Кантынентальныя кельцкія мовы
From Wikipedia, the free encyclopedia
Кантынента́льныя ке́льцкія мовы — падгрупа кельцкіх моў. Усе мовы, якія ўваходзяць у гэту падгрупу, з’яўляюцца вымерлымі. Да кантынентальных кельцкіх моў звычайна адносяць усе кельцкія мовы, якія, у адрозненне ад астраўных кельцкіх, былі распаўсюджаны ў кантынентальннай частцы Еўропы. Вобласць распаўсюджвання кантынентальных кельцкіх моў уключала Галію, Іберыю, альпійскую зону (цяпер Аўстрыя, Чэхія, Швейцарыя), узбярэжжа Адрыятычнага мора і нават частка Малой Азіі (Галатыя). Носьбіты моў былі асіміляваны ў першыя стагоддзі н.э. галоўным чынам носьбітамі італійскіх і германскіх моў.
Кантынентальныя кельцкія мовы | |
---|---|
Таксон | падгрупа |
Арэал | кантынентальная Еўропа і Малая Азія |
Колькасць носьбітаў | няма |
Знікла | каля IV—V стст. н.э. |
Класіфікацыя | |
Катэгорыя | Мовы Еўразіі |
Коды моўнай групы | |
ISO 639-2 | — |
ISO 639-5 | — |
Да кантынентальных моў не адносіцца брэтонская мова — продкі яе носьбітаў пражывалі на Брытанскіх астравах і з’явіліся ў кантынентальнай частцы Еўропы ў другой палове 1-га тысячагоддзя н.э., ужо пасля вымірання ўласна кантынентальных кельцкіх моў.
Шэраг кельтолагаў лічыць падзел кельцкіх моў на кантынентальныя і астраўныя не генетычным, а саюзным, і прапануе ў якасці альтэрнатывы падзел на Q-кельцкія мовы і P-кельцкія мовы (па эвалюцыі пракельцкага гуку kw у пачатковай пазіцыі).