Гістарыяграфія
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гістарыягра́фія (ад грэч. словаў ιστορία (гісторыя) і γράφω (пісаць): 1) працэс напісання гістарычных твораў; 2) сукупнасць даследаванняў па гісторыі, аб'яднаных агульнымі рысамі: тэматыкай, праблематыкай, паходжаннем і г. д.; 3) навуковая дысцыпліна, якая вывучае развіццё гістарычнай навукі і гістарычнай думкі. Гэта навука, якая вывучае працэс накаплення ведаў аб развіцці чалавечага грамадства і пераўтварэння іх у навуку, характарызуе розныя погляды на гістарычныя з'явы, разглядае працэс удасканалення метадаў гістарычнага даследавання.
Гістарыяграфія як навуковая дысцыпліна ўключае ў сябе выяўленне такіх важных акалічнасцяў, як: працэс накаплення і тлумачэння фактаў мінулага; ідэі, канцэпцыі, тэорыі і традыцыі, якія існавалі ў гісторыяпісанні; развіцця і распаўсюджання гістарычных ведаў; сувязь гісторыі з грамадскімі працэсамі, навукай і адукацыяй; удасканаленне філасофіі і метадалогіі гісторыі і г. д.
Крытэрыяў вызначэння гістарыяграфіі як самастойнай гістарычнай дысцыпліны — пяць:
- значныя дасягненні ў галіне тэорыі і метадалогіі гістарычных даследаванняў;
- фарміраванне цэнтраў па распрацоўцы гістарычных праблем;
- падрыхтоўка кадраў гісторыкаў, якія прафесійна займаюцца мінулым сваёй навукі;
- стварэнне навуковых даследаванняў, якія асвятляюць працэс развіцця гістарычнай навукі;
- фарміраванне асаблівай навуковай лексікі.