Давэдыйскі субстрат
From Wikipedia, the free encyclopedia
Давэды́йскі субстра́т — шэраг лінгвістычных субстратных асаблівасьцяў у вэдыйскай мове, неўласьцівых іншым індаэўрапейскім мовам і ўласьцівых іншым моўным сем’ям Паўднёва-Ўсходняй Азіі. Падобныя рысы ўключаюць у сябе перш за ўсё адметную лексыку, а таксама фанэтычныя (напрыклад, узьнікненьне рэфтрафлексных зычных, супрацьпастаўленых зубным), марфалягічныя (утварэньне герундыю) і сынтаксічныя (ужываньне маркеру ўскоснай мовы iti)[1]. Характарыстыкі падобнага кшталту перадусім прынята зьвязваць з ранейшымі, даіндаэўрапейскімі субстратнымі мовамі, з носьбітамі якіх старажытныя арыі сутыкнуліся пасьля засяленьня Індастану.
Значны аб’ём падобных рысаў вызначаецца з найранейшых з захаваных індыйскіх тэкстаў, пры гэтым у якасьці доказаў звычайна прыводзяцца відавочныя неіндаарыйскія элемэнты, такія як -s- пасьля -u- ў рыгвэдыйскім busa.
Ужываны ў радзе папулярнай літаратуры тэрмін даары́йскі субстрат зьяўляецца некарэктным, паколькі ўключае большую й разнародную этнічным складам тэрыторыі й ня мае храналягічнай прывязкі. У прыватнасьці, сынгальская мова й мова вэда на Шры-Ланцы зьмяшчаюць субстратную, «протавэдзкую» лексыку, якая ці ледзь зьвязаная з субстратам санскрыту. У поствэдыйскі пэрыяд у санскрыт з дравідыйскіх моваў пранікнуў шэраг іншых словаў, напрыклад nāraṅgaḥ «апэльсін» (упершыню засьведчана каля VI ст. н. э. у тэксьце «Сушрута Самгіта»), такім чынам, запазычаньні зь іншых моваў не заўсёды зьвязаныя з субстратам.