спіс артыкулаў у адным з праектаў Вікімедыя From Wikipedia, the free encyclopedia
Каралі Нуменора (англ.: Kings of Númenor) — правіцелі аднаго з каралеўстваў людзей у легендарыуме Толкіна .
Усе гады жыцця і праўлення (акрамя асобна адзначаных) адносяцца да Другой Эпохі Серадзем’я.
№ | Кароль / Каралева | Даты жыцця | Даты кіравання |
---|---|---|---|
1. | Эльрас Тар-Міньятур | 532 I — 442 II | 32 — 442 |
2. | Вардамір Ноліман | 61 — 471 | 442 (дэ юрэ) |
3. | Тар-Амандзіль | 192 — 603 | 442 — 590 |
4. | Тар-Элендзіль | 350 — 751 | 590 — 740 |
5. | Тар-Менельдур | 543 — 942 | 740 — 883 |
6. | Тар-Алдарыён | 700 — 1098 | 883 — 1075 |
7. | Тар-Анкалімэ | 873 — 1285 | 1075 — 1280 |
8. | Тар-Анарыён | 1003 — 1404 | 1280 — 1394 |
9. | Тар-Сурыён | 1174 — 1574 | 1394 — 1556 |
10. | Тар-Тэльперыэн | 1320 — 1731 | 1556 — 1731 |
11. | Тар-Мінасцір | 1474 — 1873 | 1731 — 1869 |
12. | Тар-Кір’ятан | 1634 — 2035 | 1869 — 2029 |
13. | Тар-Атанамір | 1800 — 2221 | 2029 — 2221 |
14. | Тар-Анкаліман | 1986 — 2386 | 2221 — 2386 |
15. | Тар-Тэлемайтэ | 2136 — 2526 | 2386 — 2526 |
16. | Тар-Ванімельдэ | 2277 — 2637 | 2526 — 2637 |
— | Тар-Андукал | 2286 — 2657 | 2637 — 2657 |
17. | Тар-Алкарын | 2406 — 2737 | 2657 — 2737 |
18. | Тар-Калмакіль | 2516 — 2825 | 2737 — 2825 |
19. | Тар-Ардамін | 2618 — 2899 | 2825 — 2899 |
20. | Ар-Адунахор | 2709 — 2962 | 2899 — 2962 |
21. | Ар-Зімратон | 2798 — 3033 | 2962 — 3033 |
22. | Ар-Сакалтор | 2876 — 3102 | 3033 — 3102 |
23. | Ар-Гімільзор | 2960 — 3177 | 3102 — 3177 |
24. | Тар-Паланцір | 3035 — 3255 | 3177 — 3255 |
— | Тар-Мірыель, Ар-Зімрафель | 3117 — 3319 | 3255 — 3319 |
25. | Ар-Фаразон | 3118 — 3319 | 3255 — 3319 |
Э́льрас (сінд.: Elros) Тар-Мі́ньятур (квэнья: Tar-Minyatur; 532 П. Э. — 442 Д. Э.) — паўэльф , сын Эарэндзіля і Эльвінг, малодшы брат-блізнюк Элранда Паўэльфа. У супрацьлегласць свайму брату абраў лёс людзей і стаў першым каролём Нуменора (32—442).
Эльрас нарадзіўся ў 532 годзе Першай Эпохі. Разам з маці, бацькам і братам жыў у Гаванях Сірыяна , калі Эльвінг адмовілася аддаць Сільмарыль сынам Феанара . У выніку кровапралітнай бітвы яны захапілі Гавані, але Эльвінг з Сільмарылем збегла да Эарэндзіля. Яны не вярнуліся за сынамі, якіх узяў на выхаванне адзін з сыноў Феанара, Маглар , палюбіўшы дзяцей як сваіх уласных.
Пасля Вайны Гнева, як адзін з паўэльфаў, Эльрас меў права выбраць свой лёс: быць смяротным ці эльфам. Эльрас абраў лёс смяротных, у той час як Элранд абраў несмяротнасць. Як сын Эарэндзіля, Эльрас мог жыць нашмат даўжэй за ўсіх людзей, але яго нашчадкам быў дадзены карацейшы тэрмін жыцця (хоць і доўгі ў параўнанні з іншымі дунэдайн).
У якасці ўзнагароды за вернасць у вайне з Моргатам Валар падаравалі людзям-эдайн востраў, які знаходзіўся паміж Серадзем’ем і Аманам. Гіл-Эстэль прывяла Эльраса і выжылых людзей на востраў Элена, дзе яны заснавалі каралеўства Нуменор. У 32 годзе Другой Эпохі Эльрас узышоў на трон Нуменора ў горадзе Арменелас. Ён узяў троннае імя на квэнья Тар-Міньятур, якое азначае «вярхоўны першы кіраўнік». Выбіраць троннае імя стала традыцыяй, якой трымалася большасць наступных каралёў Нуменора. Эльрас быў нашчадкам кіраўнікоў усіх трох Дамоў Эдайн, рэшткі якіх сфарміравалі насельніцтва Нуменора. Адпаведна, ён і яго нашчадкі валодалі рэліквіямі вялікіх герояў і кіраўнікоў Першай Эпохі: пярсцёнкам Барахіра, сякерай Туара, лукам Брэгара і мячом Цінгала Аранрутам.
