Савецкая плошча (Гродна)

From Wikipedia, the free encyclopedia

Савецкая плошча (Гродна)map

Савецкая плошча — адна з галоўных плошчаў у цэнтральнай частцы Гродна. Размешчана на стыку вуліц Савецкай, Кірава, Карла Маркса, Стэфана Баторыя, Маставой, Замкавай, Калючынскай і Кастрычніцкай.

Хуткія факты Савецкая плошча Гродна, Агульная інфармацыя ...
Савецкая плошча
Гродна
Thumb
Агульная інфармацыя
Краіна Беларусь
Горад Гродна
Ранейшыя назвы (Стары) Рынак, Ратушная, Парадная, Саборная, Стэфана Баторыя, Kirchplatz
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы
Закрыць
Thumb
Плошча з боку касцёла

Старыя назвы — (Стары) Рынак, Ратушная, Парадная, Саборная, Стэфана Баторыя, Kirchplatz. Цяперашнюю назву атрымала ў 1940 годзе.

Гісторыя

Пасля таго, як у 1376 годзе Гродна стала ўладаннем князя Вітаўта, горад знаходзіўся ў эканамічным росквіце. У 1389 Вітаўтам закладваецца драўляны касцёл на заходнім боку плошчы, а сама плошча звязваецца з дзядзінцам вуліцай Замкавай і на ёй размяшчаецца рынак. Рынак становіцца цэнтрам грамадскага і гандлёвага жыцця горада, мае квадратную форму. Пасля атрымання горадам Магдэбургскага права ў 1496 годзе, у 1513 на гарадскім пляцы будуецца Ратуша, якая мае вежу з гадзіннікам, а таксама гандлёвыя шэрагі. У 1540 на пачатку вуліцы Замкавай (на месцы сучаснага палаца культуры Тэкстыльшчыкаў) будуецца Замкавы двор, а ў 1560 на месцы сучаснага дома № 1 па вуліцы Савецкай — першая гарадская карчма.

Thumb
На пярэднім боку будынак Ратушы, на заднім — палац Радзівілаў, пачатак XX ст.

Наступны этап плошчы звязаны з імем караля Рэчы Паспалітай Стэфана Баторыя, які зрабіў горад сваёй рэзідэнцыяй і памёр тут. У 1586 годзе замест драўлянага будуецца каменны касцёл, а на ўсходнім боку пляца ў 1580 будуецца палац Баторыя, які захаваўся да нашых дзён.

Thumb
Савецкая плошча ў пачатку XX стагоддзя, на дальнім боку відаць Сафійскі сабор (Фара Вітаўта). Здымак зроблены з будынка палаца Баторыя

Падчас вайны 1654—1667 спалена карчма, а горад разрабаваны.

Thumb
Фотаздымак будынка Ратушы, 1932 г.

У 1673 годзе прынята рашэнне праводзіць кожны трэці Сейм Рэчы Паспалітай у Гродна, пасля чаго магнаты пачынаюць актыўна набываць землі горада для будаўніцтва рэзідэнцый. Да канца XVII ст. на паўднёвым боку плошчы будуецца палац Радзівілаў, а палац Баторыя перабудоўваецца ў палац Бжастоўскіх. Насупраць фары Вітаўта ў пачатку XVIII ст. будуецца езуіцкі касцёл, а ля яго ў 1709 — першы, а ў 1763 — другі паверх аптэкі. Абодва будынкі захаваліся амаль без зменаў. У пачатку XVIII ст. перабудаваны будынак палаца Баторыя выкарыстоўваецца для пасяджэнняў сейма, таксама перабудоўваецца і палац Радзівілаў. На той час плошча была выбрукавана, ля ратушы быў вырыты калодзеж.

Thumb
Фара Вітаўта, пашкоджаная пажарам у канцы XIX ст.

Пасля Падзелаў Рэчы Паспалітай Гродна стала цэнтрам губерні ў Расіі. У 1803 годзе на тэрыторыі езуіцкага кляштара размяшчаюцца казармы і турма (якая размяшчаецца тут і ў нашы дні), у 1806 Фара Вітаўта перабудоўваецца ў праваслаўны Сафійскі сабор, у 1807 ратуша перабудоўваецца ў стылі класіцызму, паміж ёй і паўднёвым бокам плошчы закладваецца сквер з фантанам, рысы якога захаваліся і цяпер. У 1889 годзе яшчэ раз быў перабудаваны ў псеўдарускім стылі Сафійскі сабор. На паўночным боку плошчы ў 1898 годзе ўзводзіцца будынак дома Мураўёва ў стылі мадэрн, а ў 1910 годзе паўднёвы бок плошчы замыкаецца шараговай 2-павярховай забудовай з лаўкамі на першым паверсе.

Пасля падпісання Рыжскага дагавора ў 1921 годзе Гродна адыходзіць да Польшчы. Сафійскі сабор становіцца гарнізонным касцёлам і ў 1935 годзе перабудоўваецца ў гатычным стылі.

Падчас Другой сусветнай вайны быў моцна пашкоджаны паўдневы бок плошчы. Будынкі Ратушы і палаца Радзівілаў так і не былі ўзноўлены. Таксама быў знесены флігель палаца Баторыя і будынкі на паўночным боку плошчы. У 1950-я гады ў Цэнтральным скверы на плошчы пастаўлены фантан з дэкаратыўнай чашай у цэнтры круглага басейна (арх. М. Максімец)[1]. У 1958 годзе на заходнім боку плошчы быў збудаваны будынак Палаца культуры тэкстыльшчыкаў. А 29 лістапада 1961 года была ўзарвана Фара Вітаўта, на месцы якой так нічога і не было пабудавана. У 1962 годзе на гэтым месцы пасадзілі дрэвы, сквер знаходзіцца там і цяпер. У савецкі час на плошчы праходзілі дэманстрацыі.

У 2006 годзе плошчу адрамантавалі. На ёй знішчылі ўсе старыя дрэвы, прыбралі фантан. На момант знішчэння дрэвам каля Фарнага касцёла мусіла быць каля 80 гадоў. У некаторых крыніцах ёсць інфармацыя, што гэты ўчастак садзілі ўжо ў XIX ст. Вялікі сквер паміж цяперашнімі Маставой і Баторыя заклалі ў 1950-е на месцы разбуранага ў час вайны квартала.[2] У час рэканструкцыі плошчы збудавалі падземны пераход пад вуліцай Баторыя. Працы праходзілі з парушэннем заканадаўства.[3] Адзін з найстарэйшых археалагічных пластоў горада пашкодзілі – чыноўнікі выдалі дазвол на археалагічныя вышукі толькі праз месяц пасля пачатку земляных прац. У час пракладкі камунікацый зруйнавалі падмуркі палаца Радзівілаў. Супрацоўніца Міністэрства культуры спыняла працы, стаўшы пад экскаватар[4], гродзенская моладзь пратэставалі супраць руйнавання, захінаючы падмуркі сабой. Некаторыя знаходкі краязнаўцам і археолагам даводзілася вымаць проста з-пад каўша экскаватара.

Зараз плошча з'яўляецца месцам правядзення гарадскіх святаў.

Wikiwand in your browser!

Seamless Wikipedia browsing. On steroids.

Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.

Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.