Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Стары парадак, таксама Стары рэжым (фр.: Ancien régime) — тэрмін, які першапачаткова і ў больш вузкім сэнсе адносіцца да сацыяльнага і палітычнага рэжыму часоў каралявання Бурбонаў у Францыі, а ў больш шырокім сэнсе да ранняга Новага часу ва ўсёй Еўропе да Французскай рэвалюцыі 1789 года або да пачатку Напалеонаўскіх войнаў. Тэрмін часта з'яўляецца сінонімам абсалютызму.
Першапачаткова тэрмін «Стары парадак» адносіўся да абсалютысцкай формы праўлення Бурбонаў у Каралеўстве Францыя. У гэтым сэнсе гэты тэрмін замацаваўся ў гістарычнай навуцы не пазней за 1856 год, пасля таго, як французскі журналіст і палітык Алексіс дэ Таквіль апублікаваў эсэ з аналізам Французскай рэвалюцыі.
Упершыню Бурбоны ўзышлі на французскі трон у 1589 годзе і кіравалі Францыяй без перапынку добрыя 200 гадоў. Тры гады паміж 1789 годам, пачаткам Французскай рэвалюцыі, і 1792 годам, годам поўнага скасавання Старога рэжыму, лічацца пераходным перыядам. У гэты перыяд улада караля была ўжо фактычна зрынутая, але манархія як такая яшчэ існавала. Калі б і захацелася назваць канкрэтны дзень, які б азначаў канец Старога рэжыму, то, верагодна, ён быў бы ў перыяд напружанасці паміж трыма падзеямі 1789 года, а менавіта: штурмам Бастыліі 14 ліпеня, скасаваннем феадальных правоў 4 жніўня ці 6 кастрычніка, калі кароль быў вымушаны перанесці сваю штаб-кватэру з Версаля зноў у Парыж. Першая рэспубліка ў Францыі была абвешчана толькі 21 верасня 1792 года, на наступны дзень пасля поспеху французскіх рэвалюцыйных войскаў у кананадзе пад Вальмі. У гэты момант кароль Людовік XVI ужо знаходзіўся пад арыштам шэсць тыдняў.
Тэрмін «Стары рэжым» першапачаткова меў станоўчую канатацыю як напамін пра «старыя добрыя часы» перад рэвалюцыйнымі ўзрушэннямі і нягодамі. Талейран аднойчы сказаў, што кожны, хто не застаў Стары парадак, не ведаў салодкасці жыцця. Сёння Стары рэжым як назва дарэвалюцыйнай аўтарытарнай дзяржавы мае даволі негатыўную канатацыю. Увогуле, гэты тэрмін выкарыстоўваецца для абазначэння састарэлай, пераважна манархічнай сістэмы кіравання, якая разглядаецца як неадпаведная патрабаванням сучаснасці, такой як Расійская імперыя да 1917 года.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.