Эльрас кіраваў 410 гадоў, пакуль добраахвотна не пакінуў трон і не пайшоў з жыцця ў 442 годзе Другой Эпохі ва ўзросце 500 гадоў.
Ва́рдамір Но́ліман (квэнья: Vardamir Nólimon; 61 — 471) — старэйшы сын Эльраса Тар-Міньятура, другі кароль Нуменора (442).
Вардамір нарадзіўся ў 61 годзе Другой Эпохі ў сям’і Эльраса, першага караля Нуменора. У Вардаміра былі малодшыя браты: Манвендзіль і Атаналкар, а таксама сястра Ціндоміэль. Вардамір быў выдатным вучоным свайго часу, чыім жаданнем заўсёды было спазнаваць, а не кіраваць. Калі ў 442 годзе памёр Эльрас, Вардамір не прыняў скіпетра (але намінальна кіраваў 1 год, і ў спісах каралёў яго ўказваюць як Тар-Вардаміра). Ён перадаў кіраванне сыну, Амандзілю. На момант смерці бацькі Вардаміру быў 381 год, і ён не нашмат яго перажыў, памёршы ў 471 годзе ва ўзросце 410 гадоў. У Вардаміра было 3 сыны: Амандзіль, Аўлендзіль і Ноландзіль, а таксама дачка Вардзільмэ.
Тар-Ама́ндзіль (квэнья: Tar-Amandil; 192—603) — сын Вардаміра Нолімана, трэці кароль Нуменора (442—590).
Уступіў на пасад Нуменора адразу пасля адрачэння бацькі, які не пажадаў быць каралём пасля смерці Эльраса Тар-Міньятура. Тар-Амандзіль адрокся ад Скіпетра ў 590 годзе, і на трон узышоў яго сын Тар-Элендзіль. Памёр Тар-Амандзіль праз 13 гадоў у 603 годзе ва ўзросце 411 гадоў.
Тар-Эле́ндзіль (квэнья: Tar-Elendil; 350—751) — сын Тар-Амандзіля, чацвёрты кароль Нуменора (590—740).
Тар-Элендзіль быў мудрацом і таленавітым вучоным, яго таксама называлі Пармайтэ («кніжнік» або даслоўна — «кнігарукі»), бо сваімі рукамі ён стварыў мноства кніг і запісаў шмат паданняў, сабраных яго дзедам Вардамірам Ноліманам, але, у адрозненне ад яго, ён стаў кіраўніком Нуменора.
Падчас кіравання Тар-Элендзіля Веантур, капітан судоў караля, стаў першым з нуменорцаў, хто прыплыў з вострава ў Серадзем’е. Здарылася гэта ў 600 годзе. Ён прыплыў у Мітланд на караблі Энтулесэ і сустрэўся з Вярхоўным каралём нолдар-выгнаннікаў Гіль-Галадам. Дачка Веантура, Алмарыян, выйшла замуж за Тар-Менельдура, і іх сын Алдарыён атрымаў у спадчыну любоў дзеда да мора.
Вядома, што ў Тар-Элендзіля былі дзве дачкі: старэйшая — Сільмарыэн (ад яе пайшла дынастыя Лордаў Андуніэ) і малодшая — Ісільмэ. У Ісільмэ не было дзяцей, а ў Сільмарыэн былі, таму род Эльраса раскалоўся на дзве галіны. Сільмарыэн павінна была стаць першай кіруючай каралевай Нуменора, але калі Тар-Элендзіль быў ужо пажылым, у яго нарадзіўся сын Тар-Менельдур. Пасля смерці бацькі ён стаў каралём, але пярсцёнак Барахіра і меч Нарсіль атрымала на захаванне Сільмарыэн. І ў далейшым гэтыя рэліквіі апынуліся ў Арагорна II Элесара, як нашчадка Сільмарыэн.
Кіраваў Тар-Элендзіль на працягу 150 гадоў і перадаў скіпетр сыну Тар-Менельдуру ў 740 годзе, памёр ён у 751 годзе.
Тар-Мене́льдур (квэнья: ; 543—942) — малодшае дзіця і адзіны сын Тар-Элендзіля, пяты кароль Нуменора (740—883).
Ён завязаў цесныя ўзаемаадносіны з Лінданам. Гіль-Галад паведаміў каралю аб тым, што на ўсходзе Серадзем’я жыве мноства людзей, якія адкідаюць і эльфаў, і Мелькара, і жывуць пад кіраўніцтвам найбольш адукаваных вастакаў. Тады Менельдур і яго сын Алдарыён заснавалі флот Нуменора і высадзіліся на беразе заліва Белфалас, выгналі вастакоў-кіраўнікоў і пачалі дарыць народам Серадзем’я асвету, а тыя сталі называць іх багамі. Улада і мудрасць Нуменора і дружалюбных да яго людзей ахоплівала ўсё ўзбярэжжа і крыху заглыблялася ў раёне Харондара (Паўднёвага Гондара).
