Гусарыя
элітная кавалерыя ў Рэчы Паспалітай / From Wikipedia, the free encyclopedia
Гуса́рыя[1] альбо крыла́тыя гуса́ры (польск.: husaria) — элітная кавалерыя Рэчы Паспалітай, якая дзейнічала на палях баёў з пачатку XVI да сярэдзіны XVIII стагоддзя[2], спецыялізавалася на «праломліванні» баявых парадкаў варожай конніцы або пяхоты канцэнтраваным дзідавым кавалерыйскім ударам[3][4]. Гусарыя была ўтворана на рубяжы XV-XVI стагоддзяў[5] і ўяўляла з сябе атрады цяжкай кавалерыі са спецыфічнай тактыкай, узбраеннем, камплектаваннем і мела лёгка пазнавальныя адметныя атрыбуты — крылы (мацаваліся рознымі спосабамі за спінай вершніка), вельмі доўгія пікі з прапарцамі і звярыныя шкуры. Крылатыя гусары на многія дзесяцігоддзі былі асноўнай ударнай сілай войска Рэчы Паспалітай, у адрозненне ад звычайных гусараў, якія былі лёгкай кавалерыяй і дапаможнымі падраздзяленнямі.
Гусарыя | |
---|---|
Гады існавання | XVI—XVIII стагоддзі |
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае, Польскае каралеўства, Рэч Паспалітая |
Тып | Цяжкая кавалерыя |
Функцыя | Асноўная частка войска Рэчы Паспалітай |
Частка | Гуфы (2—4 харугвы да 400 коней), харугвы (100—200 коней) |
Мянушка | Крылатая кавалерыя, крылатыя гусары |
Колеры | Чырвоныя кунтушы, белыя крылы |
Рыштунак | Доўгія пікі, канчары |
Удзел у | Бітва пад Оршай, пад Кокенгаўзенам, пад Белым Каменем, пад Кірхгольмам, пад Хацінам, пад Венай і інш. |
Гусарыя была падраздзяленнем народнага аўтарамента — наёмнага войска Рэчы Паспалітай. Найбольш шматлікаю і баяздольнаю часткай войска Рэчы Паспалітай была кавалерыя, у якой гусары складалі значную частку[6]. Астатнія роды войск адыгрывалі ў войску Рэчы Паспалітай дапаможную ролю: ўзаемадзеянне пяхоты і артылерыі з кавалерыяй было наладжана дрэнна, таму кавалерыя і самая яе баяздольная частка гусарыя з'яўляліся асноўнай ваеннай сілай тагачаснага войска. Доўгі час крылатыя гусары не мелі сабе роўных у Еўропе, іх атакі не раз здабывалі перамогу Каралеўству Польскаму і Вялікаму Княству Літоўскаму[7].