Графіка (мастацтва)
від выяўленчага мастацтва / From Wikipedia, the free encyclopedia
Графіка (грэч. γραφικος — пісьмовы, ад грэч. γραφω — пішу, малюю) — від выяўленчага мастацтва, нанясенне выявы на плоскасць. Графічныя творы звычайна робяць на паперы; у параўнанні з жывапіснымі яны звычайна меншага, невялікага фармату. На мяжы графікі і жывапісу — акварэль, гуаш, пастэль. Асноўныя сродкі выражэння — контурная лінія, штрых, пляма, белы, чорны або каляровы фон аркуша. У графіцы, у прыватнасці ў гравюрах, могуць ужываць вялікую колькасць колераў (пры стварэнні гравюр часам ужываюць больш за дзясятак друкарскіх форм, кожная з якіх дадае свой колер).
Сярод жанраў графікі найбольш распаўсюджаны пейзаж і партрэт. Для графікі ўласціва лаканічнае, завостранае выяўленне пачуццяў і думак аўтара, хуткасць адгуквання на падзеі грамадскага жыцця, магчымасць развіваць абраную тэму, сюжэт у цыклах, серыях твораў.