Аднак у зямлі Мордара ўзрастала ўлада Саўрана, і вастакі падпарадкоўваліся яму. І хоць у прыбярэжных раёнах панавала ўлада Нуменора, паўночныя тэрыторыі былі захоплены оркамі. Пра гэта паведаміў Менельдуру Гіль-Галад, але Менельдур стаміўся ад царскіх спраў і ў 883 годзе перадаў скіпетр Алдарыёну.
Тар-Алда́рыён (квэнья: Tar-Aldarion; 700—1098) — сын Тар-Менельдура, шосты кароль Нуменора (883—1075).
Тар-Алдарыён быў уладыкам караблёў і гаваняў Нуменора. Заснавальнік Гільдыі Марскіх Падарожнікаў і першай гавані нуменорцаў у Серадзем’і — Віньялондэ. Праславіўся сваёй любоўю да марскіх падарожжаў, вялізным укладам у развіццё караблебудавання і вывучэнне нуменорцамі берагоў Серадзем’я. Будаўнік многіх караблёў, у тым ліку Эамбара і Паларана. З-за сваркі з жонкай змяніў закон аб наследаванні прастола ў Нуменоры, дзякуючы чаму жанчыны з Роду Эльраса маглі станавіцца кіруючымі каралевамі.
Гісторыя Алдарыёна і яго сямейнай трагедыі была выкладзена ў рукапісе нуменорскіх гісторыкаў, які Элендзіль захаваў падчас Падзення Нуменора з-за асабістай цікавасці да гэтага падання.
Тар-Анка́лімэ (квэнья: Tar-Ancalimë; 873—1285) — адзіная дачка Тар-Алдарыёна і Эрэндзіс, сёмы манарх і першая кіруючая каралева Нуменора (1075—1280).
Яе бацька быў услаўленым мараком і падоўгу адсутнічаў дома, што прыводзіла да напружаных адносін у сям’і. Маці забрала дачку з каралеўскага двара ў Арменеласе, і ўдваіх яны жылі ў Эмерыэ. Эрэндзіс гаварыла з дачкой на сіндарыне, а не на адунаіку, якому аддаваў перавагу Алдарыён, таксама маці перадала Анкалімэ сваю прадузятасць супраць мужчын.
У 883 годзе Алдарыён стаў каралём Нуменора, а ў 892 годзе ён афіцыйна абвясціў Анкаліме сваёй спадчынніцай, што патрабавала змяніць закон аб наследаванні прастола, паколькі раней скіпетр Нуменора перадаваўся толькі ад бацькі да сына. Цяпер жа, згодна з новым законам Тар-Алдарыёна, спадкаемцам станавіўся першынец манарха, незалежна ад полу. Анкалімэ было толькі дзевятнаццаць, калі яна стала спадчынніцай караля, але бацька ахвотна давяраў ёй дзяржаўныя абавязкі, таму прынцэса час ад часу правіла з Арменеласа падчас доўгіх падарожжаў Тар-Алдарыёна ў Серадзем’е.
З-за нешчаслівага шлюбу яе бацькоў Анкалімэ не імкнулася стварыць сям’ю. Аднак у 1000 годзе яна выйшла замуж за Халакара па палітычных матывах. У 1003 годзе ў мужа і жонкі нарадзілася іх адзінае дзіця, сын Анарыён. Тым не менш, Анкалімэ не жадала быць жонкай і маці. Акрамя таго, яна забараняла выходзіць замуж сваім служанкам, а пазней — і дзвюм старэйшым дочкам Анарыёна.
Тар-Алдарыён перадаў скіпетр Анкалімэ ў 1075 годзе, і такім чынам яна стала першай кіруючай каралевай Нуменора. Яна была ганарлівая і ўпартая, часта адхіляла парады і праводзіла сваю ўласную палітыку, часцяком грэбуючы спадчынай бацькі, якая ўключала ў тым ліку саюз з эльфійскім каралём Гіль-Галадам, які кіраваў у Ліндане.
Тар-Анкалімэ валадарыла 205 гадоў, перадаўшы скіпетр свайму сыну Тар-Анарыёну ў 1280 годзе. Памерла яна ў 1285 годзе ва ўзросце 412 гадоў. Яна была трэцім самым доўгажывучым кіраўніком Нуменора пасля Тар-Міньятура і Тар-Атанаміра і кіравала даўжэй за ўсіх, не лічачы Эльраса.
Тар-Ана́рыён (квэнья: Tar-Anárion; 1003—1404) — сын Тар-Анкалімэ і Халакара, восьмы кароль Нуменора (1280—1394).
Пры Анарыёне здарыўся новы штуршок развіцця культуры і навукі ў Нуменоры. Людзі Серадзем’я, якія жылі побач з берагам, сталі нават крыху падобнымі на нуменорцаў. Квітнеў гандаль з эльфамі Ліндана.
У Анарыёна было трое дзяцей: дзве старэйшыя дачкі, у якіх не было дзяцей, і адзін малодшы сын — Тар-Сурыён. У 1394 годзе, адчуўшы набліжэнне смерці, Анарыён адрокся ад улады на карысць сына. Пасля гэтага ён пражыў 10 гадоў.
