Звышгукавы рэактыўны знішчальнік і самалёт-перахопнік, распрацаваны Мікаянам From Wikipedia, the free encyclopedia
МіГ-21 (аб’ект Е-5, самалёт І-500, па кадыфікацыі НАТА: Fishbed — «Пласт, багаты скамянелымі рэшткамі рыб»[6]) — савецкі шматмэтавы знішчальнік, распрацаваны ВКБ Мікаяна і Гурэвіча у сярэдзіне 1950-х гадоў. МіГ-21 стаў першым самалётам КБ МіГ з трохвугольным крылом.
Артыкул вымагае праверкі арфаграфіі Удзельнік, які паставіў шаблон, не пакінуў тлумачэнняў. |
МіГ-21 | |
---|---|
| |
Тып | знішчальнік |
Распрацоўшчык | ДКБ Мікаяна і Гурэвіча |
Вытворца |
Горкаўскі авіязавод ММЗ «Знамя труда» Тбіліскі авіязавод Aero Vodochody[1] Hindustan Aeronautics Chengdu Aircraft Industry Group |
Галоўны канструктар | Арцём Іванавіч Мікаян |
Першы палёт | 16 чэрвеня 1956 |
Пачатак эксплуатацыі | 1959 |
Статус | выкарыстоўваецца |
Эксплуатанты | |
Гады вытворчасці |
МіГ-21: 1959 — 1985 J-7/F-7: з 1967[2][3][4] |
Адзінак выраблена |
11 496[5] (без уліку пабудаваных у КНР) СССР: 10 645 Чэхаславакія: 194 Індыя: 657 КНР: ~2500 J-7/F-7 |
Варыянты | Chengdu J-7 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Самы распаўсюджаны звышгукавы баявы самалёт у свеце[7].
Выпускаўся серыйна ў СССР з 1959 па 1985 год, а таксама ў Чэхаславакіі, Індыі і Кітаі. Ужываўся ў многіх узброеных канфліктах. Дзякуючы масавасці вытворчасці, адрозніваўся вельмі нізкім сабекоштам: МіГ-21МФ, прыкладам, каштаваў танней, чым БМП-1[2].
Усяго ў СССР, Чэхаславакіі і Індыі было выпушчана 11 496 МІГ-21[5]. Чэхаславацкая копія МІГ-21 выраблялася пад назвай S-106. Кітайская копія МІГ-21 выпускалася пад назвай J-7 (для НВАК), а яе экспартная версія F7 працягвае выпускацца і ў наш час[4][8].Па стане на 2012 год у Кітаі было выпушчана каля 2500 J-7/F-7[3][9][10].
МІГ-21 з’яўляецца першым савецкім рэактыўным знішчальнікам другога пакалення[11], што мае на ўвазе выкарыстанне ракет як асноўнага ўзбраення і хуткасці каля M=2. Цяга рухавіка першых МіГ-21 была нават менш сумарнай цягі дзвюх РД-9 на МІГ-19, але за кошт ужывання шмат рэжымнага паветразаборніка змяняльнага ўваходнага перасеку з цэнтральным целам атрымалася падняць максімальную хуткасць самалёта больш чым на 700 км/г.
На першай мадыфікацыі (МіГ-21Ф), як і на МіГ-19, асноўнай зброяй былі 2 гарматы калібру 30 мм і някіраваныя ракеты, але ўжо наступныя мадыфікацыі маглі несці кіраваныя ракеты класа «паветра-паветра».
МІГ-21 быў лёгкім, манеўраным самалётам, што вельмі дапамагло яму ў змаганні з амерыканскім F-4 «Фантом» II у В’етнамскай вайне. Бо амерыканскія ракеты «AIM-9 Sidewinder» і «AIM-7 Sparrow» былі яшчэ недасканалыя, савецкаму знішчальніку было няцяжка здзейсніць манеўр ухілення і ашукаць ракету.
Вынік гэтых бітваў паўплываў на далейшыя пагляды амерыканскіх ВПС на знішчальнікі: стала ясна, што гібрыд штурмавіка і знішчальніка не з’яўляецца ідэальным развязкам, і што блізкія манеўраныя баі зусім не зыйшлі ў мінулае.
У СССР, у сваю чаргу, зрабілі выснову, што дзве ракеты — нікчэмна мала, і наступныя мадыфікацыі МІГ-21 былі здольныя ўжо несці чатыры ракеты паветра-паветра. Апроч таго, ужо выпушчаныя самалёты дапрацоўваліся (а на новых самалётах гэта выраблялася на заводзе-вытворцы) пад гарматнае ўзбраенне і неслі пад фюзеляжам 23-мм гармату ГШ-23Л.
