астраўная краіна ў Паўночнай Амерыцы From Wikipedia, the free encyclopedia
Куба (ісп.: Cuba) — астраўная дзяржава ў паўночнай частцы Карыбскага мора. З 1959 года Кубу нярэдка называюць «Востравам Свабоды»
| |||||
Дэвіз: «Patria o Muerte» | |||||
Гімн: «La Bayamesa» | |||||
Дата незалежнасці | 20 мая 1902 (ад ЗША) | ||||
Афіцыйная мова | Іспанская | ||||
Сталіца | Гавана | ||||
Найбуйнейшыя гарады | Гавана, Сант’яга-дэ-Куба | ||||
Форма кіравання | Сацыялістычная рэспубліка | ||||
Старшыня Дзяржаўнага Савета | Мігель Дыяс-Канэль | ||||
Плошча • Усяго | 105-я ў свеце 109.884 км² | ||||
Насельніцтва • Ацэнка (2017) • Перапіс (2015) • Шчыльнасць | 11.147.407[1] чал. 11.239.224[2] чал. 102,3 чал./км² (106-я) | ||||
ВУП (ППЗ) • Разам (2016) • На душу насельніцтва |
$132,9 млрд[1] (80-ы) $11,900 (131-ы) | ||||
ВУП (намінал) • Разам (2010) • На душу насельніцтва |
$57,49 млрд (68-ы) $5.100 (90-ы) | ||||
ІРЧП (2015) | 0,775 (88-ы) | ||||
Этнахаронім | Кубінцы | ||||
Валюта | Кубінскае песа ($, CUP) Кубінскі канвертоўны песа ($, CUC) | ||||
Інтэрнэт-дамен | .cu | ||||
Код ISO (Alpha-2) | CU | ||||
Код ISO (Alpha-3) | CUB | ||||
Код МАК | CUB | ||||
Тэлефонны код | +53 | ||||
Часавыя паясы | -5 |
Тэрыторыя краіны — 110,86 тыс. км². Сталіца — Гавана (2,2 млн чал.). Адміністрацыйна-тэрытарыяльнае дзяленне — 14 правінцый і 169 муніцыпій, адна з якіх — Хувентуд — цэнтральнага падначалення. Насельніцтва — 11,15 млн чал. (2017); гарадское — 77 %; 64 % — белыя, 26 % — мулаты, 9 % — негры. Афіцыйная мова — іспанская. Рэлігія — каталіцызм, пратэстанцтва, афра-кубінскія культы.
Адна з нешматлікіх краін свету, дзе дагэтуль пануюць марксіцка-ленінская ідэалогія, планавая эканоміка, а кіруючая роля камуністычнай партыі прапісана ў канстытуцыі.
У сусветнай гаспадарцы Куба вылучаецца экспартам тытуню, цукру, нікелю і кобальту; кваліфікаванай працоўнай сілы (пераважна ўрачоў)
Куба — член ААН, Руху недалучэння (у 2006—2009 Куба — старшыня Руху недалучэння), Асацыяцыі карыбскіх дзяржаў, Лацінаамерыканскай эканамічнай сістэмы, Лацінаамерыканскай асацыяцыі інтэграцыі, з’яўляецца назіральнікам у Карыбскай супольнасці, удзельнічае ў Ібераамерыканскім форуме.
Назва «Куба», верагодней за ўсё, паходзіць з мёртвых моваў індзейцаў таіна. Дакладны сэнс назвы невядомы, ёсць пункт гледжання, што яна можа быць вытворнай ад слоў cubao, «месца, дзе ўрадлівая зямля багатая»[3], альбо coabana, «цудоўнае месца». Таксама ёсць гіпотэза, што Хрыстафор Калумб назваў востраў у гонар паселішча Куба ў раёне Бежа ў Партугаліі.
