Даўжыня цела 46—61 см, размах крылаў 81—90 см. Маса 1—1,2 кг. Самцы большыя за самак.
Спіна буравата-чорная, брушка белае, бакі ржава-рыжыя. У гнездавым апярэнні 2 чубы і ржавыя «бакенбарды», у зімовым апярэнні чубы слаба вызначаныя, «бакенбарды» знікаюць. Над вокам белая палоска, белы бок галавы, чырванаватая дзюба. Маладыя птушкі да канца лета маюць на спіне і баках галавы цёмныя, падоўжныя палоскі. У палёце доўгая, тонкая шыя з вялікай галавой, зверху на цёмных крылах белае люстэрка і трохвугольная белая пляма. Голас гучны, хрыплаваты.
Добра плавае і нырае, узлятае з разбегу. Палёт хуткі.
Пашырэнне
Насяляе вадаёмы са стаячай вадой за выключэннем вельмі малых па плошчы азёр і сажалак.
Арэал разарваны: Еўропа без паўночна-ўсходняй, заходняй і паўночнай Скандынавіі, праз Расію, Малую Азію і краіны Блізкага Усходу да Карэйскага паўвострава; паўночны захад Афрыкі і на поўдзень ад Сахары, паўднёва-ўсходняя Аўстралія, Новая Зеландыя і Тасманія. Пералётны від, у Афрыцы і Аўстраліі аселы. Месца зімовак: Заходняя і Паўднёвая Еўропа, Паўднёвая і Усходняя Азія (узбярэжжа Кітая, Японія). На Беларусі звычайны на гнездаванні пералётны, транзітна мігрыруючы і ў невялікай колькасці зімуючы від.
Асаблівасці біялогіі
Корміцца дробнай рыбай, воднымі ракападобнымі, малюскамі. Заглынае пёры, якія выконваюць ролю гастралітаў.
У шлюбны перыяд птушкі плаваюць парамі, адначасова ныраюць за воднымі раслінамі.
Гняздо — плывучая недалёка ад краю трыснягу вільготная куча з гніючых водных раслін. Можа гняздзіцца ў калоніях.
Яйкі (3-5) з аднолькавазавостранымі канцамі, белыя; памеры: 53 х 36 мм.
Падвіды
Р. c. cristatus — Еўропа і Цэнтральная Азія да Манголіі і Карэі;
P. c. infuscatus — лакальна ва ўсходняй, паўднёвай і заходне-цэнтральнай частках Афрыкі;
P. c. australis — паўднёвая Аўстралія, Тасманія, паўднёвая частка Новай Зеландыі.
Літаратура
Птушкі Еўропы: Палявы вызначальнік / пад рэд. М. Нікіфарава. — Варшава: Навуковае выдавецтва ПНВ, 2000.
Wikiwand in your browser!
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.