Група дваццаці
Штогадовая міжнародная нарада з удзелам урадаў 19 найбольшых дзяржаваў і Эўрапейскага Зьвязу, заснаваная ў сьнежні 1999 году. / From Wikipedia, the free encyclopedia
«Гру́па дваццаці́»[2] («Вялікая дваццатка», «В20»[3], анг. G20) — штогадовая міжнародная нарада з удзелам урадаў 19 найбольшых дзяржаваў і Эўрапейскага Зьвязу, заснаваная ў сьнежні 1999 году. 19-ю дзяржавамі-ўдзельніцамі «Групы дваццаці» зьяўляюцца:
- 7 дзяржаваў Азіі — Інданэзія, Індыя, Кітай, Паўднёвая Карэя, Саудаўская Арабія, Турэччына і Японія;
- 1 дзяржава Акіяніі — Аўстралія;
- 1 дзяржава Афрыкі — Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка;
- 2 дзяржавы Паўднёвай Амэрыкі — Аргентына і Бразылія;
- 3 дзяржавы Паўночнай Амэрыкі — ЗША, Канада і Мэксыка;
- 5 дзяржаваў Эўропы — Вялікабрытанія, Італія, Нямеччына, Расея і Францыя[4].
«Група дваццаці» | |
анг. Group of Twenty | |
Дзяржавы-ўдзельніцы Іншыя дзяржавы Эўразьвязу Дзяржавы-госьці | |
Абрэвіятура | «Г20» |
---|---|
Папярэднік | «Група сямі» |
Дата ўтварэньня | 15 сьнежня 1999 (24 гады таму) |
Тып | гаспадарчая |
Юрыдычны статус | міжнародная нарада |
Мэта | узгадненьне гаспадарчай палітыкі ў адказ на выклікі[1] |
Сяброўства | 19 дзяржаваў і Эўрапейскі Зьвяз |
Афіцыйныя мовы | ангельская |
Сайт | g20.org |
Урад-старшыня «Групы дваццаці» праводзіць нараду ў сваёй дзяржаве, вызначае парадак дня нарады і зьмяняецца штогод. Пагатоў урад-старшыня супрацоўнічае ў тройцы з папярэдім і наступным урадамі-старшынямі для забесьпячэньня пераемнасьці і згоды між удзельнікамі. Таксама да ўдзелу запрашаюць прадстаўнікоў прынамсі 3-х міжнародных арганізацыяў: Арганізацыя аб’яднаных нацыяў (Нью-Ёрк, ЗША), Міжнародны валютны фонд (Вашынгтон, ЗША) і Сусьветны банк (Вашынгтон). Цягам году праходзіць звыш 50 сустрэчаў (штотыдзень па сустрэчы) міністраў скарбу, амбасадараў па адмысловых даручэньнях, старшыняў галоўных банкаў і кіраўнікоў 19 дзяржаваў і Эўрапейскага Зьвязу. Пры канцы адбываецца сход кіраўнікоў дзяржаваў, якія зацьвярджаюць супольную дэклярацыю аб палітыцы на год. Праца нарады падзяляецца на 2 складнікі:
- сустрэчы міністраў скарбу, старшыняў галоўных банкаў і іх намесьнікаў наконт 7 справаў — 1) грашовай палітыкі, 2) дзяржаўнага скарбу, 3) валютных курсаў, 4) укладаньняў у інфраструктуру, 5) фінансавага рэгуляваньня, 6) фінансавага ўключэньня, 7) міжнароднага падаткаабкладаньня;
- сустрэчы амбасадараў па адмысловых даручэньнях і адпаведных міністраў наконт 6 галіновых справаў — 1) палітычны ўдзел, 2) процідзеяньне карупцыі, 3) разьвіцьцё, 4) гандаль, 5) энэргетыка, 6) стаць[5].
Урад Гішпаніі зьяўляецца пастаянным госьцем сустрэчаў. Запрашэньне на сход кіраўнікоў дзяржаваў атрымліваюць таксама ўрады-старшыні прынамсі 2-х рэгіянальных міжнародных арганізацыяў: Афрыканскі зьвяз (Адыс-Абэба, Этыёпія) і Асацыяцыя дзяржаваў Паўднёва-Ўсходняй Азіі (Джакарта, Інданэзія). Таксама ўрад-старшыня «Групы дваццаці» на свой выбар запрашае прадстаўнікоў 2-х дзяржаваў і міжнародных арганізацыяў[6].