Баптызм
галіна пратэстанцтва / From Wikipedia, the free encyclopedia
Бапты́зм (паводле грэч. Βάπτισμα — хрышчэнне) — хрысціянская дэнамінацыя ў пратэстанцтве, засяроджаны на індывідуалізме ў дачыненні да Бога і надзвычайнай ролі Свяшчэннага Пісання. Збавенне паводле баптыстаў недасягальнае ўласнымі ўчынкамі, адно толькі ласкай Божай праз асабістую веру ў збаўчую ахвяру Ісуса Хрыста дзеля выкуплення грахоў чалавецтва. Баптысты здзяйсняюць хрышчэнне выключна над тымі, хто свядома выражае пакаянне за грахі і вызнае веру ў Хрыста. Акцэнтуючы аўтаномію асобных збораў, ёсць таксама прыхільнікамі аддзялення царквы ад дзяржавы.
Большасць баптыстаў прадстаўляе евангельскае хрысціянства, хоць існуюць нешматлікія баптысцкія дэнамінацыі, якія належаць да ліберальнага напрамку пратэстанцтва. Баптысцкія цэрквы могуць адрознівацца ў стаўленні да пэўных пытанняў: прадвызначэнне альбо свабода волі, канчатковасць альбо мажлівасць страты збавення, адносіны да тэорыі эвалюцыі.
У практыцы царкоўнага жыцця баптысты прытрымліваюцца прынцыпу ўсеагульнага святарства, а таксама самастойнасці і незалежнасці кожнай асобнай царкоўнай суполкі (кангрэгацыяналізм). Прэсвітар (пастар) суполкі не мае абсалютнай улады, найбольш істотныя пытанні вырашаюць на царкоўных радах, агульных сходах вернікаў. Набажэнствы складаюцца з казаняў, спеваў у суправаджэнні інструментальнай музыкі, імправізаваных малітваў (уласнымі словамі), чытання духоўных паэм і вершаў[1].