Тар-Су́рыён (квэнья: Tar-Súrion; 1174—1574) — дзявяты кароль Нуменора (1394—1556).
Тар-Сурыён быў малодшым дзіцём і адзіным сынам Тар-Анарыёна. У яго былі дзве старэйшыя сястры, у якіх пасля не было дзяцей. Ён уступіў на трон за дзесяць гадоў да смерці бацькі.
Менавіта ў ягонае кіраванне была распачата праца над трыма эльфійскімі Пярсцёнкамі Улады.
Яго дзецьмі былі старэйшая дачка Тар-Тэльперыэн і малодшы сын Ісільма. За 18 гадоў да сваёй смерці Сурыён адрокся ад улады на карысць Тэльперыэн, якая была яго спадчынніцай, паколькі па новым законе скіпетр Нуменора перадаваўся па старшынстве безадносна полу.
Тар-Тэльпе́рыэн (квэнья: Tar-Telperiën; 1320—1731) — старэйшае дзіця Тар-Сурыёна, дзясяты манарх і другая кіруючая каралева Нуменора (1556—1731).
Тар-Тэльперыэн жыла вельмі доўга нават па мерках каралеўскага роду і да апошняга не жадала адмаўляцца ад улады. Яна аддала скіпетр Нуменора спадчынніку ў 1731 годзе за некалькі месяцаў ці нават дзён да сваёй смерці ў тым жа годзе. Пляменнік Тар-Тэльперыэн Мінасцір, сын яе малодшага брата Ісільма, успадкаваў ёй і кіраваў як Тар-Мінасцір.
Год адрачэння Тар-Тэльперыэн спрэчны: у главе «Род Эльраса» («Няскончаныя паданні») указваецца дата смерці Тар-Тэльперыэн — 1731 год. У той жа час, у «Дадатках» да «Уладара пярсцёнкаў» і главе «Гісторыя Галадрыель і Келеборна» («Няскончаныя паданні») годам прыбыцця флота караля Тар-Мінасціра на дапамогу Гіль-Галаду ўказаны 1700 год. Крыстафер Толкін адзначаў, што паходжанне гэтай неадпаведнасці яму няяснае. Верагодна, летапісец згадаў Мінасціра каралём рэтраспектыўна, а насамрэч на момант апісванай падзеі той быў адміралам або рэгентам.
Тар-Міна́сцір (квэнья: Tar-Minastir; 1474—1873) — адзінаццаты кароль Нуменора (1731—1869).
Тар-Мінасцір быў сынам Ісільма, сына караля Тар-Сурыёна. Пасля смерці сваёй цёткі, бяздзетнай каралевы Тар-Тэльперыэн, ён стаў каралём.
У Нуменоры ўказам Тар-Мінасціра была пабудавана высокая вежа на гары Орамет, з якой зоркае вока магло ўбачыць Авалонэ. Там кароль праводзіў большую частку часу, гледзячы на Захад. Менавіта пры ім дунэдайн сталі сумаваць з-за асуджанасці на смерць. Тар-Мінасцір быў адданым сябрам эльдар, але зайздросціў ім. Так, яшчэ да прыняцця Мінасцірам скіпетра, калі Нуменор атрымаў заклік аб дапамозе ад караля Гіль-Галада, ён сабраў вялікае войска і адправіў флот адмірала Кір’ятура на дапамогу эльфам. Легіёны нуменорцаў разбілі і рассеялі орды Саўрана, а яго самога прымусілі бегчы ў Мордар.
Сярод дунэдайн казалі, што Тар-Мінасцір перадаў кіраванне свайму сыну, Тар-Кір’ятану, пад прымусам апошняга, яшчэ да жадання адмовіцца ад трона.
Тар-Кі́р’ятан (квэнья: Tar-Ciryatan; 1634—2035) — дванаццаты кароль Нуменора (1869—2029).
Тар-Кір’ятан нарадзіўся ў 1634 годзе. Ён быў сынам Тар-Мінасціра, магутным, але прагным да багацця і ганарлівым. Смуткам бацькі перад страхам смерці ён пагарджаў і плаваў на поўдзень, усход і поўнач, пакуль не атрымаў скіпетр. Нуменорцы казалі, што ён прымусіў бацьку аддаць уладу, перш чым той пажадаў гэта зрабіць сам (1869).
Тар-Кір’ятан пабудаваў мноства каралеўскіх караблёў, на якіх яго слугі везлі з Серадзем’я мноства каштоўных металаў і камянёў, прыгнятаючы там людзей.
За шэсць гадоў да сваёй смерці Кір’ятан аддаў кіраванне Нуменорам свайму сыну, Тар-Атанаміру. Ужо ў гэты час нуменорцы сталі адкрыта наракаць супраць Забароны Валар і прагнуць бессмяротнасці. Памёр Кір’ятан у 2035 годзе, пражыўшы 401 год.
Тар-Ата́намір (квэнья: Tar-Atanamir; 1800—2221) — трынаццаты кароль Нуменора (2029—2221). Першы манарх, які не адрокся ад скіпетра да самай смерці.
Тар-Атанамір быў сынам караля Тар-Кір’ятана і мала адрозніваўся ад яго характарам; Атанамір быў прагны да багаццяў і пагардлівы. У 2029 годзе Кір’ятан прызначыў сына каралём.