Займае востраў Куба, найбуйнейшы ў складзе Вялікіх Антыльскіх астравоў, і буйны востраў Хувентуд (2200 кв.км) на поўдзень, а таксама каля 1600 дробных выспаў і каралавых рыфаў, што прымыкаюць да іх. На паўночным захадзе абмываецца Атлантычным акіянам, на паўночным усходзе — Мексіканскім залівам, а на поўдні — Карыбскім морам. Ад Гаіці аддзеленая Наветраным пралівам шырынёю 77 км, ад Ямайкі — пралівам Калон (140 км); ад Паўночнай Амерыкі — двума пралівамі: Фларыдскім (180 км) на поўначы і Юкатанскім (210 км) на паўднёвым захадзе. Самая вялікая дзяржава Вест-Індыі. Востраў, які працягнуўся з захаду на ўсход на 1250 км, нярэдка параўноўваюць з яшчаркаю, галава якой павернута да Атлантыкі, а хвост знаходзіцца ля ўвахода ў Мексіканскі заліў.
Рэльеф Кубы пераважна раўнінны. Горы і ўзвышшы займаюць каля траціны тэрыторыі. Рэльеф паўднёва-ўсходняй часткі вострава Куба, сфармаваны ўзаемадзеяннем Карыбскай і Паўночна-Амерыканскай літасферных пліт, мае гарысты характар — горы Сіера-Маэстра працягласцю 250 км з вышэйшай кропкай краіны пікам Туркіна (1974 м.). З поўдня горы Сіера-Маэстра «падкрэслены» глыбакаводным жолабам Кайман. На Кубе паўсюдна развіты карст. Размешчаныя на захадзе вострава маляўнічыя невысокія горы Гуанігуаніка мудрагеліста расчлененыя. Тут маецца мноства карстовых пячор, буйнейшая з іх, Санта-Томас, мае разгалінаваную сетку падземных галерэй агульнай працягласцю 25 км. У даліне Віньялес, сустракаюцца так званыя «маготас» — формы трапічнага карсту, якія ўяўляюць сабой узвышшы з амаль вертыкальнымі схіламі і плоскімі вяршынямі. Берагі, як правіла, нізкія, часам забалочаныя, але ёсць і доўгія пясчаныя пляжы.
На ўсходзе значныя паклады нікеля, па запасах якога Куба займае трэцяе месца ў свеце (пасля Новай Каледоніі і Аўстраліі, 2007)[4]. Маюцца вялікія запасы кобальту (чацвёртае месца ў свеце [5]). Таксама востраў Куба валодае запасамі медзі, марганцу, кааліну, на востраве Хувентуд ёсць храміты). На шэльфе маюцца запасы нафты (сціплыя, 124 млн барэляў на 2017) і прыроднага газу (значныя, 70 млрд м³ на 2017)[1].
Клімат — трапічны пасатны, якая фарміруецца ў тым ліку і цячэннем Гальфстрым, што зараджаецца на поўнач ад Кубы. Сярэднегадавая тэмпература складае +25,5 °C. Тэмпературы самога цёплага і халоднага месяца адрозніваюцца ўсяго на 5 °C. Летні гадавы максімум ападкаў (май — верасень). Сярэдняя колькасць ападкаў складае 1400 мм[4]. На наветраных схілах гор — да 3400 мм. Асаблівасцю клімату Кубы з’яўляецца тыповая высокая вільготнасць на працягу ўсяго года. У ліпені-лістападзе нярэдкімі гасцямі становяцца ўраганы (у нашым стагоддзі найбольшыя страты прынесла Ірма, верасень 2017).
Рэкі на Кубе кароткія, нешматводныя. Найбуйнейшая рака — Каута на ўсходзе даўжынёй 370 км. Азёры пераважна лагунага тыпу, саланаватыя.
