From Wikipedia, the free encyclopedia
Марыя Мікалаеўна Косіч, у дзявоцтве Уладзімірава (1850, в. Расуха Мглінскага пав. Чарнігаўскай губ. — 28 сакавіка 1911, там жа) — беларуская фалькларыстка, этнограф і пісьменніца.
Марыя Мікалаеўна Косіч | |
---|---|
Асабістыя звесткі | |
Дата нараджэння | 30 лістапада 1850 |
Месца нараджэння | |
Дата смерці | 28 сакавіка (10 красавіка) 1911 (60 гадоў) |
Месца смерці | |
Пахаванне | |
Грамадзянства | |
Альма-матар | |
Прафесійная дзейнасць | |
Род дзейнасці | пісьменніца, паэтка |
Кірунак | фалькларыстка, этнограф |
Мова твораў | беларуская |
Подпіс | |
Творы ў Вікікрыніцах | |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Жыла ў маёнтку дзеда Г. М. Сілевіча каля вёскі Расуха сярод беларускага насельніцтва са своеасаблівымі этнаграфічнымі і моўнымі рысамі. Адукацыю атрымала ў інстытуце ў Санкт-Пецярбургу. З маленства палюбіла народныя песні, прывязалася сэрцам да народа. Мела багатую бібліятэку. Ведала французскую мову[1].
Марыя Мікалаеўна ўзяла шлюб з ветэрынарным урачом, але дзяцей не мела. Узімку яна з мужам з'яжжала з Расухі ў Чарнігаў, дзе працавала ў рэдакцыі. Зямлю звычайна здавалі ў арэнду.
У 1911 г. у «Русской музыкальной газете» з'явіўся некралог аб смерці Марыі Косіч. У 1917 г. яе маёнтак і бібліятэка былі разрабаваныя мясцовымі сялянамі. Пахаваная ў Разрытаўскім манастыры (цяпер разбураны) за 6 км ад в. Расуха.
Ужо ў юнацтве пачала вывучаць фальклор (у 60-я гг. стала даследваць беларускую народную песню). З 1897 г. пад уплывам вядомага ўкраінскага грамадскага дзеяча А. Русава, які пасяліўся непадалёку, прыступіла да сістэматычнага збору народных песень. Аўтар працы «Ліцвіны-беларусы Чарнігаўскай губерні, іх побыт і песні» (1901), прысвечанай вуснай народнай паэзіі і духоўнай культуры беларусаў. У прадмове да зборніка характарызавала жыццё і побыт сялян, іх вераванні, паданні, песні, асаблівасці гаворкі і спеваў. У 1906 г. надрукавала этнаграфічны артыкул «Аб пабудовах беларускага селяніна Чарнігаўскай губерні». Гэтыя працы былі выкарыстаны ў сваёй рабоце беларускім мовазнаўцам Паўлам Растаргуевым.[2].
Ад этнаграфічна-фалькларыстычнай працы М. Косіч перайшла да ўласнай творчасці на беларускай мове. У вершаваным творы «На перасяленне: Расказ Цёткі Домны з Палесся» раскрыла характэрную асаблівасць жыцця беларускай парэформеннай вёскі — масавае перасяленне беззямельных і малазямельных сялян у Сібір. Выдатнае веданне вясковых рэалій і народнай мовы, шчырае спачуванне народу дазволілі ёй намаляваць даволі яркія сцэны падрыхтоўкі сялян да перасялення, развітання з роднымі мясцінамі.
Мы ў сваім сяле век свой векавалі, — ну, такой нуды, як нам у Сібіры, нашы дзяды й прадзеды не зазналі.