У адрозненне ад бацькі, Атанамір афіцыйна заявіў аб пратэсце супраць Забароны Валар перад эльфамі Эрэсэа і папрасіў іх перадаць гэта самому Манвэ. Але гэтага не патрабавалася, бо Манвэ сам усё бачыў. І неўзабаве з Валімара прыбылі паслы Валар гаварыць з нуменорцамі і каралём аб сутнасці свету, аб лёсе і прызначэнні кожнага. Яны казалі, што бессмяротнасць жыхароў Валінора толькі частка прыроды іх саміх, а ў самой зямлі неўміручасці для людзей няма, паколькі Эру прадвызначыў для іх смерць як вялікі дар і выратаванне. Але караля, як і большасць нуменорцаў, Веснікі не пераканалі.
Тар-Атанамір накладаў цяжкую даніну на жыхароў Серадзем’я, а ўжо ў перыяд праўлення яго сына нуменорцы пачалі падзяляцца на Верных (выступаючых за сяброўства з эльдар і падпарадкаванне Валар) і Людзей Караля (большасць нуменорцаў, якія прагнулі бессмяротнасці).
Тар-Атанамір кіраваў 192 гады да самай смерці, чапляючыся за жыццё, нават калі яно ўжо не прыносіла ніякай радасці. У рэшце рэшт ён з’ехаў з глузду і памёр у 2221 годзе. Яго пераемнікам стаў Тар-Анкаліман.
Тар-Анка́ліман (квэнья: Tar-Ancalimon; 1986—2386) — чатырнаццаты кароль Нуменора (2221—2386).
Тар-Атанамір кіраваў да самай смерці, спрабуючы вычарпаць са свайго жыцця ўсё магчымае задавальненне. Але ў 2221 годзе ён памёр, і яго месца заняў сын Тар-Анкаліман. У яго часы адносіны нуменорцаў з Лінданам былі аслаблены, а самі жыхары Нуменора канчаткова падзяліліся на «Людзей Караля» і «Верных». Першых было больш, і яны выступалі супраць Забароны Валар. Другія ж працягвалі быць адданымі Валар і эльфам.
Пакутуючы ад страху смерці, людзі сталі ўзводзіць багатыя магільныя скляпы для мёртвых; увесь востраў запоўнілі грабніцы. У той жа час вучоныя Нуменора спрабавалі знайсці крыніцу бессмяротнасці, але толькі змаглі вынайсці ўменне захоўваць плоць памерлых нятленнай. Тым часам, большасць нуменорцаў спрабавалі атрымоўваць асалоду ад жыцця так, як толькі можна, ладзячы разгульныя балі і назапашваючы горы скарбаў. У тыя гады магутнасць і багацце Нуменора павялічылася.
Нягледзячы на палітычныя змены, нуменорскія каралі працягвалі насіць эльфійскія імёны з прыстаўкай «Тар-», лічачы парушэнне старых традыцый кепскай прыкметай.
Як і яго бацька, Тар-Анкаліман кіраваў да смерці. У 2386 годзе ён памёр, і пачалося кіраванне яго сына Тар-Тэлемайтэ.
Тар-Тэлема́йтэ (квэнья: Tar-Telemmaitë; 2136—2526) — пятнаццаты кароль Нуменора (2386—2526).
Тэлемайтэ нарадзіўся ў 2136 годзе ў сям’і Анкалімана, прынца Нуменора, у час кіравання Тар-Атанаміра Вялікага, адкрыта паўстаўшага супраць Забароны Валар на плаванне ў Аман.
Пасля смерці бацькі Тар-Анкалімана ў 2386 годзе стаў каралём Нуменора. Пры яго кіраванні нуменорцы грэбавалі прыносіць на гару Менельтарму, у свяцілішча Эру, дары. Тар-Тэлемайтэ любіў срэбра і загадаў сваім падданым паўсюль шукаць мітрыль.
Тар-Тэлемайтэ быў першым каралём, які пражыў менш за сваіх продкаў, а менавіта 390 гадоў — з-за мяцежнасці нуменорцаў супраць Валар. Спадчынніцай Тар-Тэлемайтэ стала яго дачка Ванімельдэ.
Тар-Ваніме́льдэ (квэнья: Tar-Vanimeldë; 2277—2637) — шаснаццаты манарх і трэцяя кіруючая каралева Нуменора (2526—2637).
Ванімельдэ нарадзілася ў 2277 годзе ў сям’і прынца Тэлемайтэ, калі кіраваў яшчэ яе дзед, Тар-Анкаліман. Пасля смерці бацькі яна стала трэцяй кіруючай каралевай у гісторыі Нуменора. Яна мала займалася кіраваннем, захапляючыся музыкай і танцамі; улада ж перайшла да яе мужа Херукалма, які быў маладзейшы за яе, але таксама з’яўляўся нашчадкам Тар-Атанаміра ў той жа ступені сваяцтва, што і яна.