Далейшым развіццём самалёта МІГ-21 сталі мадыфікацыі з усталёўкай спачатку Р-13-300 з цягай 63 кН, потам рухавіка Р-13Ф-300 з цягай 65 кН надалей рухавіка Р-25-300 з цягай 71 кН, што ў выніку на тону павялічыла падрыхтаваную вагу самалёта. Мадыфікацыя з рухавіком Р-25-300, прынятая на ўзбраенне ў 1972 годзе, звалася МІГ-21біс і магла цалкам канкураваць па ЛТХ са сваім тагачасным амерыканскім канкурэнтам — F-16A (прынятым на ўзбраенне ў 1979 годзе), моцна саступаючы яму па масе карыснай нагрузкі і авіёніцы.
У 1977 годзе са з’яўленнем МіГ-29 самалёт канчаткова састарэў і пачаў паступова выцясняцца новымі. Распрацаваная ў 1993 годзе апошняя мадыфікацыя МіГ-21 была абсталявана магутнай БРЛС «Дзіда», новай электрычнай сістэмай і прыстасавана для нясення сучаснай зброі. Гэта мадыфікацыя прызначалася для продажу на экспарт, а таксама мадэрнізацыі старых МіГ-21, якія стаяць на ўзбраенні ў замежных краін.
Характарыстыка чэхаславацкага S-106 (МіГ 21Ф-13) Aero S-106:
Уяўлялі сабою мадыфікацыі знішчальнікаў «ГЛ» і «МФ» з павялічаным запасам паліва і магутнейшым рухавіком Р-13Ф-300.
Галоўнай новаўвядзеннем стаў рухавік Р-25-300, які развіваў цягу без фарсажу 4100 кгс, на фарсажы — 6850 кгс, а на надзвычайным фарсажы — 7100 кгс (па некаторых крыніцах — нават 9900 кгс). Фарсаж зараз распальваўся за карацейшы час. Хуткаўздымнасць машыны павялічылася амаль у 1,6 разу.
Паколькі высветлілася, што занадта вялікі запас паліва на МІГ-21СМТ (3250 літраў) пагаршае лётныя характарыстыкі, на МІГ-21бис аб’ём унутраных бакаў зменшылі да 2880 л. Такім чынам, пасля доўгіх пошукаў было дасягнута аптымальнае спалучэнне аэрадынамікі самалёта і аб’ёму яго паліўнай сістэмы.
На самалёце таксама ўсталёўваліся: больш дасканалая РЛС «Сапфір-21М» (С-21М ці РП-22М), дапрацаваны аптычны прыцэл, што дазволіў зняць абмежаванні пры стральбе з гарматы пры вялікіх перагрузках, і новая сістэма аўтаматызаванага кантролю стану самалёта і рухавіка, што скараціла час тэхнічнага абслугоўвання. Рэсурс МІГ-21біс дасягнуў 2100 гадзін.
На самалёце захаваліся перашкодаабароненая лінія сувязі «Блакіт-М», якая забяспечвае ўзаемадзеянне з наземнай аўтаматызаванай сістэмай кіравання «Паветра-1»; катапультавае крэсла КМ-1М, прымальнік паветранага ціску ПВД-18.
У НАТА гэтыя знішчальнікі атрымалі кодавую назву Fishbed L.
Падчас вытворчасці самалёты МІГ-21біс сталі абсталёўваць пілатажна-навігацыйным комплексам (ПНК) «Палёт-ОІ», прызначаным для выканання заданняў блізкай навігацыі і заходу на пасадку пры аўтаматычным і дырэктарным кіраванні. У склад комплексу ўваходзяць:
Апроч таго, комплекс выкарыстоўвае сігналы гідрадатчыка АГД-1, курсавыя сістэмы КСІ, датчыка паветранай хуткасці ДВС-10 і датчыка вышыні ДВ-30.
Звонку МІГ-21біс з сістэмай «Палёт-ОІ» адрозніваўся дзвюма невялікімі антэнамі, размешчанымі пад паветразаборнікам і над кілем. Ва Ўсходняй Еўропе такія знішчальнікі атрымала толькі ГДР. Там яны атрымалі лакальнае пазначэнне МІГ-21біс-САК(САУ), што азначала «МІГ-21біс з сістэмай аўтаматычнага кіравання».
У НАТА МІГ-21біс з сістэмай «Палёт-ОІ» атрымалі кодавае пазначэнне Fishbed-N.
МІГ-21біс выпускаўся з 1972 па 1985 год на Горкаўскім авіязаводзе № 21; усяго было выпушчана 2013 асобнікаў. Адной з першых гэтыя знішчальнікі закупіла Фінляндыя. Першыя самалёты былі дастаўлены туды ў 1977, дзе яны замянілі МІГ-21Ф-13.
У Індыі «бісы» па ліцэнзіі не выпускаліся, але заводам HAL у Насіцэ было сабрана прыкладна 220 знішчальнікаў з камплектаў, пастаўленых з Савецкага Саюзу. Зборка апошняга індыйскага МІГ-21біс завяршылася ў 1987 г.
