Тунэль
From Wikipedia, the free encyclopedia
Тунэ́ль (ад англ.: tunnel) — праход пад зямлёй, што ствараецца з транспартнымі і іншымі мэтамі.
Тунэль можа быць пешаходным і/ці роварным, для руху аўтамабіляў альбо цягнікоў, трамваяў, прапускання вады (дэрывацыйныя тунэлі гідраэлектрастанцый, для пракладкі сетак гарадской гаспадаркі, каналізацыйныя калектары) і да т.п. Існуюць таксама так званыя экалагічныя тунэлі. Яны пракладваюцца пад аўтадарогамі ці чыгункамі і служаць для таго, каб звяры маглі бяспечна перасоўвацца.
Большая частка ліній метро таксама пракладзена ў выглядзе тунэляў. Каб пазбегнуць скрыжаванняў лініі метро пракладваюць на рознай глыбіні (узроўні).
Тунэлі будуюць для пераадолення прыродных перашкод (напр., тунэлі пад гарамі), для скарачэння шляху (тунэль праз гару замест дарогі вакол), для скарачэння часу руху (тунэль замест паромнай пераправы). Тунэлі пад воднымі перашкодамі часта будуюць замест мастоў там, дзе масты маглі б перашкодзіць праходу суднаў. Таксама тунэлі будуюць каб пазбегнуць скрыжавання розных транспартных струменяў на адным узроўні (падземныя пераходы, тунэлі замест чыгуначных пераездаў, тунэлі як частка аўтамабільных развязак і іншае). У некаторых выпадках праезды пад пралётамі мастоў таксама завуць тунэлямі, што, аднак, няправільна.