Каралева кіравала 111 гадоў. Пасля яе смерці ў 2637 годзе Херукалма, не жадаючы расставацца з уладай, насуперак закону сам прыняў скіпетр і ўзяў імя Тар-Андукал. Але і ён не кіраваў доўга: праз 20 гадоў пасля смерці сваёй жонкі ён памёр. І пасля яго кіраваў законны спадчыннік, сын каралевы Тар-Алкарын.
Тар-А́ндукал (квэнья: Tar-Anducal), імя пры нараджэнні — Херука́лма (квэнья: Herucalmo; 2286—2657) — кансорт каралевы Нуменора Тар-Ванімельдэ, які ўзурпіраваў скіпетр пасля яе смерці (2637—2657).
Херукалма нарадзіўся ў 2286 годзе. Імёны яго бацькоў невядомыя, вядома толькі, што ён быў з роду Эльраса, бо быў нашчадкам невядомага дзіцяці караля Тар-Атанаміра.
Херукалма стаў мужам каралевы Тар-Ванімельдэ, быў маладзейшы за яе на 9 гадоў і быў нашчадкам Тар-Атанаміра ў такім жа пакаленні, што і яна. У 2406 годзе ў іх з Ванімельдэ нарадзіўся сын Алькарын, будучы кароль. Калі Ванімельдэ стала кіруючай каралевай, яна мала цікавілася дзяржаўнымі справамі, і Херукалма кіраваў востравам фактычна як кароль. Пасля яе смерці Херукалма не захацеў перадаваць скіпетр сыну, а прыняў яго сам, узяўшы каралеўскае імя Тар-Андукал. Пасля гэтага ён кіраваў усяго 20 гадоў, пакуль не памёр у 2657 годзе. Алкарын пасля смерці бацькі-ўзурпатара стаў паўнамоцным каралём.
У спісы каралёў Тар-Андукал унесены не быў, і яго сын Тар-Алкарын ідзе як кіраўнік услед за маці.
Тар-А́лкарын (квэнья: Tar-Alcarin; 2406—2737) — сямнаццаты кароль Нуменора (2657—2737).
Сын Тар-Ванімельдэ і Тар-Андукала. Ён павінен быў стаць наступным кіраўніком Нуменора пасля маці, але яго бацька Херукалма, узяўшы імя Тар-Андукал, узурпіраваў уладу; аднак кіраваў ён нядоўга па нуменорскім ліку — усяго толькі 20 гадоў і памёр у 2657 годзе. Адразу пасля смерці бацькі Алкарын заняў трон.
Яго сынам быў Тар-Калмакіль, які па смерці бацькі стаў наступным каралём Нуменора.
Тар-Ка́лмакіль (квэнья: Tar-Calmacil; 2516—2825) — васямнаццаты кароль Нуменора (2737—2825).
Калмакіль нарадзіўся ў 2516 годзе ў сям’і прынца Нуменора Алькарына, тады востравам кіравала бабуля Калмакіля Тар-Ванімельдэ. Пасля смерці бацькі стаў каралём і быў апошнім з кіраўнікоў вострава, хто пражыў больш за 300 гадоў.
Яшчэ ў сваю маладосць Калмакіль здабыў славу вялікага капітана і заваяваў шырокія землі ўздоўж узбярэжжаў Серадзем’я. Гэтым ён наклікаў на сябе нянавісць Саўрана, які, аднак, адступіў і зацараваў на Усходзе, удалечыні ад берагоў.
У караля было два сыны: старэйшы сын і спадчыннік Ардамін (нар. 2618) і малодшы Гімілзагар (нар. 2630), чыім нашчадкам з’яўлялася Інзільбет, маці Інзіладуна (Тар-Паланціра).
Тар-Калмакіль быў першым каралём, які ўзяў імя на адунаіку — Ар-Бельзагар (адун.: Ar-Belzagar). Людзі Караля называлі Тар-Калмакіля толькі так, аднак гэта было неафіцыйна.
Тар-А́рдамін (квэнья: Tar-Ardamin; 2618—2899) — дзевятнаццаты кароль Нуменора (2825—2899).
Нарадзіўся ў 2618 годзе. Як і бацька, узяў сабе неафіцыйнае імя на адунаіку — Ар-Абатарык (адун.: Ar-Abattârik).
Ар-Адунахо́р (адун.: Ar-Adûnakhôr; 2709—2962) — дваццаты кароль Нуменора (2899—2962).
Першы кароль, які афіцыйна і без утойвання ад усіх абвясціў сябе каралём з імем на адунаіку. Пры нараджэнні яго імя было эльфійскае (на квэнья) — Херунумен. Аднак пры каранаванні ён вырашыў паказаць сваю непакорлівасць Валар і ўзяў імя на Адунаіку — Адунахор. Гэтае імя азначае «Уладыка Захаду», і Верныя лічылі яго грахоўным і дзёрзкім, паколькі так называлі толькі Валар і ў першую чаргу Манвэ. Каб засцерагчыся ад бяды, яго імя ў скрыжалях каралёў было запісана як Тар-Херунумен, але яго сын ужо быў запісаны на адунаіку.