Звыш 50 % прадстаўнікоў флоры Кубы з’яўляюцца эндэмікамі. Раўніны займаюць саваны з хвоямі і каралеўскай пальмай, якая адлютравана на гербе краіны. Лясы, што пакрываюць каля 14 % тэрыторыі, захаваліся толькі ў горных і забалочаных (мангравыя лясы) раёнах. На наветраных схілах гор — трапічныя лясы (махагоні, дальбергія, кампешавае дрэва). Зрэшты, у апошнія гады, дзякуючы лесанасаджэнням, лясістасць узрасла. Жывёльны свет Кубы адносна бедны, млекакормячыя предстаўлены амаль вынішчанымі кубінскім щыліназубам і грызунамі хуціі, ёсць 23 віды кажаноў, мноства птушак (драздовыя, салаўі, калібры, ара). Сустракаюцца тэрміты і жаба-бык. У гарах Сіера-Маэстра знаходзіцца нацыянальны парк Аляксандра Гумбальта, занесены, як і даліна Віньялес, у спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА
У даеўрапейскі час Вялікія Антыльскія астравы засялялі плямёны індзейцаў таіна. Першым з еўрапейцаў, што апынуліся тут, быў Калумб, які высадзіўся на ўсходзе архіпелага ў кастрычніку 1492 года. Насельніцтва Кубы ў XV стагоддзі складала каля 1 800 000 чалавек. Каланізацыя праходзіла ва ўмовах барацьбы з карэнным насельніцтвам вострава — індзейцамі таіна, якія складалі 75 % насельніцтва. Калумб дакладваў аб мільённым забітым індзейцы. У 1511 годзе Дыега Веласкес дэ Куэльяр падпарадкаваў карэннае насельніцтва астравоў, пабудаваў форт Баракоа і стаў першым іспанскім губернатарам Кубы. Да 1514 года было заснавана сем паселішчаў. У 1515 годзе Куэльяр перанёс штаб-кватэру ў Сант’яга-дэ-Куба, які стаў першай сталіцай Кубы. У складзе Іспанскай кароны Куба лічылася цукерняй з-за неабсяжных плантацый цукровага трыснягу, на якіх працавалі негры-рабы.
У 1823 годзе было задушана першае антыіспанскае паўстанне. У 1868 годзе пачалася Дзесяцігадовая вайна за незалежнасць Кубы; паўстанцы мелі падтрымку з боку ЗША. Вайна вялася толькі ва ўсходніх правінцыях, Камагуэй і Ар’ентэ. У 1878 годзе было падпісана мірнае пагадненне, якое адмяніла найбольш непрыемныя для жыхароў вострава заканадаўчыя акты. У 1895 годзе на Кубе высадзіўся атрад кубінскіх патрыётаў пад кіраўніцтвам Хасэ Марці. Гэта падзея стала адпраўной кропкай новай вайны з іспанцамі, падчас якой кубінцы дамагліся кантролю амаль над усёй тэрыторыяй вострава, выключаючы буйныя гарады. Іспанія прызнае незалежнасць Кубы ў 1898 годзе пасля паразы ў вайне з ЗША. Куба становіцца залежнай ад ЗША. У канстытуцыі было агаворана права ЗША ўвесці войскі на тэрыторыю краіны. Гэты пункт быў адменены ў 1934 годзе.
У 1933 годзе ў выніку перавароту, арганізаванага рэвалюцыянерамі на чале з сяржантам Фульхенсіа Батыста-і-Сальдзівар, быў зрынуты дыктатар Херарда Мачада-і-Маралес і ўсталяваны дэмакратычны рэжым. 10 сакавіка 1952 года Фульхенсіа Батыста ажыццявіў дзяржаўны пераварот і ўсталяваў асабістую дыктатуру. 26 ліпеня 1953 года група новых рэвалюцыянераў на чале з Фідэлем Кастра паспрабавала захапіць казармы Манкада. Спроба аказалася няўдалай, і ўдзельнікі штурму патрапілі ў турмы, але штурм стаў адпраўной кропкай Кубінскай рэвалюцыі. Гэтыя падзеі пацягнулі за сабою палітычныя рэпрэсіі. У 1955 годзе рэвалюцыянеры былі амніставаныя. 2 снежня 1956 года група рэвалюцыянераў на чале з Фідэлем Кастра высадзілася з яхты «Гранма» на ўсходзе вострава і пачала партызанскія ваенныя дзеянні супраць урада Батысты. 1 студзеня 1959 года дыктатар Батыста ўцёк з Кубы. У той момант паўстанцкія сілы занялі горад Санта-Клара ў цэнтры вострава і кантралявалі вялікія ўчасткі мясцовасці на ўсходзе, хоць сталіцы непасрэдная небяспека не пагражала і ў распараджэнні Батысты заставаліся значныя вайсковыя сілы. 8 студзеня калона паўстанцаў трыумфальна ўступіла ў Гавану.
