From Wikipedia, the free encyclopedia
Упраўленне па справах мастацтваў пры СНК БССР — орган кіравання ўстановамі культуры ў БССР, які існаваў у 1936—1952 гадах.
У другой палове 1930-х гадоў у СССР праходзіў працэс цэнтралізацыі ўсіх галін культуры. Пастановай УЦВК і СНК СССР ад 17 студзеня 1936 г. быў утвораны Усесаюзны Камітэт па справах мастацтваў пры СНК СССР. У складзе Камітэта дзейнічаў Савет прадстаўнікоў рэспублік (саюзных і аўтаномных). Камітэт кіраваў усімі відамі мастацтваў, акрамя літаратуры, і профільнымі навучальнымі ўстановамі. На Камітэт таксама ўскладаўся кантроль над рэпертуарам відовішчных прадпрыемстваў[1].
Пытанне аб стварэнні Упраўлення па справах мастацтваў пры СНК БССР абмяркоўвалася на пасяджэнні бюро ЦК КП(б)Б 8 сакавіка 1936 г. Тады ж быў зацверджаны праект пастановы ЦВК і СНК БССР «Аб стварэнні пры СНК БССР Упраўлення па справах мастацтваў». На яго ўскладалася «кіраўніцтва ўсімі справамі мастацтва, з падпарадкаваннем яму тэатраў і іншых відовішчных прадпрыемстваў, Белдзяржкіно, музычных, мастацка-жывапісных, скульптурных і іншых устаноў па мастацтве, у тым ліку навучальных устаноў, якія рыхтуюць кадры працаўнікоў тэатра, кіно, музыкі і выяўленчага мастацтва»[1]. Пастанова была зацверджана 13 сакавіка 1936 года[2][3].
Раней гэтыя ўстановы знаходзіліся ў распараджэнні Народнага камісарыята асветы БССР, таму ў пастанове гаварылася пра найскарэйшую перадачу гэтых структур, а таксама прызначаных ім матэрыяльных і фінансавых сродкаў Упраўленню па справах мастацтваў пры СНК БССР[1].
Дзейнасць гэтай дзяржаўнай установы кантралявалі, як цэнтральныя, так і мясцовыя партыйныя органы — аддзелы агітацыі і прапаганды, культурна-асветныя аддзелы абкамаў КП(б)Б. У сваю чаргу ўпраўленні і аддзелы па справах мастацтваў знаходзіліся ў пастаяннай камунікацыі з імі[1].
Станаўленне новай структуры ў сістэме ўпраўлення мастацкай культурай прыйшлося на складаны перыяд. У 1937 г. у БССР праходзілі масавыя рэпрэсіі, якія істотна змянілі кадравы склад органаў культуры. Так, старшыня Усесаюзнага камітэта па справах мастацтваў пры СНК СССР П. М. Кержанцаў паведаміў старшыне СНК БССР Кавалёву на непрымальнасць прапанаванай ім кандыдатуры начальніка Упраўлення па справах мастацтваў БССР, бо ягоны кандыдат «разам са шпіёнам Шаранговічам[4] нясе палітычную адказнасць за грубыя палітычныя памылкі, дапушчаныя ЦК Беларусі»[1].
З 26 сакавіка 1946 года Упраўленне па справах мастацтваў пры Савеце Міністраў БССР[5].
У 1952 г. Упраўленне па справах мастацтваў рэарганізавана ў Камітэт па справах мастацтваў пры СМ БССР. У 1953 г. на базе аб’яднання існуючых у рэспубліцы Міністэрства кінематаграфіі, Камітэта па справах мастацтваў, Камітэта па справах культурна-асветніцкіх устаноў, Камітэта радыёінфармацыі, Упраўлення па справах паліграфічнай прамысловасці, выдавецтваў і кніжнага гандлю створана саюзна-рэспубліканскае Міністэрства культуры БССР[6].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.