Пры Ар-Адунахоры эльфійскія мовы былі забаронены, не дазвалялася вучыць ці вучыцца ім. Аднак Верныя парушалі каралеўскую забарону і захоўвалі гэтыя веды. У тыя часы караблі з Тол-Эрэсэа сталі прыходзіць да заходніх берагоў вострава рэдка і ўпотай.
Адунахор памёр у 2962 годзе. Яго сынам і спадчыннікам быў Ар-Зімратон.
Ар-Зімрато́н (адун.: Ar-Zimrathôn; 2798—3033) — сын Ар-Адунахора, дваццаць першы кароль Нуменора (2962—3033). На квэнья яго імя гучала б як Тар-Хастамір.
Аб яго праўленні нічога не вядома. Ар-Зімратон кіраваў 71 год і памёр ва ўзросце 235 гадоў. Яго пераемнікам стаў сын Ар-Сакалтор.
Ар-Сакалто́р (адун.: Ar-Sakalthôr; 2876—3102) — сын Ар-Зімратона, дваццаць другі кароль Нуменора (3033—3102). На квэнья яго імя гучала б як Тар-Фаласан.
Аб яго праўленні нічога не вядома. Ар-Сакалтор кіраваў 69 гадоў і памёр ва ўзросце 226 гадоў. Яго пераемнікам стаў сын Ар-Гімільзор.
Ар-Гімільзо́р (адун.: Ar-Gimilzôr; 2960—3177) — сын Ар-Сакалтора, дваццаць трэці кароль Нуменора (3102—3177).
Ар-Гімільзор быў самым непрымірымым з ворагаў Верных. Ён канчаткова забараніў размаўляць на мовах эльфаў і жорстка караў тых, хто падтрымліваў сяброўства з эльдар Тол-Эрэсэа. Ар-Гімільзор не шанаваў Валар і ніколі не наведваў свяцілішча Эру. Большасць Верных сялілася ў заходняй частцы вострава, але Гімільзор загадаў усім, хто быў абвінавачаны ў прыхільнасці да гэтага лагера, перасяліцца на ўсход, да гавані Рамена; там за Вернымі сачылі днём і ноччу. Так Гімільзор жадаў абмежаваць адносіны паміж нуменорцамі і эльфамі Тол-Эрэсэа, якіх называлі Даносчыкамі Валар. Але апошнія і так ведалі аб тым, што адбываецца, таму, разгневаўшыся, пазбавілі нуменорцаў сваёй падтрымкі; караблі з Эрэсэа больш не прыплывалі.
Ар-Гімільзор ажаніўся з пляменніцай Эарэндура (Лорда Андуніэ), Інзільбет, якая паходзіла ад Тар-Калмакіля і ўпотай была Вернай. Яна не жадала гэтага саюза, але каралі не цярпелі адмовы. Паміж мужам і жонкай не было кахання, тым не менш, Інзільбет нарадзіла яму двух сыноў Інзіладуна і Гімільхада. Інзіладун быў старэйшым, абліччам і норавам пайшоўшы ў маці, таксама падзяляў і яе лад думак. Малодшы, Гімільхад, быў сынам свайго бацькі, і менавіта яму б Гімільзор аддаў уладу, калі б дазваляў закон. Пасля смерці Ар-Гімільзора ў 3177 годзе каралём стаў Інзіладун, які прыняў імя Тар-Паланцір.
Тар-Пала́нцір (квэнья: Tar-Palantir) або Ар-Інзіладу́н (адун.: Ar-Inziladûn; 3035—3255) — дваццаць чацвёрты кароль Нуменора (3177—3255).
Першапачатковае яго імя — Інзіладун — перакладаецца, як «Кветка Захаду». Калі ён уступіў на трон, ён прыняў, як у ранейшыя часы, эльфійскае імя, назваўшыся Тар-Паланцір, бо зоркімі былі і вочы яго, і сэрца, і нават тыя, хто яго ненавідзеў, асцерагаліся яго празорлівых прамоў. Ён заўсёды быў на баку Верных і лічыў, што калі нуменорцы паўстануць супраць Валар, то іх усіх спасцігне смерць. Ён даў спакой Верным і адрадзіў звычай прынашэнняў у святыню Эру Ілуватара на Менельтарме, адрынуты Ар-Гімільзорам.
Ён адзіны кароль Нуменора пасля Ар-Адунахора, які насіў эльфійскае імя. Тар-Паланцір прадказаў, што калі Белае Дрэва загіне, згіне і каралеўскі род. Ён спрабаваў вярнуць сяброўства з Валар і эльфамі, але было ўжо позна. Ён часта падымаўся на старажытную вежу караля Мінасціра на гары Орамет, што каля Андуніэ, і адтуль глядзеў на захад, спадзеючыся ўбачыць ветразь. Але караблі больш не прыплывалі.
Яго малодшы брат — Гімільхад узначальваў тых, хто называў сябе «Людзьмі Караля» і супрацьстаяў свайму брату ва ўсім, калі асмельваўся — адкрыта, а яшчэ больш — патаемна.
Пасля смерці Тар-Паланціра ў 3255 годзе яго дачку Тар-Мірыель гвалтоўна выдалі замуж за яе стрыечнага брата Фаразона, які ўзурпіраваў уладу.