У выніку перамогі рэвалюцыі ўладу на Кубе атрымаў урад «левай» арыентацыі на чале з Фідэлем Кастра, які затым схіліўся на шлях будаўніцтва сацыялізму. Кіруючай і адзінай дазволенай партыяй краіны стала Камуністычная партыя Кубы. Урад Фідэля Кастра правёў аграрную рэформу, нацыяналізацыю прамысловых актываў, разгарнуў шырокія сацыяльныя пераўтварэнні. Гэта выклікала незадаволенасць часткі насельніцтва і адбылася масавая эміграцыя, галоўным чынам у ЗША, дзе стварылася буйная дыяспара апанентаў Кастра і яго палітыкі. Эміграцыі таксама спрыяў прыняты ў 1966 годзе Кангрэсам ЗША «Кубінскі Акт», які гарантуе пастаяннае жыхарства любому кубінцаў, які прыбыў у ЗША легальна ці нелегальна.
Адразу ж з рэвалюцыяй 1959 года пачаліся палітычныя рэпрэсіі, у першую чаргу скіраваныя супраць дзеячаў зрынутага рэжыму дыктатара Батысты і агентаў ЦРУ. У красавіку 1961 года кубінскія эмігранты пры актыўнай падтрымцы ЗША высадзілі ўзброены дэсант на паўднёвым узбярэжжы вострава з мэтай у перспектыве арганізаваць масавае выступленне супраць палітыкі новага ўрада, аднак інтэрвенцыя была хутка спынена, а чаканы сацыяльны выбух так і не адбыўся. Пасля эмігранцкія арганізацыі неаднаразова арганізоўвалі тэрарыстычныя акты і маламаштабныя дэсанты на Кубу, але без асаблівых вынікаў. У 1962 годзе Куба была цэнтральным месцам падзей Карыбскага крызісу, што лезь не прывялі свет да ядзернай вайны. З пачатку 1960-х гадоў па пачатак 1990-х Куба была саюзнікам СССР, які аказваў ёй значную фінансавую, эканамічную і палітычную падтрымку; дзейна падтрымлівала марксісцкіх паўстанцаў і марксісцкія ўрады Лацінскай Амерыкі (Пуэрта-Рыка, Гватэмалы, Сальвадора, Нікарагуа, Панамы, Балівіі, Перу, Бразіліі, Аргенціны, Чылі), Афрыкі (Эфіопія, Ангола) і Азіі, а таксама праводзіла палітыку аказання дапамогі гуманітарнага профілю розным краінам свету. У канцы 1980-х за мяжой у рамках ваенных і гуманітарных місій знаходзілася больш за 70 тыс. кубінцаў. Кастра адмоўна паставіўся да палітыкі Перабудовы ў СССР і нават забараніў распаўсюд на Кубе шэрагу савецкіх выданняў («Маскоўскія навіны», «Новы час» і інш.) і ў той жа час падтрымаў галоўнага апанента Гарбачова — Ельцына. Паводле ўспамінаў Ельцына, Кастра выказваў яму сімпатыю і ў гады апалы, і пазней, пасля яго прыходу да ўлады, нягледзячы на відавочны антысацыялістычны характар рэформаў у Расіі. Пасля распаду СССР эканамічнае становішча Кубы істотна пагоршылася (у 1990—1993 гады ВУП зменшыўся на 33 %[6]), і аналітыкі прадказвалі хуткае падзенне ўрада Кастра, аднак да 1994 году сітуацыя ў асноўным стабілізавалася.
19 лютага 2008 года праз газету «Гранма» Фідэль Кастра абвясціў пра сыход у адстаўку з пасады прэзідэнта Дзяржсавета і галоўнакамандуючага кубінскімі войскамі. «Маім дарагім суграмадзянам, якія аказалі мне каласальны гонар абраць мяне членам Парламента, у якім будуць прыняты важнейшыя для лёсу рэвалюцыі рашэнні, я паведамляю, што не намерваюся і не дам сваёй згоды на тое, каб заняць пасаду старшыні Дзяржсавета і Галоўнакамандуючага», — гаворыцца ў звароце[7]. 5 лістапада 2016 года ў 22:29 па кубінскім часе пасля працяглай хваробы Фідэль Кастра сканаў.
Прэзідэнтам Дзяржсавета стаў Рауль Кастра, які паабяцаў сысці на пенсію ў 2018 годзе[8]. 24 лютага 2019 года грамадзяне Кубы на рэферэндуме прагаласавалі за зацвярджэнне новай канстытуцыі.