Наша-ж то сяло стаіць пры рацэ, а за рэчкай — луг, а там усё — дубравы… Ёсць у тых дубравах равы глыбакія, горы высакія, ляды шыракія. Лецечкам святым чаго ў нас няма? У нашым гаёчку грыб, арэх і жолуд; усякая ягада: і суніца, і брусніца, касцяніца і чарніца, і рабіна і каліна, — усяго ёсць там! Чорна ягада смародыня — і тая расце па лугам. Ды што па вясне, як пачне лес раскідацца, усе лужкі-даліны траўкай ураджацца, какалуша па лесе распушчацца! Божухна мой мілы, во як там прыгожа! Такія дзіковінкі, як там у Расусе, ня знайдзеш ній-дзе у цэлай акрузе. У нас крэпка душна улетку ня бывае. Ды што там узімку, як мароз прыцісьне, — унясеш у хатку сухенькіх дравец, вытапіш ляжанку, тады наша хатка — цёплая, як матка. Сядзіш сабе— люба! Пасканні прадзеш, а шчэ, калі трапіцца, й песню завядзеш. Праўда, што бывала хлеба небагацька — ета ня ў дзіковінку. Хоць галадавалі, ды не паміралі! Там у нас і так бывала: у каго хлеба не хватала, паедзе на «паньскае», нарубае дроў, воз лык накладзе, у горад адвязе, — і хлебца прыпасе. Можна было жыць: што Бога гнявіць![3]. |
Адначасова яна працавала над «пералажэннямі» баек Крылова на беларускую мову. Па сутнасці, гэта былі не пераклады, а пераробкі-перапрацоўкі, творы ў многім самастойныя. Выклаўшы сюжэт байкі Крылова, Косіч пераходзіла потым на блізкія сітуацыі з бытавога і грамадскага жыцця роднай вёскі. У яе творах парушаны байкавы памер — вольны верш[4].
Уздумаў Воўк у дарогу сабірацца Прыходзіць ён з зязюляй папрашчацца - Не ноч мая тут, кажа, -жыць! Ну ды й народ! Вор на вару! Усё б ён біў ды грабіў; Хоць сам пан-чорт — І той яму б не ўладзіў. Воўк і зязюля[5]. |
<noinclude>
У 1901 г. перадала рукапіс сваіх пералажэнняў 11 баек Крылова ў кіеўскую цэнзуру. Рукапіс разглядаўся ў Галоўным упраўленні па справах друку, ва ўпраўленні Віленскай навучальнай акругі. Рукапіс забаранілі, але нейкім чынам у 1903 г. Марыі Мікалаеўне ўдалося выдаць сваю кнігу ў друкарні Чарнігаўскага земства.
У 1902 г. звярнулася да Льва Талстога з просьбай дазволіць ёй перакласці на «беларускую гаворку» яго камедыю «Першы вінакур, або як чарцянё акрайчык заслужыла». У якасці ўзору мовы да пісьма былі прыкладзены пералажэнні баек Крылова «Лебедзь, рак і шчука» і народных песень «літвінаў-беларусаў». Л. Талстой даў згоду на пераклад, яго рукапіс М. Косіч накіравала ў віленскую цэнзуру, якая дазволу на друкаванне камедыі не дала.
Беларуская выдавецкая суполка «Загляне сонца і ў наша аконца» ўзяла на свой склад і прадавала кнігі Косіч[6].
Асобныя яе рукапісы і аўтографы зберагаюцца ў сховішчах Мінска, Кіева, Масквы, Санкт-Пецярбурга. Невялікія творы альбо ўрыўкі з іх некалькі разоў змяшчаліся ў разнастайных хрэстаматыях, але буйныя работы дагэтуль не перадрукаваныя.
Яўхім Карскі ў сваёй рабоце «Беларусы» ацаніў Марыю Мікалаеўну наступным чынам: Гаворачы пра А Ельскага немагчыма не прыгадаць і дзейнасць іншага народалюбца, звязанага з этнаграфічным вывучэннем Чарнігаўскай Беларусі. Маю на ўвазе даволі вядомую даследчыцу М. Н. Косіч, якая ў 1902 г. выпусціла «Літвіны беларусы Чарнігаўскай губерні, іх быт і песні»… — даволі каштоўную этнаграфічную працу. З штучных твораў, якія належаць яе пяру і маюць на мэце асвету народу, адзначым дзве брашуры: 1. На піресялення. Расказ цёткі Домны з Палесья. Чарнігаў, 1903…К(ошт)10 к(ап). Верш пачынаецца з апісання вёскі і яе ваколіц. Апісваецца клімат, адлюстроўваецца мясцовае жыццё.
У вершы шмат пачуццяў, безумоўна праводзіцца добрая думка, але замала складу, не заўважна знаёмства з тэхнікай верша, яшчэ больш памылак друку, як і ў асноўнай этнаграфічнай рабоце аўтара, назва якой прыведзена вышэй.
