Ямантавічы (Ямантовічы) — княжацкі род літоўскага паходжання. Паходжанне роду ў XIII стагоддзі не прасочваецца[1]. У XVI ст. на пячатках Ямантавічы карысталіся выявай арла. Пазней празваны Ямантавічамі-Падбярэзскімі, каб адрозніваць ад Падбярэзскіх, іх нашчадкаў па кудзелі, але не князёў і ад папярэднікаў на Падбярэззі — кн. Друцкіх-Падбярэзскіх. Нашчадкі Ямантавічаў, шляхцічы Падбярэзскія, спрабавалі карыстацца княжацкім тытулам і прозвішчам Друцкія[2], таму ўсе тры роды ўладальнікаў Падбярэззя нярэдка блытаюць.

Першы вядомы прадстаўнік роду — Ямант Тулунтавіч, паводле Т. Нарбута, быў сынам Гудры Гінвілавіча і нашчадкам Гедруса, але гэтыя звесткі малаверагодныя. Яшчэ да Крэўскай уніі быў праваслаўным[3], паводле Каяловіча, з хросным імем Васіль, але, напэўна, Каяловіч змешвае яго з Васілём Барэйкавічам.

Ямант Тулунтавіч пэўна вядомы з 1390 года, калі разам з князем Вітаўтам выехаў да Ордэна ў Прусію. У верасні 1395 года вял.кн. Вітаўт даручыў кн. Яманту разам з Васілём Барэйкавічам кіраваць далучаным Смаленскім княствам. У 1398 годзе, між іншымі князямі, староста (намеснік) клецкі Ямант быў сведкам Салінскага дагавора з Ордэнам. Тым часам заховаў і ўрад намесніка смаленскага, тытулуецца ім сярод палеглых у бітве на Ворскле (1399).

Сынамі Яманта, напэўна, былі Сямён (Сенька) (нар. да 1380, зг. 1401—1411, пам. да 15.9.1445) і Міхаіл (пам. да 1442). Сямён быў смаленскім намеснікам пасля 1441 і да 15.9.1445 года, пра яго нашчадкаў нічога не вядома. Міхаіл, напэўна, меў прынамсі трох сыноў, Юрыя (Юшку) (зг. 1450, пам. пасля 16.9.1464) і невядомых Ю. Вольфу Івана і Фёдара Ямантавічаў[4], якія каля 1455 года размежавалі сваё Падбярэззе з Варанцэвічамі, маёнткам Івана Іллініча, які пры гэтым атрымаў сяло Мікулінскае і два з паловай селішчы ў нейкім «горадзе Коч». Дзецьмі кн. Фёдара Ямантавіча былі кн. Сямён Фёдаравіч Ямантавіч-Падбярэзскі (зг. з 1506), безпатомна памерлы да 1540 года, і Юліянія, якіх Ю. Вольф лічыў дзецьмі Юрыя.

Паводле Ю. Вольфа, па мячы род Ямантавічаў згас на Сямёне Ямантавічы-Падбярэзскім, памерлым да 1540 года[5], але сам Ю. Вольф пад 1548 годам згадвае гаспадарскага баярына Лаўрына Іванавіча Ямантавіча, які наехаў на маёнтак князёў Свірскіх.[6]

Перад 1540 годам князь Сямён Ямантавіч-Падбярэзскі валодаў маёнткам Падбярэззе (з «прысёлкамі» Перавалочня, Астрашапкі, Башарова, Палюдава) каля Друцка, Бачэйкавым у Полацкай зямлі, часткай «даннікаў» на Грушцы (пазнейшая Грушка-Гапонаўская) і ў Ельнянах (цяпер мясціны на стыку Крупскага і Талачынскага раёнаў — р. Еленка, в. Еленка і Ільяні), а таксама часткамі валасцей Басея за Дняпром і Зарэмцы (уключна з суседнімі Лагамі) за Бярэзінай.[7]

Зноскі

  1. Насевіч В. Л. Генеалагічныя табліцы…
  2. Нарбут А. Н. Генеалогия Белоруссии. Выпуск 2 (XVI—XVIII вв.). — М., 1994. — С. 120.
  3. Насевіч В. Беларускія землі ў…
  4. Варонін, В. Новыя даныя аб землеўладанні магнацкага роду Іллінічаў у XV ст. // Мірскі замак і замкі Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Праблемы рэстаўрацыі і музеефікацыі. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя. Г.п. Мір Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці 4 чэрвеня 2005 года. — Мн.: Белпрынт, 2006. — 128—132.
  5. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy… S. 152;
  6. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy… S. 506;
  7. Wolff J. Kniaziowie litewsko-ruscy… S. 152—153, 672—673.

Літаратура

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.