From Wikipedia, the free encyclopedia
Аксамі́тная рэвалю́цыя (чэск. sametová revoluce, славац. nežná revolúcia) — падзеі, якія адбываліся ў Чэхаславаччыне ў лістападзе-сьнежні 1989 году і прывялі да параўнальна мірнага падзеньня камуністычнага рэжыму ды ўсталяваньня дэмакратыі.
Пачаткам сталася дэманстрацыя студэнтаў у Браціславе (Славаччына) 16 лістапада 1989 году, а потым, на наступны дзень, дэманстрацыя пратэсту студэнтаў у Празе (Чэхія). Дэманстрацыя ў Браціславе прайшла мірна, а ў Празе паліцыя жорстка разагнала студэнтаў, якія са сьвечкамі і вянкамі выйшлі ўспомніць пра сваіх папярэднікаў, і ў прыватнасьці студэнта Яна Оплэтала, які быў у 1939 годзе пакараны нацыстамі.
На наступны дзень праскія тэатры абвясьцілі, што здымаюць усе спэктаклі й аддаюць свае сцэны для публічных дыскусіяў. Прадстаўнікі чэскай апазыцыі, царквы, студэнцтва, сабраўшыся ў адным з тэатраў, абвясьцілі пра стварэньне Грамадзянскага форуму і запатрабавалі зьменаў ва ўладзе, свабоды слова і сходаў, вызваленьня палітычных вязьняў.
20 лістапада ідэі й патрабаваньні Форуму ўжо прагучалі на масавай дэманстрацыі на Вацлаўскай плошчы, дзе сабралася 150 тысячаў чалавек.
Камуністычная партыя Чэхаславаччыны тэрмінова зьмяніла сваіх кіраўнікоў Мілаша Якеша — на Карла Ўрбанка. Улады пайшлі на дыялёг з прадстаўнікамі Форуму, а прэзыдэнт Густаў Гусак даў загад вызваліць вядомых палітвязьняў.
Дзьве дэманстрацыі студэнтаў атрымалі нечакана вялікі рэзананс. Студэнты спантанна вынесьлі на вуліцы тыя патрабаваньні дэмакратычных свабодаў, якія даўно высьпелі ў грамадзтве, на якія дзесяцігодзьдзямі перад тым працавалі шматлікія грамадзянскія ініцыятывы, такія як «Хартыя-77» і яе пазьнейшая спадкаемца — ініцыятыва «Некалькі сказаў».
27 лістапада прыйшла чарга наступнага ўсеагульнага чыну — 2-гадзіннай агульнай забастоўкі. Празь дзень надзвычайны сход Фэдэральнага парлямэнту Чэхаславаччыны выканаў яшчэ адно народнае патрабаваньне — з Канстытуцыі былі прыбраныя артыкулы пра кіруючую ролю камуністычнай партыі й марксізм-ленінізм як дзяржаўную ідэалёгію.
Крызіс самой камуністычнай партыі быў настолькі глыбокі, што ўлада фактычна выпала зь яе рук. Дысыдэнты, якія першапачаткова разьлічвалі на дыялёг з уладай і зьмякчэньне палітычнага рэжыму, фактычна атрымалі саму ўладу.
29 сьнежня 1989 году дэпутаты Фэдэральнага сходу Чэхаславаччыны абралі дысыдэнта, аднаго з заснавальнікаў Грамадзянскага форуму Вацлава Гавэла новым прэзыдэнтам. Гэты дзень лічыцца днём перамогі «аксамітнай рэвалюцыі», але чэхі традыцыйна адзначаюць угодкі «аксамітнай рэвалюцыі» 17 лістапада — дзень, калі адбылася першая дэманстрацыя ў Празе.
Падзеі напрыканцы 2003 году ў Грузіі, калі ў выніку пратэстаў быў вымушаны пайсьці ў адстаўку Эдуард Шэварднадзэ, таксама многімі былі названы «аксамітнай рэвалюцыяй» (рэвалюцыя ружаў). 4 студзеня 2004 году новым прэзыдэнтам Грузіі стаў празаходні лідэр апазыцыі Міхаіл Саакашвілі.
У выніку выбараў ў лістападзе-сьнежні 2004 году ва Ўкраіне да ўлады прыйшоў Віктар Юшчанка. Гэтыя выбары і падзеі вакол іх таксама лічацца «аксамітнай рэвалюцыяй» (Аранжавая рэвалюцыя).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.