2. У тым жа родзе, што датычыцца вершаў і брашура «Пералажэнне некаторых баек Крылова на беларускае нарэчча». Чарн(ігаў). 1903…К(ошт)15 к(ап). Да перакладаў і пераробак часта далучаныя павучанні і вывады, якія маюць злабадзённы мясцовы характар. У якасці вываду аўтар закранае недахопы ў справах мясцовых грамадскіх устаноў[7].
Салідарызуецца з Карскім і беларускі літарутаразнавец Янка Казека: …"пералажэнні" М. Косіч, як і іншыя яе працы, не страцілі сваёй этнаграфічнай цікавасці. І ў «пералажэннях» крылоўскіх баек ёсць цікавыя дэталі этнаграфічнага характару; напісаны гэтыя творы з захаваннем асаблівасцей гаворкі беларускага насельніцтва былых Мглінскага і Суражскага паветаў (цяпер Бранскай вобласці).
«Пералажэнні» Марыі Косіч у мастацкіх адносінах досыць прымітыўныя. Прыстасаваўшы крылоўскія байкі да тых ці іншых мясцовых здарэнняў, пісьменніца збядніла і здрабніла іх змест, пазбавіла іх вострай грамадскай накіраванасці і сатырычнай сілы. …не магла наша літаратура, якая мела ўжо «Тараса на Парнасе», «Пінскую шляхту», «Дудку беларускую» і «Смык беларускі», лічыць гэтыя «пералажэнні» сваім значным здабыткам[8].
А вось ацэнка беларускім паэтам Нілам Гілевічам песеннага матэрыяла, сабранага беларускай «прагрэсіўнай рэвалюцыйна-дэмакратычнай фалькларысткай»: 'Песенны матэрыял, сабраны Косіч, вельмі разнастанйны ў жанравых і тэматычных адносінах. Абрадавая лірыка ахоплівае бадай што ўсе вядомыя этнаграфічныя рубрыкі. Шырока пададзена таксама сямейна-бытавая лірыка, салдацкія і рэкруцкія песні («на прызывы»), балады, розныя хлапечыя песні, затым — гульнёвыя, турэмныя і гістарычныя («Пра Платона-казака»). Вельмі многа песень і прыпевак жартоўных, вясёлых — яны аб'яднаны пад загалоўкам «Ігрышчы або вечарніцы».
З каляндарна-абрадавых песень хочацца адзначыць цудоўны варыянт папулярнай і сёння купальскай песні «Ой рана на Йвана».
Ой рана на Йвана Проці Йвана ночка мала, Йдзе Купала начавала? Начавала ў чыстым полі У чыстым полі ў густом жыці Што Купала вячэрала? Вячэрала варэнікі Чым Купала запівала? Запівала гарэлачкай. [9]. |
<noinclude>
Такім чынам, большасць даследчыкаў высока ацэньваючы этнаграфічную частку яе працы, лічуць літаратурную творчасць Марыі Мікалаеўнаы дастаткова аматарскай.
У 1909 г. адна з першых беларускіх перакладчыц Тэрэза Гардзялкоўская прасіла рэдакцыю Нашай Нівы выслаць ёй кнігі Марыі Косіч «На перасяленне» і «Басні Крылова на беларускую мову пераложанныя».[10]
Адзін з піянераў беларускага руху, Антон Луцкевіч, так напісаў пра яе:
Вось жа, ня дзіва, што беларускі адраджэнскі рух у першыя гады свайго існавання налічвае ў сваіх радах дужа мала дзяўчат і кабет беларускіх. Праўда, ужо ў канцы 90-х гадоў мінулага сталецця з'яўляюцца ў беларускай літаратуры першыя жаноцкія імёны, да якіх належыць, прыкладам, Марыя Косіч, аўтар этнаграфічных прац аб беларусах Чарнігаўшчыны і апавяданняў, ды перакладчыца баек Крылова. але гэта яшчэ адзінкі — прадстаўніцы старэйшых інтэлігентных пакаленняў, сярод якіх ніколі не заміраў нейкі асаблівы «сантымент» да беларушчыны[11]. |
<noinclude>
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.