Дзеючая Канстытуцыя была ўхваленая ўсенародным рэферэндумам 15 лютага 1976 года. У чэрвені 2002 года ў тэкст Канстытуцыі быў унесены шэраг паправак, якія замацавалі сацыялістычны выбар развіцця краіны і кіруючую ролю Кампартыі.
Вышэйшы орган дзяржаўнай улады — Нацыянальная Асамблея, якая складаецца з 609 дэпутатаў, абіраных на 5 гадоў. З ліку яе дэпутатаў фармуецца Дзяржаўны Савет (31 дэп.) — пастаянна дзеючы орган, які прадстаўляе Асамблею ў перапынку паміж сесіямі (праводзяцца два разы на год). Дзяржаўны Савет падсправаздачны Нацыянальнай Асамблеі. Нацыянальная Асамблея прызначае членаў Савета Міністраў — вышэйшага выканаўчага і адміністрацыйнага органа.
Стратэгічнай мэтай Гаваны застаецца нейтралізацыя лініі Вашынгтона на міжнародную ізаляцыю Кубы, пераадоленне эканамічнага эмбарга з боку ЗША і інтэграцыя ў сусветную гаспадарку праз развіццё супрацоўніцтва «па ўсіх азімутах»
Дыпламатычныя адносіны ўрады Кубы і Беларусі ўсталявалі 16 красавіка 1992 года. У 2000 годзе на Кубу прыязджаў Аляксандр Лукашэнка[9].
Дыпламатычныя адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Кубай былі ўсталяваны ў красавіку 1992 года. Спачатку на Кубе было адкрыта гандлёвае прадстаўніцтва Рэспублікі Беларусь, якое ў маі 1997 года было пераўтворана на пасольства. Адкрытае ў лістападзе 1998 года пасольства стала першым дыпламатычным прадстаўніцтвам Рэспублікі Беларусь у Лацінскай Амерыцы.
Прэзідэнт Беларусі наведваў Кубу тройчы: у 2000, 2006 і 2012 гадах[10].
Куба падзяляецца на 14 правінцый, якія ў сваю чаргу падзяляюцца на 169 муніцыпальных раёнаў, і адзін спецыяльны муніцыпальны раён.
Самая вялікая па колькасці насельніцтва краіна Вест-Індыі. Адзіная лацінаамерыканская краіна з адмоўнай дынамікай насельніцтва. На Кубе самы нізкі паказчык нараджальнасці сярод усіх дзяржаў Заходняга паўшар’я. Натуральны прырост — 0,2 %, міграцыйны — — 0,5 %[1]. Сярэдняя працягласць жыцця — 76 гадоў. Тэндэнцыя да зніжэння нараджальнасці і старэння насельніцтва азначылася тут яшчэ ў 1970-х. Сёння (у 2017 г.) сярэднестатыстычнаму кубінцу 41,5 гады, а асобы маладзей за 15 гадоў складаюць толькі 16,8 % насельніцтва[1]. Тэндэнцыя да старэння насельніцтва бачная таксама на прыкладзе кіраўніцтва краіны: сярэдні ўзрост членаў кубінскага Палітбюро — больш за 70 гадоў[11].
Абсалютнуя большасць насельніцтва Кубы складаюць белыя нашчадкі іспанскіх каланістаў, а таксама перасяленцаў з Францыі, Італіі, Германіі (64 %). За 350 гадоў каланізацыі іспанцамі было ўвезена больш за 1 мільён рабоў з заходняй Афрыкі (народы ёруба, конга), іх нашчадкі складаюць 35 % насельніцтва (9 % — негры, 26 % — мулаты)[1]. У перыяд з 1853 па 1874 год з Азіі былі ўвезены больш за 125 000 кітайцаў. Да гэтага часу ў Гаване захаваўся «чайна-таўн». Расавыя прапорцыі на працягу апошняга стагоддзя істотна змяніліся. Доля белых, якая ў 1953 дасягала 84 %, скарацілася ў выніку эміграцыі, выкліканай Кубінскай рэвалюцыяй. Больш за тое, лічыцца, што кубінская статыстыка завышае працэнт белага насельніцтва і на самай справе на Кубе пераважаюць негры і мулаты (51 % ці нават 68 %). Дзяржаўная мова — іспанская, яна ж з’яўляецца асноўным гутарковай мовай. Пасля перамогі рэвалюцыі больш за 30 гадоў на Кубе насаджаўся атэізм, аднак у 1980-х гадах рэлігійнасць грамадства стала расці, а ў 1992 з канстытуцыі Кубы было прынята вызначэнне краіны як атэістычнай. Сёння 60 % насельніцтва складаюць хрысціяне (большасць — каталікі, 5 % — пратэстанты). Каля 17 % (у асноўным, афракубінцы) прытрымліваюцца народных вераванняў. Вельмі папулярны культ сантарыя, зрэшты, сантарысты наведваюць і каталіцкія храмы, лёгка спалучаючы дзве веры.
