Белару́скі дзяржа́ўны цырк знаходзіцца на праспекце Незалежнасці ў горадзе Мінску. Умяшчальнасць залы цырка — 1667 месцаў, цырк разлічаны для паказу нумароў розных жанраў — ад воднай феерыі да паветраных нумароў.

Thumb
Беларускі дзяржаўны цырк на паштовай марцы Рэспублікі Беларусь.

Гісторыя

Thumb
Беларускі дзяржаўны цырк

Першы ў Беларусі цырк быў адкрыты на Саборнай плошчы (цяпер плошча Свабоды) 16 лістапада 1884. Гэта быў стацыянарны драўляны цырк — «Цырк братоў Нікіціным» на 800 месцаў, пабудаваны Аляксандрам Бачаравым па замове Пятра Нікіціна. Першым дырэктарам Мінскага цырка стаў вядомы прадпрымальнік і цыркавы артыст Пётр Аляксандравіч Нікіцін.

Цырк братоў Нікіціных неаднаразова рэканструяваўся і перамяшчаўся па раёнах горада. У 1930 годзе на яго базе ў Гарадскім садзе (цяпер парк імя Горкага) быў пабудаваны цырк-шапіто на 1200 месцаў. Цырк быў разбураны 25 чэрвеня 1941 года ў час бамбардзіроўкі горада фашысцкай авіяцыяй. Цыркавая трупа была эвакуіравана ў Маскву, затым у Омск. 7 лістапада 1941 года Беларускі цырк даў першае прадстаўленне для байцоў, якія сыходзілі на фронт.

У 1946 годзе дырэктар цырка Барыс Яфімавіч Кабішчар заняўся аднаўленнем цырка на ранейшым месцы. Адноўлены цырк-шапіто быў падораны Мінску горадам Арлом і меў 1200 глядзельных месцаў[1].

Будаўніцтва новага стацыянарнага зімовага цырка пачалося ў кастрычніку 1954 года. Пабудаваны ён быў па праекце архітэктара У. А. Жукава на перакрыжаванні водна-зялёнага дыяметра Мінска (р. Свіслач і зялёная зона ўздоўж яе поймы) і пр. Незалежнасці. Уяўляе сабой круглае купальнае збудаванне з прамавугольным у плане трохпавярховым службовым корпусам. Галоўны фасад аформлены каланадай карынфскага ордара. Глядзельная зала мае арэну (дыяметр 13 м), 1668 месц, размешчаных амфітэатрам; аснашчана сучаснай тэхнічнай і цыркавой апаратурай. Вакол відовішчнай часткі знаходзіцца фае і гардэробы, памяшканні для артыстаў і абслуговага персаналу, залы для рэпетыцый, спецыяльныя памяшканні для жывёлы. У лютым 1959 года Беларускі дзяржаўны цырк адкрыўся з першым паказам.

З верасня 2008 Беларускі дзяржаўны цырк знаходзіўся на рэканструкцыі і адчыніў свае дзверы ў адрамантаваным будынку ў лістападзе 2010 года. Падчас рэканструкцыі да старога будынку прыбудавалі адміністрацыйны будынак, зрабілі новую сучасную арэну. Касы размешчаны ў асобным будыначку ля галоўнага ўваходу.

Дырэктары

  • 1939—1959 — Барыс Яфімавіч Кабішчар (1906—1959)
  • 1959—1974 — Міхаіл Міхайлавіч Марусалаў (1921—1981)
  • 1974—1984 — Леанід Аляксандравіч Смольскі
  • 1984—1996 — Іван Сямёнавіч Пашкевіч
  • 1996 — чэрвень 2013 г. — Таццяна Мікалаеўна Бандарчук
  • чэрвень — снежань 2013 г. — Сяргей Уладзіміравіч Мядзведзеў
  • снежань 2013 — цяперашні час[2] — Уладзімір Анатольевіч Шабан

Зноскі

  1. сакавік 2019

Спасылкі

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.