Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Ца́ля (польск.: cal, ад ням.: Zoll[1]) — адзінка даўжыні ў англійскай сістэме мер, роўная 1/12 фута (2,54 см). У помніках старабеларускага пісьменства выяўлена толькі адно ўжыванне цалі разам з перстам як сінонімаў: «а сесь аршинъ великихъ перстовъ или цалей сто, си есть лактей четыри въ собҍ обрҍтаетъ...»[2]. Цаля адносіцца да адзінак даўжыні антрапаметрычнага паходжання. Сярэдне- і верхненямецкае слова «Zol» — фаланга пальца ў XVI ст. ужывалася са значэннем адзінка вымярэння на палец шырыні[3] і, на думку Я. Карскага, праз польскае пасрэдніцтва было запазычна старабеларускай мовай[4]. Відаць, запазычана яно было з метрычным значэннем, бо з іншымі значэннямі ў старабеларускай мове не выяўлена. Пазней гэта адзінка ўвайшла ў склад сістэмы Вялікага Княства Літоўскага (24 цалі ў адзін локаць[5]).
У наш час выкарыстоўваецца пераважна ў Брытаніі і ЗША. Аднак некаторыя памеры традыцыйна ўказваюцца ў цалях (напрыклад, дыяганаль манітораў, дыяметр цвёрдых і гнуткіх магнітных дыскаў і інш.).
У ВКЛ выкарыстоўвалася цаля роўная 2,7 см. У Расійскай імперыі ўжывалася назва руск.: дюйм.
Слова цаля ў сучаснай беларускай мове ўжываецца са значэннем адзінкі даўжыні: «Ну, усе выгоды каля бока, тае зямлі якраз валока, — Міхал распісваў з жарам далей. — А чорны грунт — дванаццаць цалей»[6]; «Такім чынам, бачыў я кожны дзюйм, кожную цалю таго берага, ля якога мы праплывалі»[7]. Яно ўжываецца ў словазлучэннях «свайго не ўпусціць ні на цалю» — не ўпусціць сваёй карысці, «не саступіць і цалі» — не ўступіць нічога нікому: «Той самы Богут, што без жалю гатоў зарваць чужы кусок і высмактаць з цябе ўвесь сок, свайго ж не ўпусціць ні на цалю»[8]; «Я не саступлю і цалі. Мяне не на тое нарадзілі»[9]. У сучаснай беларускай мове ўжываецца таксама прыметнік «цалёвы» — даўжынёй на цалю і ўтвораны ад яго назоўнік «цалёўка» — дошка на цалю таўшчынёй: «...каля коміна стаяла матчына прасніца, скрыначка з рашпілем, абцугамі і цалёвымі ржавымі цвікамі»[10]; «Агата пайшла ў мыцельнік, за перагародку з цалёвак, нібы мыць міскі»[11].
У сучаснай беларускай мове агульнапрынятага літарнага скарачэння для пазначэньня цаляў няма. Часцей за ўсё капіруецца англійскае пазначэнне: падвойная рыска ( ″ — U+2033), якая ставіцца без прабелу пасля лікавага значэння, напрыклад: 3″ (3 цалі). У англійскамоўных краінах таксама выкарыстоўваецца скарачэнне «in» (англ.: inch — цаля): «3 in».
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.