From Wikipedia, the free encyclopedia
Святая Ганна — нубійская фрэска, якая датуецца на перыяд з VIII па першую палову IX стагоддзя[1]. Аўтар невядомы. Фрэска выканана тэмперай па глейкай тынкоўцы[2] ў тэхніцы al secco.
| ||
аўтар невядомы | ||
Святая Ганна. VIII–IX стст. | ||
Матэрыял | тэмпера па глейкай тынкоўцы | |
---|---|---|
Тэхніка | al secco | |
Памеры | 69 × 68,5 см | |
Нацыянальны музей у Варшаве, Польшча | ||
(інв. 234058 MNW) | ||
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Праца была знойдзена ў базыліцы Фараса (былая Нубія, сучасны Судан) групай польскіх археолагаў падчас адной з археалагічных экспедыцый, якая праводзілася ў 60-я гады ХХ стагоддзя пад эгідай ЮНЕСКА (т.зв. Нубійская кампанія ці Нубійская аперацыя)[3]. З 1964 года фрэска знаходзіцца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Пасля рэстаўрацыйных работ была выстаўлена ў VI зале Галерэі Фарас імя Прафесара Казімежа Міхалоўскага[2].
Аблічча святой Ганны з Фараса выкарыстоўваецца ў якасці лагатыпа Нацыянальнага музея ў Варшаве[4].
Фрэска святой Ганны была выяўленая на вышыні трох метраў ад узроўня падлогі[5][6] на паўночнай сцяне паўночнага нефа. Гэты неф, верагодна, быў прызначаны для жанчын, бо абраз святой Ганны ў ім не быў адзінай жаночай выявай. Тут знаходзіліся партрэты фундатарак, святых дзеў, царыц, пакутніц, матак і цаліцельніц. Многія з гэтых лікаў, верагодна, прызначаныя былі для прыватнага набажэнства[2]. Аблічча святой Ганны было намалявана на першым пласце тынкоўкі, пакрытым другім пластом з выявай каралевы Марты[5].
Выява святой Ганны захавалася ў асобных фрагментах. На іх бачныя галава святой, верхняя частка правай рукі, якая дакранаецца да вуснаў[5] і частка яе плячэй. Невядома, ці была святая намаляваная стоячы ці седзячы[2].
Па словах даследчыка Казімежа Міхалоўскага, фігура святой апранута ў мафорый, г.зн. плашч з капюшонам. Складкі мафорыя адзначаны чорнымі лініямі. Знутры колер капюшона бледна-жоўты з фіялетавымі складкамі. Каптур (паміж капюшонам і тварам) намаляваны ў выглядзе жоўтага вэлюму. Твар святой трохі выцягнуты ў даўжыню, прамы і доўгі нос заценены справа фіялетавай лініяй, якая спускаецца ад аркі брыва. Кончык носа адзначаны чорнай, выгнутай лініяй. Куткі рота святой акрэслены цёмна-фіялетавым контурам і апушчаны ўніз. Вочы з чорнымі зрэнкамі шырока адкрыты і абведзены пурпурнымі і чорнымі лініямі. Ніжнія павекі афарбаваныя светла-фіялетавым колерам, верхнія – цёмна-фіялетавым. Першапачаткова бровы былі афарбаваныя светла-фіялетавым колерам, на які пасля была накладзеная чорная фарба, што ў выніку дало цёмна-пурпурнае адценне. Галава Ганны не апраўленая характэрным для святых німбам. Рука з доўгімі, вузкімі пальцамі светла-жоўтага тону абведзена фіялетавым контурам. Правая далонь святой падтрымлівае падбародак, а паказальны палец з пазначаным на ім пазногцем паказвае на вусны[5].
