From Wikipedia, the free encyclopedia
«Рэгіянальная газета» — беларуская газета, якая выдаецца з 28 красавіка 1995 года[1]. Рэгіён распаўсюджвання — былы цэнтр Вілейскай, а пасля Маладзечанскай вобласці — часткі колішняй Віленшчыны. Выданне аб’ядноўвае інфармацыйную прастору чатырох раёнаў Мінскай вобласці (Маладзечанскі, Вілейскі, Мядзельскі і Валожынскі) і трох раёнаў Гродзенскай вобласці (Смаргонскі, Ашмянскі, Астравецкі).
«Тыднёвік "Рэгіянальная газета"» | |
---|---|
Арыгінальная назва |
Рэгіянальная газета |
Тып | перыядычнае выданне[d] |
Фармат | 24 старонкі, фармат А3 |
Уладальнік |
Аляксандр Манцэвіч, Ніна Манцэвіч |
Выдавец | Таварыства з абмежаванай адказнасцю "Рэдакцыя газеты "Рэгіянальная газета"" |
Галоўны рэдактар | Аляксандр Манцэвіч |
Заснавана | 28 красавіка 1995 |
Палітычная прыналежнасць | Незалежная |
Мова | беларуская |
Галоўны офіс | Маладзечна, Вялікі Гасцінец, 68 а, 222310 |
Тыраж | 6500 |
ISSN | 1992-7155 |
Вэб-сайт | http://rh.by |
У рамках пагрому незалежных беларускіх медыя 19 ліпеня 2021 года адбыліся ператрусы ў рэдакцыі і журналістаў, галоўнага рэдактара дапыталі[2]. Падставы былі невядомыя, у журналістаў забралі тэхніку[3]. 22 ліпеня рэдакцыя паведаміла, што прыпыняе выпуск газеты на паперы[4].
20 студзеня 2022: iнфармацыйную прадукцыю сайта і тэлеграм-канала маладзечанскай «Рэгіянальнай газеты» прызналі экстрэмісцкімі матэрыяламі. Адапаведнае рашэнне прыняў суд Маладзечанскага раёна.
24-х палосны тыднёвік фармату А3, тыраж (май 2018) 5000 экзэмпляраў.
«Рэгіянальная газета» («РГ») была першым масавым недзяржаўным выданнем у рэгіёне[5]. Спачатку газета выходзіла на 4 старонках, паступова набірала аб’ём, паляпшала якасць інфармацыі і сваё афармленне, стаўшы аўтарытэтным мясцовым выданнем[6]. Адзін з нешматлікіх беларускамоўных рэгіянальных СМІ ў Беларусі[7].
Лагатып газеты да 2014 года:
На старонках газеты і на сайце выдання[8] публікаваліся навукоўцы і краязнаўцы:
Неаднойчы «РГ» станавілася ініцыятарам грамадзянскіх і культурных акцый. Адна самая істотная з іх — штогодні рэгіянальны конкурс самадзейных выканаўцаў «Адна зямля». «РГ» выступіла заснавальнікам яго разам з аддзеламі культуры раёнаў рэгіёну. Цяпер гэта адзін з самых папулярных рэгіянальных конкурсаў у Беларусі.
Некалькі разоў газета падвяргалася рэпрэсіям. У 2004 годзе яна вымушаная была прыпыняць свой выхад пасля адпаведнага загаду міністра інфармацыі[12].
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і наступных масавых пратэстаў пераслед рэжымам Лукашэнкі незалежных медыя і грамадскіх арганізацый Беларусі дасягнуў апагею ў ліпені 2021 года. У многіх выданнях прайшлі ператрусы і затрыманні журналістаў. 19 ліпеня 2021 года ператрусы прайшлі ў рэдакцыі і журналістаў газеты, галоўнага рэдактара дапыталі[2]. У журналістаў забралі тэхніку[3]. 22 ліпеня рэдакцыя паведаміла, што прыпыняе выпуск газеты на паперы[4][13][14][15][16][17].
15 сакавіка 2023 года затрымалі 64-гадовага заснавальніка і галоўнага рэдактара «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча, завялі крымінальную справу, пасля перавялі ў следчы ізалятар, відавочна ў межах палітычных рэпрэсій супраць незалежных СМІ ў Беларусі. Праваабарончыя арганізацыі прызналі яго палітычным вязнем[18][19][20][21][22][23][24][25].
3 лістапада 2023 года Аляксандру Манцэвічу па абвінавачванню ў дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь паводле арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь прысудзілі 4 гады калоніі і штраф у памеры 400 базавых велічынь, што складае 14 800 рублёў (~4500$)[26][27][28].
«РГ» выходзіць кожную пятніцу на 24 старонках, мае абноўленую інтэрнэт-версію, дзе публікуецца інфармацыя, а таксама рэклама і аб’явы з усяго рэгіёну.
«Рэгіянальная газета» — недзяржаўнае выданне, якое не з’яўляецца выразнікам інтарэсаў і пазіцый якой-небудзь палітычнай партыі, рэлігійнай канфесіі, органаў улады. У сваіх публікацыях паказвае супрацьлеглыя пункты гледжання, пазбягаючы тэндэнцыйнасці.
Уваходзіць у склад «Асацыяцыі выдаўцоў рэгіянальнай прэсы „Аб’яднаныя Масмедыі“».
