Готыка
From Wikipedia, the free encyclopedia
Готыка — перыяд у развіцці сярэднявечнага мастацтва, які ахоплівае амаль усе вобласці матэрыяльнай культуры і развіваецца на тэрыторыі Заходняй, Цэнтральнай і збольшага Усходняй Еўропы з XII па XV стагоддзе. Готыка прыйшла на змену раманскаму стылю, паступова выціскаючы яго. Хоць тэрмін «гатычны стыль» часцей за ўсё прымяняецца да архітэктурных будынкаў, готыка ахоплівала таксама скульптуру, жывапіс, кніжную мініяцюру, гарнітуру, арнамент і г. д.
Готыка ўзнікла ў сярэдзіне XII стагоддзя на поўначы Францыі, у XIII стагоддзі яна распаўсюдзілася на тэрыторыю сучасных Германіі, Аўстрыі, Чэхіі, Іспаніі, Англіі. У Італію готыка пракралася пазней, з вялікімі цяжкасцямі і моцнай трансфармацыяй, якая прывяла да з'яўлення «італьянскай готыкі». У канцы XIV стагоддзя Еўропу ахапіла так званая інтэрнацыянальная готыка. У краіны Усходняй Еўропы готыка пракралася пазней і пратрымалася там трохі даўжэй — аж да XVI стагоддзя.
Да будынкаў і твораў мастацтва, якія маюць характэрныя гатычныя элементы, але створаны ў перыяд эклектыкі (сярэдзіна XIX стагоддзя) і пазней, ужываецца тэрмін «неаготыка».
Напачатку XIX стагоддзя тэрмін «гатычны раман» стаў пазначаць літаратурны жанр эпохі рамантызму — літаратуру таямніц і жахаў (дзеянне такіх твораў часта разгортвалася ў «гатычных» замках ці манастырах). У 1980-я гады тэрмін «готыка» пачаў ужывацца для абазначэння музычнага жанру («гатычны рок»), які ўзнік у той час, а затым і субкультуры («гатычная субкультура»), якая сфарміравалася вакол яго.