Найбольш заселеныя і асвоеныя ўзгорыстыя раўніны вострава, найменшая шчыльнасць у гарах захаду і ўсходу. Урбанізацыя — 77 % (2017). У сталічнай агламерацыі Сант’яга пражывае 2,14 мільёны чалавек (2015). Іншымі важнымі гарадамі з’яўляюцца Сант’яга-дэ-Куба (555 тыс.), Камагуэй (347 тыс.)[12].
Кубінскае дзяржава сцвярджае, што прытрымліваецца сацыялістычных прынцыпаў у арганізацыі планавай эканомікі. Большая частка сродкаў вытворчасці належыць дзяржаве, і большасць працоўнай сілы занята на дзяржаўных прадпрыемствах. Аднак расце доля прыватнага сектара (у 1981—2006 яна вырасла з 8 да 22 %)[13]. У апошнія гады назіраецца тэндэнцыя да павелічэння занятасці ў прыватным сектары. У канцы мая 2016 года быў цалкам легалізаваны прыватны малы і сярэдні бізнес[14].
Да перамогі Кубінскай рэвалюцыі Куба была адной з найбольш паспяховых эканомік Лацінскай Амерыкі, хаця асноўная маса простых кубінцаў жыла ў поўнай галечы. Сацыялістычны шлях з далейшым крушэннем савецкага лагеру прывёў Востраў Свабоды на край эканамічнай прорвы. У краіне працягвае часткова дзейнічаць размеркавальна-карткавая сістэма па забеспячэнні насельніцтва прадметамі першай неабходнасці. Эканамічная сітуацыя пастаянна ўскладненая праз эмбарга з боку ЗША. Тым не менш, у пачатку нашага стагоддзя азначыліся прыкметы некаторага паляпшэння эканамічнай сітуацыі на востраве. Стан эканомікі Кубы звязаны з дынамікай сусветных цэнаў на асноўныя тавары кубінскага экспарту і прыбыткаў ад турызму. Дадатную дынаміка эканоміка дэманстравала ў 2015, калі рост ВУП склаў 4,4 % (2014 — 1 %). У 2016 годзе ў эканоміцы Кубы назіралася рэцэсія (падзенне ВУП на 0,9 %)[1]. Застаюцца вострымі праблемы беспрацоўя (афіцыйнае — 2,6 %, схаванае — каля 10 % эканамічна актыўнага насельніцтва). У 2008 годзе ўрад Рауля Кастра распачаў аграрную рэформу (да таго моманту чатыры пятых харчавання куплялася за мяжой). Кубу актыўна падтрымлівае Венесуэла, пастаўляючы Востраву Свабоды каля 15 000 тон нафты ў дзень. Узамен кубінскія спецыялісты (у асноўным лекары) працуюць у Венесуэле. Рэцэсія 2016 года і наступнае падзенне эканомікі выклікана ў першую чаргу перабоямі паставак нафты з Венесуэлы.
