Аднойчы ў Галівудзе
фільм 2019 году / From Wikipedia, the free encyclopedia
«Аднойчы ў Галівудзе» (па-ангельску: Once Upon a Time in Hollywood) — камэдыйна-драматычны фільм 2019 году, зьняты Квэнтынам Тарантына, які таксама падрыхтаваў сцэнар. Прадусаваньнем займаліся кампаніі Columbia Pictures, Bona Film Group, Heyday Films і Visiona Romantica, за распаўсюд адказвалі Sony Pictures Releasing. Фільм ёсьць вынікам сумеснай вытворчасьці паміж ЗША, Вялікабрытаніяй і Кітаем. Галоўныя ролі выканалі Леанарда Дыкапрыё, Брэд Піт і Марга Робі. Дзея фільму адбываецца ў Лос-Анджэлесе ў 1969 годзе і распавядае пра актора, які губляе свой аўтарытэт і зорнасьць у зьменным сьвеце кінаіндустрыі, і ягонага каскадэра, а таксама вядзе аповяд пра забойства акторкі Шэран Тэйт. Фільм мае некалькі сюжэтных лініяў, прысьвечаныя апошнім момантам залатога веку Галівуда[6]. Прэм’ера «Аднойчы ў Галівудзе» адбылася на Канскім кінафэстывалі 21 траўня 2019 году, кінастужка была выпушчаная ў пракат у ЗША 26 ліпеня 2019 году. Фільм зарабіў 374 мільёнаў даляраў ва ўсім сьвеце. Фільм атрымаў 10 намінацыяў на 92-й цырымоніі ўзнагароджаньня «Оскар», у тым ліку ў намінацыі «Найлепшы фільм», а таксама перамог у намінацыях «Найлепшы актор другога пляну» (Піт) і «Найлепшы дызайнэр-пастаноўшчык». На 77-й цырымоніі ўручэньня прэміі «Залаты Глёбус» ён таксама здабыў перамогу ў намінацыях «Найлепшы фільм — м’юзыкал або камэдыя», «Найлепшы сцэнар» і «Найлепшы актор другога пляну» (Піт).