Шчомысліца
аграгарадок у Мінскім раёне Мінскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Remove ads
аграгарадок у Мінскім раёне Мінскай вобласці Беларусі From Wikipedia, the free encyclopedia
Шчо́мысліца[2] (трансліт.: Ščomyslica, руск.: Щомыслица) — аграгарадок у Мінскім раёне Мінскай вобласці Беларусі. Адміністрацыйны цэнтр Шчомысліцкага сельсавета.
Аграгарадок
Шчомысліца
| ||||||||||||||||||||||||
Размешчана на скрыжаванні шашы Р1 з Н9057, за 2 км на паўднёвы захад ад МКАД (М9). У аграгарадку знаходзіцца чыгуначная станцыя Памыслішча.
Паводле адной з версій, назва паходзіць ад старажытнарускага імя Шчомысел, т.б. літаральна значыць "уласнасць Шчомысла", які тым часам кантраляваў тут участак транзітнага гандлю. Або ад патроніма з гэтага імя, Шчомыслічы, т.б. нашчадкі Шчомысла, а сучасная форма Шчомысліца магла быць вынікам паланізацыі. Імя Шчомысел можа быць спрашчэннем вядомага з летапісаў імя Гастамысел.[3]
Упершыню згадваецца 6 мая 1645 года як вёска Шчомысліца з 19 двароў у складзе маёнтка Прылукі Менскага павета Менскага ваяводства Вялікага Княства Літоўскага, уласнасць К. В. Статкевіча, старасты азярышчанскага і падкаморыя браслаўскага. Верагодна, у ліпені 1655 года вёска знішчана казацкім атрадам І. Залатарэнкі. Насельніцтва загінула, памерла ад эпідэміі і голаду ці разбеглася. Пасля вайны 1654—1667 гадоў існавала як дробнае паселішча маёнтка Прылукі.[3]
У 1800 годзе вёска Мінскага павета Мінскай губерні, 2 двары, 11 жыхароў. У 1-й палове ХІХ ст. малая вёска прыгонных сялян - сем’яў Аляксейчыкаў, Бабуркаў і Крыштафовічаў, якія належалі памешчыкам Іваноўскім, Оштарпам, Горватам, Чапскім. У 2-й палове ХІХ ст. зямлю ў засценку Шчомысліца здавалі ў арэнду шляхецкім сем’ям Арцішэўскіх, Чартовічаў і іншым. У 1909 годзе згадваецца як аднаселле Самахвалавіцкай воласці Мінскага павета Мінскай губерні, 3 двары, 24 жыхароў. У 1910-я гады паселішча пачало ўзбуйняцца праз распродаж памешчыцкай зямлі. Тым жа часам, у 1917 годзе ў раёне сучаснага перасячэння вуліц Керунікава і Жукоўскага, пры сядзібе графіні Ю. Чапскай, знаходзіўся фальварак, дзе жыло 78 чалавек.[3]
Да рэвалюцыі праваслаўнае насельніцтва вёскі адносілася да прыходу Прылуцкай Георгіеўскай царквы, каталіцкае да парафіі Мінскага Кальварыйскага касцёла (у 2-й палове ХІХ ст. — пачатку ХХ ст.), да парафіі Воўчкавіцкага касцёла Сэрца Іісуса і Найсвяцейшай Марыі Дзевы (паміж 1906 і 1917 гг.)[3].
