Вінцэнт ван Гог
нідэрландскі мастак / From Wikipedia, the free encyclopedia
Вінцэнт Вілем ван Гог (нідэрл.: Vincent Willem van Gogh, 30 сакавіка 1853 — 29 ліпеня 1890) — нідэрландскі мастак, творчасць якога належыць да кірунку постімпрэсіянізм. Адна з самых уплывовых асобаў у гісторыі заходняга мастацтва. Прыкладна за 10 гадоў стварыў каля 2100 твораў мастацтва, у тым ліку 860 карцін алеем, большасць з якіх была намаляваная на працягу двух апошніх гадоў жыцця. Яны ўключаюць у сябе пейзажы, нацюрморты, партрэты і аўтапартрэты і характарызуюцца яскравымі колерамі і драматычнымі, імпульсіўнымі і выразнымі мазкамі, якія ўнеслі свой уклад у асновы сучаснага мастацтва. Ягонае самагубства ва ўзросце 37 гадоў было наступствам псіхічнага захворвання і галечы.
Вінцэнт Ван Гог | |
---|---|
нідэрл.: Vincent van Gogh | |
| |
Імя пры нараджэнні | нідэрл.: Vincent Willem Van Gogh[1] |
Дата нараджэння | 30 сакавіка 1853(1853-03-30)[2][3][…] |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 29 ліпеня 1890(1890-07-29)[2][3][…] (37 гадоў) |
Месца смерці | |
Месца пахавання | |
Грамадзянства | Нідэрланды |
Бацька | Theodorus van Gogh[d] |
Маці | Anna Carbentus van Gogh[d] |
Род дзейнасці | мастак, рысавальнік, мастак-гравёр |
Месца працы | |
Жанр |
пейзаж нацюрморт партрэт |
Вучоба | |
Мастацкі кірунак | постімпрэсіянізм |
Заступнікі | Тэа ван Гог |
Уплыў | Адольф Манцічэлі |
Уплыў на | Antoon Hermans[d] |
Член у | |
Подпіс | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Нарадзіўшыся ў сям’і сярэдняга класа, маляваў з дзяцінства і быў спакойным, сур’ёзным і ўдумлівым. У маладосці працаваў дылерам у мастацка-гадлёвай фірме, часта падарожнічаў, але запаў у дэпрэсію пасля таго, як быў пераведзены ў Лондан. Пасля гэтага звярнуўся да рэлігіі і нядоўгі час быў пратэстанцкім місіянерам у паўднёвай частцы Бельгіі. На працягу некалькіх гадоў жыў у хворасці і адзіноце, пасля чаго пераехаў у дом сваіх бацькоў у 1881 годзе і сур’ёзна заняўся жывапісам. Ягоны малодшы брат Тэа падтрымліваў яго матэрыяльна, і браты актыўна падтрымлівалі перапіску. Ягоныя раннія працы, у асноўным нацюрморты і апісанне сялянскага жыцця, маюць прыкметы выкарыстання яскравых колераў, якое адрознівала ягоныя пазнейшыя творы. У 1886 годзе пераехаў у Парыж, дзе сустрэўся з прадстаўнікамі авангарда, у тым ліку Эмілем Бернарам і Полем Гагенам, якія выступалі супраць пачуццёвасці імпрэсіяністаў. Па меры развіцця творчасці стварыў новы падыход да напісання нацюрмортаў і мясцовых краявідаў. Ягоныя карціны сталі больш яскравымі, калі ён распрацаваў стыль, цалкам рэалізаваны падчас яго знаходжання ў Арле на поўдні Францыі ў 1888 годзе. У гэты перыяд ён пашырыў тэму сваёй творчасці, малюючы аліўкавыя дрэвы, палі пшаніцы і сланечніка.
Пакутаваў ад псіхатычных эпізодаў і трызнення і, хоць і турбаваўся пра сваю псіхічную ўстойлівасць, часта грэбаваў сваім фізічным здароўем, не еў належным чынам і злоўжываў алкаголем. Ягонае сяброўства з Гагенам скончылася сутыкненнем з брытвай, калі ў лютасці ён адрэзаў частку ўласнага левага вуха. Праводзіў час у псіхіятрычных лякарнях, у тым ліку падчас знаходжання ў Сэн-Рэмі. Пасля таго, як ён выпісаўся і пераехаў у Авер-сюр-Уаз каля Парыжу, дзе апынуўся пад апекай гамеапатычнага лекара Поля Гашэ. Ягоная дэпрэсія працягвалася і 27 ліпеня 1890 года ён стрэліў сабе ў грудзі з рэвальвера, памёршы праз два дні.
Не атрымаў прызнання падчас жыцця, лічыўся вар’ятам і няўдачнікам. Стаў вядомым толькі пасля самагубства і існуе ў грамадскім уяўленні ў якасці квінтэсенцыі непрызнанага генія, мастака «дзе сыходзяцца развагі пра вар’яцтва і творчасць». Ягоная рэпутацыя пачала расці ў пачатку 20 стагоддзя, калі элементы ягонага стылю пачалі выкарыстоўвацца фавістамі і нямецкімі экспрэсіяністамі. Дасягнуў шырокага крытычнага і камерцыйнага поспеху на працягу наступных дзесяцігоддзяў, а ягонае імя стала сусветна вядомым. На сённяшні дзень ягоны вобраз увасабляе ў сабе рамантычны ідэал змучанага мастака.