«Рэгіянальная газета» падтрымлівае грамадскія ініцыятывы, выступаючы інфармацыйным спонсарам некаторых з іх. У 2013 годзе з’яўлялася інфармацыйным спонсарам трохдзённага фестывалю-конкурсу «Час жыць», накіраванага на папярэджанне суіцыдаў у асяродку моладзі, які праходзіў у Маладзечне.[29][30][31][32][33]
2013 год. 12 ліпеня 2013 года «Рэгіянальная газета» правяла акцыю «Зрабіце нам дарогу».[34] Людзі фатаграфаваліся з плакатамі, на якіх па-рознаму абыгрывалі просьбу адрамантаваць унутрыдваровую дарогу ў Маладзечне: «Хто дасць грошы на падвеску?», «Няма дарог — давай метро», «За што плачу падаткі?», «Баюся зламаць ногі», «Нязручна хадзіць на абцасах» і іншыя. Перад акцыяй карэспандэнты падлічылі колькасць ямінаў на невялікім адрэзку дарогі, памералі іх глыбіню [35]. Пасля акцыі зладзілі інтэрв’ю з дырэктарам раённым прадпрыемствам «Камунальнік».[36] Восенню «Камунальнік» адрамантаваў першую частку дарогі [37]. Налета дарожнікі закончылі працу.
2014 год. Дзеці са школы-інтэрната для слабавідушчых. Цягам некалькіх месяцаў карэспандэнтка «Рэгіянальнай газеты» Настасся Роўда наведвалася ў маладзечанскую школу-інтэрнат № 2 для дзяцей са слабым зрокам. Журналістка спрабавала адчуць, чым жыве школа, чым жывуць дзеці, якія туды трапляюць. Сярод 107 дзяцей, якія вучыліся ў школе на той момант, — 72 інваліды па зроку і 30 сірот. У гутарках сацыяльныя педагогі установы расказалі, з якімі праблемамі звяртаюцца дзеці, і складанасці, да якіх мусіць быць гатовы той, хто прыходзіць сюды працаваць. Журналістка дазналася пра жыццёвыя лёсы некаторых дзяцей. Вынікам праекта стала відэа, якое паказвае жыццё дзяцей у школе-інтэрнаце. У газеце апублікавалі артыкул.
Не — будоўлі на месцы жалобы. Краязнаўца з Валожына Георгі Каржанеўскі звярнуўся ў рэдакцыю, каб зрабіць здабыткам грамадскасці планы будаўніцтва жылых дамоў на гарадскім стадыёне, дзе ў часы Другой сусветнай вайны расстралялі фашысты расстралялі 200 яўрэяў. Газета пісала аб пікеце[38], які зладзіў грамадскі актывіст, знайшла і апублікавала архіўныя дакументы, якія сведчылі аб масавых расстрэлах у гэтым месцы. Журналісты знайшлі і сустрэліся з яшчэ жывымі сведкамі тых падзей. Інтэрв’ю з імі былі апублікаваныя[39]. Георгі Каржанеўскі памер незадоўга да ініцыяваных з дапамогай газеты раскопак на стадыёне ў Валожыне. Вынікі раскопак пацвердзілі дадзеныя, сабраныя Каржанеўскім і журналістамі «Рэгіянальнай газеты». Парэшткі эксгумаваных ахвяр перапахавалі. Дамы на стадыёне не сталі будаваць. На месцы трагедыі гараджане заклалі мемарыяльную алею.[40]
Пратэсты супраць будоўлі буйных свінакомплексаў на Маладзечаншчыне. Адзін планавалася пабудаваць каля вёскі Соўлава, другі — каля вёскі Мойсічы, у трох кіламетрах ад Маладзечна. «Рэгіянальная газета» асвятляла збор подпісаў грамадзян пад пратэстам супраць будаўніцтва гэтых аб’ектаў. У газеце цягам некалькіх месяцаў выходзілі артыкулы, рэпартажы і аналітычныя матэрыялы, прысвечаныя гэтай праблеме. Карэспандэнты былі на грамадскім абмеркаванні будаўніцтва ў Маладзечне[41], куды прыйшло сто чалавек. Журналісты сустракаліся з жыхарамі Валожыншчыны, якія жывуць побач з такім самым, ужо пабудаваным, свінакомплексам. Гутарылі з эколагам і інжынерам-геолагам пра небяспеку будаўніцтва комплексу[42].
Упершыню «Рэгіянальная газета» стварыла свой сайт у сакавіку 2000 года[43]. Стваральнік — маладзечанец Дзмітрый Бараноўскі. Інтэрнэт-старонка выдання была адным з першых падобных рэсурсаў у рэгіёне. Да 2009 года інтэрнэт-версія газеты неістотна адрознівалася па змесце ад папяровай версіі выдання. У асноўным публікацыі, змешчаныя ў сеціве, паўтаралі старонкі тыднёвіка. Змест сайта абнаўляўся 1 раз на тыдзень.
Пасля запуску абноўленай версіі сайта 15 мая 2009 года на новым адрасе палітыка выдання адносна зместу і рэгулярнасці падачы інфармацыі змянілася. З гэтага часу сайт публікуе навіны штодня, што робіць немагчымым размяшчэнне многіх з іх у тыднёвіку з прычыны страты актуальнасці.
25 лістапада 2009 года тыднёвік быў адзначаны дыпломам інстытута FOJO, Швецыя, за найлепшы рэдызайн Інтэрнэт-сайта.[44]
Адной з прыкмет сайта «Рэгіянальнай газеты» стала яго мультымедыйнасць. Тут публікуюцца фотарэпартажы, аўдыёзапісы, відэа.
1 мая 2013 года рэдакцыя правяла сваю першую анлайн-трансляцыю[45] з вуліц Маладзечна. 13 мая 2013 года ў прамым інтэрнэт-эфіры прайшоў круглы стол[46], прысвечаны праблемам мясцовага футбола.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.