Тар-Мірыель (квэнья: Tar-Míriel) або Ар-Зімрафель (адун.: Ar-Zimprahel; 3117—3319) — дачка Тар-Паланціра, наследная прынцэса Нуменора і жонка Ар-Фаразона, фармальна — дваццаць пяты манарх і чацвёртая кіруючая каралева (3255—3319), хаця на справе ўся манаршая ўлада была сканцэнтравана ў руках яе мужа.
Тар-Мірыель была законнай спадчынніцай трона Нуменора, аднак яе стрыечны брат Фаразон сілком узяў яе за жонку і ўзурпіраваў трон. Авалодаўшы скіпетрам, ён прыняў імя Ар-Фаразон (на квэнья Тар-Каліён), а жонцы навязаў імя Ар-Зімрафель. (У ранніх тэкстах Толкін дае іншую версію, паводле якой Мірыель была заручана з Элінцірам, сынам Нумендзіля, але калі ўпершыню ўбачыла Фаразона, позірк яе і сэрца звярнуліся да яго з-за яго вялікай прыгажосці, а таксама з-за яго багацця; адпаведна, шлюб не быў гвалтоўным).
Пасля таго як Ар-Фаразон атрымаў скіпетр, ён кінуў выклік Саўрану з-за таго, што той зваў сябе «каралём людзей», а Ар-Фаразон лічыў, што толькі ён мае права на дадзены тытул. Саўран здаўся каралю і быў прывезены ў Нуменор у якасці палоннага ў 3262 годзе. Саўран падштурхнуў хлуснёй нуменорцаў да ўпадзення ў зло і хітрасцю ўгаварыў Ар-Фаразона напасці на Несмяротныя Землі ў дарэмнай спробе здабыць бессмяротнасць. Ар-Фаразон вывеў флот у 3319 годзе. Калі ён даплыў да Амана і высадзіўся там, абвяшчаючы гэтую зямлю сваёй, Эру затапіў Нуменор.
Калі Нуменор пачаў тануць, Тар-Мірыель спрабавала выратавацца на вяршыні Менельтармы. Пік гары выкарыстоўваўся для малітваў Эру, і Ар-Фаразон забараніў каму-небудзь паднімацца туды. Хваля нагнала Тар-Мірыель перш, чым тая паспела дайсці да вяршыні. Яна была апошняй з загінуўшых пры знішчэнні Нуменора людзей, бо запознена пакаялася. Гаворыцца, што вяршыня Менельтармы засталася над паверхняй мора, але ніхто і ніколі не знаходзіў востраў Менельтармы.
Ар-Фаразо́н (адун.: Ar-Pharazôn) або Тар-Ка́ліён (квэнья: Tar-Calion; 3118—3319) — сын Гімільхада і пляменнік Тар-Паланціра, дваццаць пяты і апошні кароль Нуменора (3255—3319), які ўзурпіраваў тытул пасля смерці Тар-Паланціра, але быў прызнаны большасцю нуменорцаў.
Па праве лічыцца самым магутным і ваяўнічым з каралёў Нуменора. У яго валадаранне Нуменор распачаў грандыёзную ваенную экспедыцыю ў Серадзем’е супраць сіл Саўрана, які пагражаў нуменорскім уладанням на заходніх і паўднёвых берагах кантынента. Высадзіўшыся з вялізным флотам у Умбары і правёўшы фактычна вокамгненную кампанію, Ар-Фаразон рассеяў сілы саюзнікаў Цёмнага Уладара, а яго самога ўзяў у палон і даставіў у Нуменор.
Апынуўшыся пры двары Ар-Фаразона, Саўран, выкарыстоўваючы свае выбітныя чарадзейскія і прамоўніцкія здольнасці, усяго за 40 гадоў прарабіў шлях ад палоннага да найбліжэйшага дарадцы і фаварыта караля, схіліў яго на свой бок і пераканаў у тым, што той мае поўнае права на эльфійскі Дар Эру — несмяротнасць . Патрапіўшы пад тлятворны ўплыў Саўрана, Ар-Фаразон пачаў жорсткія ганенні на Верных і ўсталяваў у Нуменоры культ Мелькара з чалавечымі ахвярапрынашэннямі. Падбухтораны Саўранам кароль стварыў і асабіста павёў у бой найвялікшую ў гісторыі чалавецтва флатылію на Валінор, спадзеючыся сілай зброі адабраць ва Уладык Амана несмяротнасць. Аднак Валар адмовіліся выступіць супраць людзей, склаўшы з сябе паўнамоцтвы Уладаў Арды, і ў справу ўмяшаўся сам Эру Ілуватар. Яго магутнасцю Валінор быў назаўжды вырваны са светапарадку Арды, плоскі да гэтага дня свет набыў сферычную форму, а востраў Нуменор — знішчаны ўзніклай пры гэтым вялізарнай хваляй. Сам Ар-Фаразон і яго ваяры, якія паспелі высадзіцца на берагах Валінора, былі жыўцом пахаваны ў Пячорах Забыцця ля ўсходніх сцен Пелары, дзе, па легендзе, і будуць заставацца аж да Дагар Дагарат — Апошняй Бітвы, у якой яны будуць прымаць непасрэдны ўдзел.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.