З лістапада 1917 г. у складзе Падгайскага с/с Самахвалавіцкай воласці Мінскага павета (з 07.1924 Самахвалавіцкага раёна Мінскай акругі, з 07.1930 — Самахвалавіцкага раёна, з 07.1934 — Мінскага раёна, з 02.1938 — Мінскага раёна Мінскай вобласці). У 1925 г. урочышча Шчомысліца, галоўным чынам, складалася з «гістарычнага цэнтра» на месцы размяшчэння летняй рэзідэнцыі Ю. Чапскай, хутароў вакол ст. Памыслішча і хутароў, размешчаных за цяперашняй Брэсцкай шашой, пра што нагадвала вадапомпавая вежа для паліву зямлі (знесена летам 2006). У 1931 годзе пры стварэнні калгасу «Чырвоны партызан» вёска пачала змяняць межы — пачала фарміравацца цяперашняя вуліца Керунікава, якая злучыла гістарычны цэнтр — месца размяшчэння летняй рэзідэнцыі Ю. Чапскай — з чыгуначнай дарогай Мінск—Брэст. Восенню 1936 г. у Шчомысліцы заснавана цэнтральная сядзіба калгасу[3].
На хутары І. А. Аляшкевіча паблізу станцыі Памыслішча каля 1929 года заснавана першая школа, першым дырэктарам быў М. І. Русаловіч. Пасля яго знікнення ўвосень 1936 г. загадчыцай школы была В. П. Жукоўская. У 1938 г. у будынку графіні Ю. Чапскай была заснавана сямігадовая школа, дырэктарам якой быў брат загадчыцы С. П. Жукоўскі[3].
У чэрвені 1941 года суседняя чыгуначная станцыя Памыслішча падверглася нямецкай авіябамбардзіроўцы. Некаторыя жыхары Шчомысліцы загінулі ратуючыся ў сцёкавых трубах пад чыгункай. У парку пахавана больш за сотню чырвонаармейцаў, якія вялі абарончыя баі на падыходах да Мінска. У гады вайны ў вёсцы дзейнічала падпольная група Гвоздзева, у красавіку 1942 года трапілі ў рукі карных органаў муж і жонка І. А. і Н. І. Клочкі (растраляны ў маі таго ж года). На фронце загінула як мінімум 4 жыхары вёскі. 21 ліпеня 1944 года нямецкая бомба патрапіла ў грузавік, які ў раёне Шчомысліцы перавозіў савецкіх байцоў. У выніку прамога траплення загінуў дзясятак вайскоўцаў, у т.л. старшы сяржант 15-й брыгады хімабароны М. І. Керунікаў і лейтэнант 80-га батальёна хімабароны П. Л. Вераб’ёў, у гонар якіх названы дзве значныя вуліцы паселішча. Трэцяя названа ў памяць даваеннага настаўніка Шчомысліцкай школы С. П. Жукоўскага, які загінуў у 1942 годзе. Абеліск на брацкай магіле савецкіх воінаў пастаўлены ў 1975 г. (лічыцца, што агулам у парку пахавана 138 чалавек, у т.л. воіны 95-й стралковай дывізіі). На пліце прапісаны імёны загінулых у грузавіку 21.07.1944 г. З часам да спісу далучылі імя мясцовага жыхара В. І. Касцецкага (1872—1941), які памёр у канцы чэрвеня 1941 года і чыё пахаванне было на краі паселішча (цяпер прыватнае ўладанне па вул. Вараб’ёва)[3].
З 8 красавіка 1957 года вёска з’яўляецца цэнтрам Шчомысліцкага сельсавета[4].
З 18 сакавіка 2008 года — аграгарадок Шчомысліцкага с/с Мінскага раёна Мінскай вобласці.
Плануецца, што вёска і тэрыторыя вакол стане новым жылым мікрараёнам Мінска[5], да ўзвядзення якога мусілі прыступіць у 2011 годзе. Раён-новабудоўля будзе разлічаны на 50 тыс. чалавек. У канцы 2013 года планавалася[6] ўвесці ў эксплуатацыю новую станцыю Мінскага метрапалітэна — «Шчомысліца», якая будзе ісці за станцыяй «Малінаўка», але на 1 студзеня 2023 года станцыя яшчэ не была ўведзена ў эксплуатацыю. Акрамя станцыі запланавана ўзвядзенне дэпо метрапалітэна.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.