Святая Ганна паказвае паказальным пальцам на рот. Існуе некалькі версій таго, што гэты жэст значыць. Магчыма, гэта ўказанне святой захоўваць цішыню і маўчанне. У такой жа Боскай цішыні, паводле Ігнація Баганосца, здзяйсняліся тры сакрамэнты, звязаныя з жыццём Багародзіцы: яе некранутасць, бязгрэшнае зачацце і нараджэнне Месіі. Іншая тэорыя абвяшчае, што жэст звязаны з ціхай малітвай святой Ганны. У егіпецкім манастыры ў Бавіце падобны жэст прадстаўлены на карцінах з выявамі манахаў, якія чытаюць Псалтыр. У егіпецкіх і палецінскіх манаскіх супольнасцях і некаторых сектах існавала малітоўная практыка, падчас якой малітвы прамаўляліся шэптам. Мольбіт трымаў паказальны палец каля вуснаў, верачы, што гэты жэст беражэ ад злых духаў, якія імкнуцца ім завалодаць[2].
На фрэсцы знаходзіцца фрагмент надпісу: Святая Ганна, маці Багародзіцы. Святая і .... У двух шэрагах па вертыкалі не хапае заканчэння тэксту. Па словах даследчыка Стэфана Якабельскага, надпіс заканчваўся так: Святая і Марыя або Святая і радзіцельніца Марыі. Другі варыянт адпавядае прынцыпу чытання рэгістра: па вертыкалі, ад левага боку, перад асноўным тэкстам. Адно слова напісана манаграмай, якая з'яўляецца таксама ў іншых тэкстах, датаваных перыядам, калі намаляваная была фрэска. Гэтая манаграма часта сустракаецца ў візантыйскім мастацтве таго часу[7].
Імя святой Ганны адсутнічае ў кананічным Святым Пісанні. Святая згадана ў апакрыфічным Протоевангеллі Якава[2], а таксама ў Евангеллі псеўда-Матфея[5] і іншых апакрыфічных крыніцах. Усе яны апісваюць падзеі, звязаныя з нараджэннем Багародзіцы. Тэкст складзены на ўзор са Старога Запавету, дзе нараджэнне біблейскіх патрыярхаў з'яўляецца вынікам чароўнага ўздзеяння на жаночае бясплоддзе. Святая Ганна і яе муж Яхім, пабожны габрэй з роду цара Давіда, не мелі нашчадкаў, што ў грамадстве лічылася ганебным. Дзякуючы малітвам і веры ў боскае ўмяшанне, Ганна панесла ў сталым узросце і нарадзіла дачку, якая ў далейшым стала маці Хрыста[8][9]. Па традыцыі Ганну і Яхіма называюць богаайцамі. У паданні (вядомым таксама ў Егіпце) гаворыцца пра тое, што Марыя нарадзілася ў Бэтлееме, горадзе, які лічыцца месцам нараджэння Ганны[2].
Лічыцца, што культ святой Ганны быў распаўсюджаны ў Нубіі. У першую чаргу звязана гэта з тым, што Ганна была маці Марыі, і, такім чынам, бабуляй Ісуса Хрыста. На думку даследчыцы Бажэны Межаеўскай, нубійкі маліліся, просячы ў яе заступніцтва падчас цяжарнасці і пасля яе, а таксама за здароўе сваё і сваіх дзяцей. Аб кульце святой Ганны ў Нубіі сведчыць таксама наяўнасць іншай фрэскі на другім пласце тынкоўкі ў тым жа нефе базылікі ў Фарасе. Гэтая фрэска больш позняя. Намалявана на ёй святая Ганна на троне з маленькай Багародзіцай на каленях, магчыма, падчас груднога выкормлівання[2]. Фрагменты фрэскі – спінка трона і надпіс, які апісвае малюнак – знаходзяцца ў Нацыянальным музеі Судана ў Хартуме[10].
Аблічча Святой Ганны было таксама знойдзена ў паўночным нефе царквы ў Абдала Ніркі паблізу Фараса. Фігура святой намалявана стоячы[2].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.