Развітая здабыўная прамысловасць. Здабыча нікеля пачалася ў 1943 годзе і істотна павялічылася ў перыяд пасля рэвалюцыі 1959 года, калі пры садзейнічанні СССР было мадэрнізавана шахтавае абсталяванне і пабудаваны горна-абагачальны камбінат. Сёння ў нікелевую прамысловасць вялікія грошы інвестуе Кітай — яшчэ адзін ідэалагічны сябра Кубы. Таксама Куба займае трэцяе месца па здабычы кобальту. З 1984 года на шэльфе вядзецца здабыча нафты. З галін апрацоўчай прамысловасці развіты каляровая металургія, харчовая, фармацэўтычная. Вырошчваюцца цукровы трыснёг (гісторыя гэтай культуры сягае ў каланіяльны час), тытунь, кава, цытрусы, бульба, фасоля, рыс. У саванах гадуецца буйная рагатая жывёла. Экспартуецца цукар, цыгары, нікель, медыкаменты (у суме больш за 60 % экспарту). Асноўныя гандлёвыя партнёры — Венесуэла, Канада, Кітай, Іспанія, Нідэрланды.
Нацыянальныя святы: 1 студзеня — Дзень вызвалення (1959); 1 мая — Міжнародны дзень працоўных; 26 ліпеня — Дзень нацыянальнага паўстання (1953); 10 кастрычніка — Дзень пачатку барацьбы за незалежнасць Кубы ад Іспаніі (1868); 25 снежня — Каляды (святкаванне адноўлена з 1997).
Пасля перамогі кубінскай рэвалюцыі, урадам Ф. Кастра было прынята рашэнне аб нацыяналізацыі радыёвяшчання, тэлефоннай і радыёсувязі. У далейшым, развіццё тэлекамунікацый апынулася абцяжарана ў сувязі з гандлёва-эканамічнай блакадай, усталяванай ЗША. Тым не менш, у 1960—1980 гады мела месца развіццё сістэм сувязі з боку СССР і сацыялістычных дзяржаў. У перыяд пасля 1991 года сітуацыя ўскладнілася, але ўжо ў 1992 годзе Куба падключылася да камп’ютарнай сеткі Usenet[15]. У 2003 годзе на востраве працавала 2 інтэрнэт-правайдэра. Нацыянальны дамен .cu. У чэрвені 2009 года Венесуэла вылучыла 70 млн долараў на пракладку па дне Карыбскага мора паміж Венесуэлай і пунктам Сібаней у Сант’яга-дэ-Куба оптавалакновага кабеля ALBA-1. У лютым 2011 года пракладка кабеля агульнай працягласцю каля 1,6 тыс. км была завершана[16]. Кабель, эксплуатацыя якога прадугледжана на працягу 25 гадоў, мае выхад 640 гігабіт — у 3 тысячы разоў больш, чым існуючая на Кубе спадарожнікавая інтэрнэт-сувязь[17]. 3 чэрвеня 2013 года ў краіне адкрыліся 118 інтэрнэт-кафэ[18]. На Кубе маецца адзіны аператар мабільнай сувязі — дзяржаўная кампанія ETECSA пад гандлёвай маркай Cubacel. Першапачаткова, мабільныя тэлефоны маглі мець толькі замежнікі, работнікі замежных фірмаў або кубінцы, якія займаюць ключавыя пасады ў дзяржаўным апараце. Пры гэтым, простыя кубінцы, якія жадаюць абзавесціся мабільным тэлефонам, абыходзілі забарону, афармляючы тэлефоны на імя замежных грамадзян[19]. 14 красавіка 2008 года кубінскім грамадзянам было дазволена свабоднае набыццё мабільных тэлефонаў, што стала прычынай масавага распаўсюджвання мабільнай сувязі. На Кубе дзейнічае стандарт GSM 900, а ў некаторых раёнах Гаваны і курортным Варадэра — GSM 850[20].
Куба мае чатыры агульнанацыянальныя тэлеканалы — «Кубавісьён», «Тэле — Ребельдэ», «Эдукатыва», «Эдукатыва II», а таксама кабельным каналам «Кубавісьён інтэрнасіёналь». Маюцца 6 агульнанацыянальных, 56 правінцыйных і муніцыпальных радыёстанцый, вядзецца радыёвяшчанне на краіны Лацінскай Амерыкі. Выходзяць 3 цэнтральныя газеты — штодзённыя «Гранма» (орган Кампартыі) і «Хувентуд рэбельдэ» (газета Саюза маладых камуністаў) і штотыднёвая «Трабахадорэс» (орган Прафцэнтра працоўных), маецца шэраг іншых штотыднёвікаў.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.