годзе, калі добрамі Кіеўскай мітраполіі і Пячэрскай архімандрыі кіраваў чашнік падольскі Самуіл Шумлянскі, брат япіскапа, з 8 дымоў у Аравічах Пячэрскага манастыра выплачваліся 2 злотыя[12]. Згаданыя Аравічы ў рэестры рэвізіі 1686 году палескіх вёсак Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыі пры прыняцьці іх ад пана Журакоўскага, войскага галіцкага[13].
16 сакавіка 1706 году епіскап львоўскі і галіцкі Іосіф Шумлянскі за 6 300 злотых перадаў у трохгадовую арэнду братавай удаве Аляксандры Шумлянскай Беласароцкі ключ, у складзе якога і сяло Аравічы. 28 днём лістапада 1714 году датаваны кантракт, падпісаны ў Даўлядах паміж мітрапалітам кіеўскім Львом Кішкам і пісарам земскім мазырскім Тэафілам Лянкевічам-Іпагорскім на трохгадовую арэнду Беласароцкага ключа (у тым ліку сяла Аравічы) за 510 бітых талераў. 2 жніўня 1717 году мітрапаліт Леў Кішка аддаў Беласароцкі ключ з Аравічамі ў арэнду на тры гады харунжаму кіеўскаму Казімеру Стэцкаму за сымбалічныя 170 злотых. 12 сакавіка 1728 году пазначаны запіс у кнізе Оўруцкага гродзкага суда аб уводзе ў валоданьне Беласароцкім ключом наміната і адміністратара Кіеўскай мітраполіі япіскапа Атанаса Шаптыцкага[14].
На 1734 год Аравічы ў складзе Беласароцкага ключа, як і раней, належалі Кіеўскай мітраполіі[15]. Паводле «Апісаньня цэркваў горада Рэчыцы і Рэчыцкага павету, падпарадкаваных Чарнігаўскай духоўнай кансысторыі» 1796 году, Раства-Багародзіцкай царкве ў Аравічах у 1737 годзе выдадзены фундуш мітрапалітам кіеўскім[i][16]. Але ў Генэральнай візыце Брагінскага дэканату, на 1743 год уніяцкая царква ў Аравічах, зь невядомай прычыны, названая іншым тытулам – Сьвятога Мікалая; тагачасны прыход, які ўзначальваў сьвятар Гэліяш (Ільля) Кміта, налічваў 98 двароў, дапушчаных да споведзі plus minus 250 душ[17].
Згодна зь земскай кнігай Кіеўскага ваяводзтва, 23 студзеня 1747 году ў валоданьне маёнткамі Кіеўскай мітраполіі і Кіева-Пячэрскай архімандрыіі, у тым ліку Беласароцкім ключом з Аравічамі, уведзены новы адміністратар архіепіскап Фларыян Грэбніцкі[18]. Паводле зьвестак на 1748 год ксяндза Караля Непамуцэна Арлоўскага, Аравічы былі сярод паселішчаў, частка жыхароў якіх (зь ліку шляхты) належала да Астраглядавіцкай парафіі Оўруцкага дэканату Кіеўскай дыяцэзіі[19]. У 1754 годзе з 27 двароў[j] (×6 — прыкладна 162 жыхары) вёскі Аравічы выплачваліся «do grodu» (Оўруцкага замка) 4 злотыя і 5 з паловай грошаў, «na milicję» (на вайсковыя патрэбы павета і ваяводства) 16 зл. і 22 гр.[20]
У 1777 годзе ў Аравічах на сродкі прыхаджанаў узьведзены новы драўляны будынак царквы Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы[21]. 14-21 кастрычніка 1780 году возны генэрал ваяводзтва Кіеўскага «i innych» Базыль Валынец увёў у валоданьне маёнткамі, у тым ліку Аравічамі ў складзе Беласароцкага ключа, новага кіеўскага мітрапаліта і адміністратара Кіева-Пячэрскай архімандрыі Ясона Смагаржэўскага. У канцы дакумэнту возны, ня ўмеючы пісаць, добрасумленна «znak krzyża świętego położył»[22].
Пасьля другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Аравічы апынуліся ў межах Рэчыцкай акругі Чарнігаўскага намесьніцтва (губэрні), з 1796 году ў складзе ўпарадкаванага Рэчыцкага павету Маларасейскай, а з 29 жніўня 1797 году Менскай губэрні Расейскай імпэрыі[23]. З крыніцы, заснаванай на матэрыялах рэвізіі 1795 году, вядома, што сяло Аравічы было ўласнасьцю Кіеўскай мітраполіі ў асобе яе галавы Тэадосія Растоцкага[24]. У мэтрычнай кнізе 1795 году Раства-Багародзіцкай прыходзкай царквы ў Аравічах маюцца зьвесткі пра нараджэньне і хрост 18 хлопчыкаў і 10 дзяўчынак, 7 шлюбаў, пахаваньне 11 мужчын і 5 жанчын. Сьвятаром на той час быў Антоній Кміта, дзячком Аверкій Кміта[k].
