From Wikipedia, the free encyclopedia
Прымусовае перасяленне — рух насельніцтва, у час якога сукупнасць жыхароў пэўнай тэрыторыі, або яе частка, змушаецца пакінуць сталае месца жыхарства з прычыны выкарыстання гвалту з боку айчыннай ці прыйшлай улады, або з прычыны пагрозы гвалту ў час вайны, страху перад пераследам.[1]
Прымусовыя перасяленні адрозніваюцца ад вымушаных, напрыклад, ад эвакуацыі (прымусовай) з-за пагрозы прыроднага катаклізму. З іншага боку, у выпадку прымусовых перасяленняў у вузкім сэнсе (як, напрыклад, дэпартацыя) людзі выступаюць толькі як аб'екты гвалтоўных дзеянняў і пазбаўленыя магчымасці супраціву.
Матывацыя дзеянняў улады, якая спрычыняе прымусовае перасяленне, можа быць эканамічнай, унутрыпалітычнай, ідэалагічнай (рэлігійнай). Агульныя заканамернасці прымусовых перасяленняў як інструменту гаспадарчай і ваеннай палітыкі: наяўнасць ксенафобій, абсалютызацыя інтарэсаў дзяржавы (вышэйшай улады), рэпрэсіі ў дачыненні да этнічных або тэрытарыяльных супольнасцей.
Гл. таксама: міграцыя, эвакуацыя, дэпартацыя.
Прымусовыя перасяленні, як складаныя арганізацыйныя мерапрыемствы, што вымагаюць ад уладаў значных сродкаў і намаганняў, адбываюцца ад старажытнасці. Падчас войн, якія вялі цары Асірыі, найпазней ад 8 ст. да н.э. звычайным стала масавае вывядзенне насельніцтва з захопленых земляў у правінцыі Асірыі, дзе патрабавалася працоўная сіла (Тыглатпілас III, 730 да н.э. — перасяленне 154 тыс. халдзеяў з Пд Вавілону ў ПнУ Асірыю; Саргон II, 720 да н.э. — высяленне 90 тыс. людзей з сірыйскіх дзяржаў; Сенахерыл, 701 да н.э. — перасяленне 200 тыс. людзей з Іўдзеі).
Такая палітыка выкарыстоўвалася валадарамі Вавілона (вывад насельніцтва Іерусаліма ў вавілонскую няволю Навухаданосарам II, 581 да н.э.), Рымскай імперыі — ачыстка гарадоў Італіі «ад жабракоў, бунтаўнікоў і дармаедаў» і г.д.
Да іспанскай каланізацыі падобную палітыку рэгулярна ажыццяўлялі інкі ў сваёй дзяржаве ў Паднвай Амерыцы, у дачыненні да заваяваных або непадпарадкаваных тэрыторый. У Еўропе асабліва актыўна карысталіся такой палітыкай улады Іспаніі (напрыклад, перасяленне езуітаў у Італію, на Канарскія астравы, у Парагвай у час асветніцкіх рэформ 1767 года), Брытаніі (высылка ў калоніі, напрыклад, на Антыльскія астравы) і Францыі (высылка ў Гвіяну, на Новую Каледонію).
Прымусовыя перасяленні ўзмоцніліся ў 19—20 ст. Пасля рэвалюцый 1848 года аб'ектамі прымусовых перасяленняў сталі падданыя Аўстрыйскай імперыі — венгры, немцы і чэхі; пасля пруска-аўстрыйскай вайны (1866) і прускай экспансіі — чэхі. У 1886 годзе з усходняй Прусіі былі выселены 26 тыс. палякаў і яўрэяў.
Асабліва моцныя патокі прымусовых перасяленняў выклікаў перадзел Балканскага паўвостраву пасля руска-турэцкай (1877—1878), дзвюх Балканскіх (1912—1913). Так, да 1912 у Балгарыю перасяліліся да 250 тыс. бежанцаў-хрысціян, і назіраўся прыблізна роўны паток перасялення туркаў (мусульман) у Турцыю. Першай спробай міжнароднага рэгулявання праблемы стала падпісанне ў 1913 Балгарыяй і Турцыяй першага пагаднення пра абмен насельніцтва.
У Першую сусветную вайну і з перадзелам тэрыторый пераможаных дзяржаў пасля яе, асабліва распаўсюдзіліся «этнічныя чысткі». Так, у 1915—1917 сотні тысяч сербаў былі выселены з Сербіі або змушаныя да гэтага; пасля вайны аб'ектамі чыстак сталі немцы і аўстрыйцы з земляў Германскай і Аўстрыйскай імперый, што змянілі дзяржаўную прыналежнасць.
Месцам асабліва інтэнсіўных перасяленняў, нягледзячы на трактаты 1919 і 1925 гг., заставаліся балканскія дзяржавы — Турцыя, Балгарыя і Грэцыя. Толькі ў 1921—1922 з Турцыі ў Грэцыю перасяліліся 1,2 млн грэкаў, а ў Турцыю — 400 тыс. туркаў з Грэцыі і 200 тыс., галоўным чынам, з Балгарыі.
Аб'ектам прымусовых перасяленняў былі яўрэі, напрыклад, 17 тыс. яўрэяў былі выціснуты ў сакавіку 1938 праз чэшска-польскую мяжу каля Збаншына.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.