From Wikipedia, the free encyclopedia
З насельніцтвам у 22,5 млн чалавек, Шры-Ланка з'яўляецца адным з самых населеных астравоў свету, у Індыйскім акіяне крыху саступаючы Мадагаскару (25 млн). Насельніцтва фактычна двунацыянальнае: пераважаюць будысты-сінгалы, на поўначы жывуць індуісты-тамілы. Сепаратысцкія імкненні тамілаў прывялі да стварэння ўзброенай паўстанцкай групоўкі — "тыграў Таміл-Ілама" — і сапраўднай грамадзянскай вайны (1983-2009), скончанай дзякуючы паспяховым ваенных дзеянняў урадавых сіл. Іншыя народы: мясцовыя маўры і веды; кітайскія і малайскія мігранты. Канстытуцыя дзяржавы замацоўвае за будызмам "вядучае месца" і дае шматлікія прывілеі, хоць і не прызнае дзяржаўнай рэлігіяй.
Для краіны, як і для ўсёй сённяшняй Паўднёвай Азіі, характэрны запаволены станоўчы прырост насельніцтва (0,76 % у 2017) з перавагай дзяцей і маладых асоб у працаздольным узросце. Нараджальнасць усё яшчэ значна пераўзыходзіць смяротнасць, але на адну жанчыну цяпер прыходзіцца 2,1 дзіцяці (2017)[1].
З насельніцтва Шры Ланкі (2012) каля 74,8% складаюць сінгалы, што адносяцца да індаеўрапейскіх народаў. 18% — тамілы, якія належаць да дравідыйскай моўнай сям'і і маюць больш цёмны колер скуры. Тамілы насяляюць паўночны і ўсходні берагі вострава. Яны дзеляцца на ланкійскіх тамілаў, што жылі тут спрадвеку, і індыйскіх, якія былі завезеныя англічанамі з Індыі для работ на плантацыях. 9,2% складаюць маўры — нашчадкі мясцовых жыхароў ды арабаў, што пачалі сяліцца па берагах вострава з VIII ст. Налічваецца таксама некалькі тысяч ведаў — спрадвечных жыхароў Паўднёвай Азіі аўстралоіднай расы, а яшчэ бюргераў — нашчадкаў партугальцаў, галандцаў і англічан, а таксама малайцаў.
Дзяржаўная мова — сінгальская. На ёй размаўляюць сінгалы, меншая частка маўраў, веды. Тамільская мова мае афіцыйны характар у акругах, дзе тамілы складаюць большасць насельніцтва. Таксама тамільская мова родная для большай часткі маўраў. Бюргеры размаўляюць на крэольскай партугальскай мове. Шырока распаўсюджана англійская мова, што выступае сродкам міжнацыянальных зносін.
Этнічнаму складу ў асноўным адпавядае і рэлігійная прыналежнасць насельніцтва: будызм вызнаюць каля 70% (у асноўным сінгалы), індуізм — больш за 17% (галоўным чынам тамілы). Іслам вызнаюць прыкладна 8% (у асноўным гэта маўры. Бюргеры гістарычна з'яўляюцца прыхільнікамі хрысціянства, шмат хрысціян і сярод між іншых народаў.
Па гушчыні насельніцтва Шры-Ланка (330 чал/кв.км) пераўзыхозіць ужо ўзгаданы Мадагаскар у 9 разоў і ў гэтым паказчыку падобная да Японіі. Востраў заселены даволі раўнамерна, але найбольшая шчыльнасць назіраецца на захадзе, асабліва густа заселены раён сталічнай агламерацыі. Большасць насельніцтва сельская — Шры-Ланка адносіцца да самых слабаўрбанізаваных краін свету (усяго 18 % у 2018 годзе[2]). Найбуйнейшыя гарады — Каломба (600 000), Кадувела (250 000), Махарагама (200 000), Гале, Трынкамалі, Джафна, Канды.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.