Згодна з энцыкляпэдыяй «Гарады і вёскі Беларусі», у 1834 годзе ў Аравічах налічвалася 53 двары, сяло належала пану Горвату. На 1850 год — 66 двароў. У «Списках населенных мест Минской губернии по уездам, приходам, еврейским обществам со сведениями об их расположении и народонаселении [Дело]: 1857 г.» засьведчана, што 236 жыхароў сяла Аравічы зьяўляліся прыхаджанамі царквы Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы[25].
У парэформавы пэрыяд сяло належала да Дзёрнавіцкай воласьці. У пачатку 1870 года ў Аравічах — 102 мужчынскія душы зь ліку сялян-уласьнікаў, прыпісаных да аднайменнага сельскага таварыства[26]. У сьпісе прыходаў і прычтаў па чатырох благачынных акругах (у межах Рэчыцкага павету) Менскай епархіі на 1876 год у складзе прычту Сьвята-Багародзіцкай прыходзкай царквы названыя настаяцель а. Самуіл Лісоўскі, в. а. штатнага псаломшчыка Капітон Лісоўскі. Да прыходу, акрамя сяла Аравічы, належалі вёскі Краснасельле, Дронькі і Пагоннае[27]. На 1879 год царкоўны прыход налічваў 497 душ мужчынскага і 599 душ жаночага полу верных сялянскага саслоўя[28]. У 1886 годзе ў сяле 39 двароў, 334 жыхары[29].
Паводле перапісу 1897 году, у Аравічах было 87 двароў з 513 жыхарамі, дзейнічалі хлебазапасны магазын, карчма. На 1909 год у паселішчы налічвалася 115 двароў, 774 жыхары[30].
9 лютага 1918 году, яшчэ да падпісаньня Берасьцейскага міру з бальшавіцкай Расеяй (3 сакавіка), Нямеччына перадала паўднёвую частку Беларусі Украінскай Народнай Рэспубліцы. У адказ на гэта, 9 сакавіка Другой Устаўной граматай тэрыторыя абвяшчалася часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. Аравічы ў складзе Рэчыцкага павету, аднак, апынуліся ў часова створанай 15 чэрвеня Палескай губэрні з цэнтрам у Рэчыцы, з кастрычніка — у Мазыры. З 18 траўня тут дзейнічала «варта Украінскай Дзяржавы» гэтмана Паўла Скарападзкага[31].
1 студзеня 1919, згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі, Рэчыцкі павет увайшоў у склад Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусі, але 16 студзеня разам зь іншымі этнічнымі беларускімі тэрыторыямі быў далучаны да РСФСР.
Пасьля другога ўзбуйненьня БССР з 8 сьнежня 1926 году Аравічы — цэнтар сельсавету ў Хвойніцкім раёне Рэчыцкай акругі БССР. З 9 чэрвеня 1927 году ў складзе Гомельскай акругі. 30 сьнежня 1927 году сельсавет узбуйнены праз далучэньне да яго тэрыторый скасаваных Дронькаўскага, Краснасельскага і Паганянскага сельсаветаў. З 26 ліпеня 1930 году, як быў скасаваны падзел на акругі, — у складзе Хвойніцкага раёну БССР. У тым жа годзе арганізаваныя калгасы «Камунар» і «Перамога сацыялізму», працавалі вятрак, кузьня, ваўначоска, пачатковая школа, хата-чытальня, аддзяленьне спажывецкай каапэрацыі. З 20 лютага 1938 году ў складзе Палескай вобласьці з цэнтрам у Мазыры.
Напярэдадні Вялікай Айчыннай вайны ў Аравічах было 237 двароў з 711 жыхарамі. У красавіку-траўні 1943 году ў вёсцы разьмяшчаўся Пуцілаўскі партызанскі атрад і штаб злучэньня С. А. Каўпака. Непадалёку на рацэ Прыпяці была разгромлена нямецкая флатылія. У жніўні 1943 году акупанты спалілі ў Аравічах 79 двароў і загубілі 21 жыхара.[32]. 81 вясковец загінуў на франтах.
З 8 студзеня 1954 году Аравічы — у межах Гомельскай вобласьці. Дзейнічала сярэдняя школа[33]. Паводле перапісу 1959 году, у вёсцы было 923 жыхары. Цэнтар саўгасу «Аравічы».
8 студзеня 1987 году Аравіцкі сельсавет скасаваны, тэрыторыя далучана да Стралічаўскага сельсавета[34]. На момант скасаваньня сельсавет налічваў 7 населеных пунктаў: вёскі Аравічы, Дронькі, Краснасельле, Пагоннае, Хвашчоўка, пасёлкі Гнезьдзенка і Града.
Плян Аравічаў складаецца з дугападобнай вуліцы, з шыротнай арыентацыяй, да яе цэнтру далучаецца кароткая простая вуліца. Забудова двухбаковая, дамы драўляныя, сядзібнага тыпу[35].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.