Абезгалоўліванне
From Wikipedia, the free encyclopedia
Абезгалоўліванне (ад слова галава) — фізічнае аддзяленне галавы жывой істоты ад цела. Абезгалоўліванне можа быць наўмысным, гэта — забой сельскагаспадарчай птушкі,[1] дэкапітацыя эксперыментальных жывёл,[2] забойства, ці выкананне смяротнага пакарання; ажыццяўляецца пры дапамозе адмысловай прылады — гільяціны ці сякуча-рэжучых прылад — сякеры, мяча, нажа. Ненаўмыснае абезгалоўліванне можа адбыцца ў выніку выбуху, аўтамабільнай аварыі і іншых няшчасных здарэнняў. Самагубства праз абезгалоўліванне хоць і рэдка, але сустракаецца: у 2003 годзе брытанец пазбавіў сябе галавы пры дапамозе ўласнаручна пабудаванай гільяціны з электрычным запускам[3].
Абезгалоўліванне безумоўна прыводзіць да смерці мозгу ў выніку рэзка прагрэсуючай ішаміі, акрамя выпадкаў, калі адсечаная галава неадкладна прышываецца да свайго ці чужога цела са сшываннем крывяносных судзін і аднаўленнем кровазвароту, як гэта паказана ў працах У. П. Дземіхава.[4] Смерць мозгу надыходзіць на працягу некалькіх хвілін пасля аддзялення галавы ад цела. Гісторыі пра тое, што галава глядзела на ката, пазнавала сваё імя і нават спрабавала казаць, з’яўляюцца, з пункту гледжання нейрафізіялогіі, моцна перабольшанымі. Галава траціць прытомнасць праз 300 мілісекунд пасля адсячэння і незваротна спыняецца амаль уся вышэйшая нервовая дзейнасць, у тым ліку здольнасць адчуваць боль. Некаторыя рэфлексы і сутаргі цягліц твару могуць працягвацца яшчэ некалькі хвілін.