інтэрнэт-партал From Wikipedia, the free encyclopedia
Тузін Гітоў — інтэрнэт-партал, створаны ў 2003 годзе і прысвечаны беларускай музыцы[1].
Тузін Гітоў | |
---|---|
| |
URL | tuzin.by |
Камерцыйны | Не |
Тып сайта | СМІ |
Рэгістрацыя | Ёсць, не абавязковая |
Мова(-ы) | Беларуская |
Размяшчэнне сервера | Беларусь |
Уладальнік | Анатоль Лазар (2003-2010), Сяргей Будкін (з 2010) |
Аўтар | Сяргей Будкін, Вецер Механічны, Аляксей Мінчонак |
Пачатак працы | 12 кастрычніка 2003 |
Праект мае на мэце прапагандаваць музыку, створаную на Беларусі, заахвочваць да праслухоўвання беларускіх твораў як мага большую колькасць людзей[2]. Партал «Тузін Гітоў» з’яўляецца прыватным некамерцыйным беларускамоўным сеткавым выданнем, самастойна вызначае сваю інфармацыйную палітыку, характар і змест інфармацыі, рэкламы, аўдыё- і відэа-матэрыялаў. На 2009 год меў больш за 50 тыс. штомесячных наведнікаў, якія спампоўвалі больш за 80 тыс. песняў[3].
«Тузін Гітоў» распачаў працу ў Сеціве 12 кастрычніка 2003[4]. Сайт некалькі разоў мяняў свой адрас. Першапачаткова ён знаходзіўся па адрасе music.fromby.net. Пазней адрас змяніўся на tuzin.fm[5], але праз цяжкасці з даменам перамясціўся на tuzinfm.by[6]. З мая 2017 года партал даступны і на tuzin.by. Бэк-каталог артыкулаў прадстаўлен на mpby.ru Архівавана 2 кастрычніка 2019..
У 2004 годзе сумесна з Беларускім калегіюмам выдаў кнігу «Залатыя дыскі беларускага рок-н-ролу» з апісаннем 20 музычных альбомаў 1970—1990-х гадоў[7].
З 2004 года выпускае радыёперадачу свайго гіт-парада пад назвай «Радыё Тузін», якую вядзе саліст гурта «Палац» Алег Хаменка. Ад пачатку перадача выходзіла на Радыё «Рокс» (Мінск), з 2005 года — на Радыё «Мінск», з 2006 г. — на Радыё «Рацыя» (Беласток)[8]. У 2005—2011 гадах штогод выпускаў складанку з 12 песняў-пераможцаў свайго сеціўнага гіт-параду пад назовам «Прэм’ер Тузін» (2005[9][10], 2006, 2007, 2008[11], 2009, 2011). У 2005—2007 гадах браў удзел у ладжанні цырымоніі ўзнагароджання найлепшых музыкаў краіны «Рок-каранацыя»[12]. 16 сакавіка 2006 года ў Вільні (Літва) правёў канцэрт «Рок-рэвалюцыя» з удзелам гурта N.R.M. У 2006 годзе разам з выдавецтвам VoliaMusic выдаў складанку «Песьні свабоды». 3 лістапада 2007 года зладзіў у мінскім касцёле Святога Сымона і Святой Алены канцэрт памяці паэта Анатоля Сыса для збору сродкаў яму на помнік[13]. 31 жніўня 2008 года аднавіў у Мінску пасля 12-гадовага перапынку музычны фэстываль «Рок па вакацыях». 23 мая 2009 года на лётнішчы Баравая (Мінскі раён) браў удзел у фестывалі «Bela Music», які ладзіла Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь.
У 2009 і 2011 гадах разам з кампаніяй «Будзьма беларусамі!» выдаў музычныя кружэлкі «Тузін. Перазагрузка» і «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» з перакладзенымі на беларускую мову песнямі іншамоўных выканаўцаў. У 2011—2012 гадах ладзіў акустычныя канцэрты «Тузін. Unplugged» з удзелам беларускіх рок-выканаўцаў[14]. У 2012—2013 гадах правёў шэраг канцэртаў «Жывы Тузін». У 2012 годзе сумесна з радыё «Рацыя» (Беласток) выдаў аўдыёкнігу Сяржука Вітушкі «Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі». У 2012—2013 гадах супольна з Беластоцкім тэатрам оперы і філармоніі падрыхтаваў дыск музычнай агучкі класікі беларускага нямога кіно «Тузін. Немаўля»[15]. У чэрвені 2014 года разам з праваабарончым цэнтрам «Вясна» выпусціў складанку песняў «Апошні золак»[16][17][18]. Таксама ў 2014 годзе супольна з фондам «Вяртаньне» правёў конкурс маладых выканаўцаў «Засьпявай.by»[19], чарговы быў распачаты ў 2017 годзе[20].
У якасці працягу «Тузін. Перазагрузка» і «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2» новы падобны музычны праект “Global Reload” быў распачаты ў 2014 годзе, сярод удзельнікаў якога адзначыліся Андрэй Макарэвіч і іншыя[21].
У інтэрв’ю з заснавальнікам Сяргеем Будкіным у сувязі з першай гадавінай сайта Вольга Самусік з «Музыкальной газеты» зазначыла, што music.fromby.net самы папулярны сярод беларускамоўных інтэрнэт-парталаў[22]. У сваім тэматычным артыкуле 2005 года яна ж назвала Тузін Гітоў «самым запатрабаваным беларускім музычным сайтам»[10]. У справаздачы з вечара з нагоды пяцігоддзя партала Тузін Гітоў быў рэкамендаваны Ганнай Ждановіч з «Белорусов и рынка» ў якасці аднаго «з найбольш буйных рэсурсаў у Інтэрнэце, прысвечаных беларускай музыцы»[23].
У інтэрв’ю «Музыкальной газете» ў 2006 годзе рок-князёўна Руся прызнавала, што партал, які «набраў абароты», – хросны бацька яе гурта «Indiga»[24].
Падчас прэзентацыі складанкі «Прэм’ер Тузін 2007» у 2008 годзе музыка Лявон Вольскі адзначыў, што «Тузін Гітоў» «з’яўляецца адзіным кампетэнтным гіт-парадам Беларусі»[25].
Заснавальнік «Ultra-music.com» Вячаслаў Радзівонаў праз «Будзьма беларусамі!» даў сваю ацэнку партала на яго сямігоддзе: «Унікальная і вельмі своечасовая з’ява. Ён з’явіўся менавіта тады, калі беларускамоўнай музыцы была неабходная падтрымка, магчымасць давесці яе да вялікай аўдыторыі»[26].
Павел Свярдлоў, рэдактар «KYKY.ORG», у аглядзе ўсіх музычных прэмій Беларусі на 2013 год пакрытыкаваў партал за тое, што хіт-парад не працаваў цягам года, але пахваліў афлайнавую актыўнасць, «два цудоўных праекта: „Дзінь-дзілінь: пара гуляць у казкі“ і „Тузін.Немаўля“»[27].
У 2013 годзе брэсцкі канцэрт у падтрымку праекта Тузін.Немаўля быў адменены гарадскімі ўладамі па ідэалагічных прычынах[33].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.