Апроч удасканальвання самага самалёта, працягвалі з’яўляцца новыя ракеты. У 1973 годзе з’явіліся Р-13М з цеплавой галоўкай саманавядзення, што ўяўляе сабой глыбокую мадэрнізацыю Р-3С; і лёгкая манеўраная ракета блізкага бою Р-60. Прытым 2 з 4 падкрылавых пілонаў МіГ-21 маглі несці спараную падвеску з дзвюма ракетамі Р-60. Такім чынам агульны лік кіраваных ракет дасягаў 6.
У цэлым лік магчымых камбінацый узбраення склаў 68 (на знішчальніках ранніх мадыфікацый яно было роўнае 20). Частка самалётаў МІГ-21біс аснашчалася абсталяваннем для падвескі ядзернай бомбы.
Баявая дзейнасць МіГ-21 у В’етнаме пачалася ў красавіку 1966 года, калі ён прыйшоў на дапамогу МіГ-17, што ваяваўу цяжкіх умовах. Маленькі, хуткі і досыць манеўраны, Міг-21 зрабіўся сур’ёзным супернікам для McDonnell Douglas F-4 Phantom II. ЗША былі змушаны нават пачаць праграму па адпрацоўцы тактыкі паветранага бою з МіГ-21. Ролю МіГ-21 пры адпрацоўцы выконваў Northrop F-5.
У В’етнаме пілоты МІГ-21 прытрымваліся савецкай дактрыны паветранага бою, выкарыстоўваючы навядзенне са станцыі наземнага кантролю. Упадабанай тактыкай стала следаванне за амерыканскім баявым звяном знізу і ззаду. Набраўшы хуткасць Мігі выпускалі ракеты К-13 і сыходзілі на базу. Такая тактыка прымушала таксама заўчасна скідаць бомбы.
Галоўнай перавагай МІГ-21 з’яўляецца вельмі высокая манеўранасць на віражах. Галоўнай заганай была нястача убудаванай гарматы на першых мадыфікацыях. Менавіта В’етнамская вайна паказала памылковасць думкі, што ракеты могуць цалкам замяніць гарматы (ахвярай гэтай памылкі быў і асноўны супернік Мігу — амерыканскі «Фантом»).
Па савецкіх дадзеных у агульнай суме в’етнамскія знішчальнікі (усіх тыпаў) у паветраных баях збілі 350 самалётаў суперніка, пры страце 131 свайго. Па амерыканскіх дадзеных, было збіта 195 в’етнамскіх самалётаў (усіх тыпаў), пры страце 77. Па дадзеных ACIG Team в’етнамскія МІГ-21 атрымалі 78-80 паветраных перамог, пры страце 91-95 самалётаў[18][19][20][21][22][23]. 2 студзеня 1967 амерыканскай авіяцыяй збіты 5-7 МІГ-21. 23 жніўня 1967 года ў паветраным бою паміж 10-ю Мігамі і 50-ю амерыканскімі знішчальнікамі, в’етнамскія лётчыкі збілі два «Фантома» і адзін «Тандерчыф», не панесячы страт (адзін самалёт быў пашкоджаны). В’етнамскія знішчальнікі неслі страты і ад «сяброўскага агню»: толькі за перыяд 1966—1968 гадоў в’етнамскай сістэмай СПА было збіта шэсць МІГ-21[24].
16 жніўня 1966 года іракскі лётчык Мунир Радфа сагнаў МІГ −21 з Ірака ў Ізраіль.
У 1967 годзе шэсць алжырскіх МІГ-21 былі захоплены Ізраілем[25].
Пасля знішчэння ізраільскай авіяцыяй металургічнага завода ў Абу-Забале (люты 1970, загінула каля 70 працоўных[26]), пабудаванага пры ўдзеле савецкіх спецыялістаў, прэзідэнт Егіпта Насер змушаны быў звярнуцца да Масквы з просьбай пра стварэнне «эфектыўнага ракетнага шчыта» супраць ізраільскай авіяцыі і пасылкі ў Егіпет рэгулярных савецкіх частак супрацьпаветранай абароны і авіяцыі.
Да канца года колькасць асабовага складу савецкага вайсковага кантынгенту ў Егіпце склала 15 — 20 тысяч чалавек. Усяго ў раёнах Каіра, Александрыі, Асуана, у зоне канала і іншых месцах быў разгорнуты 21 савецкі зенітна-ракетны дывізіён. На вайсковых аэрадромах блізу Каіра, Александрыі і Асуана базаваліся два палкі савецкіх знішчальнікаў МІГ-21. Савецкія войскі склалі галоўную сілу ў адбіцці ізраільскіх авіяналётаў на Егіпет, якія аднавіліся летам 1970 года.
14 траўня 1970 года два сірыйскіх МІГ-21 былі збіты ізраільскімі знішчальнікамі «Міраж III». Яшчэ адзін МІГ-21 быў збіты «Міражом» на наступны дзень.
3 чэрвеня 1970 года тры егіпецкіх МІГ-21 былі збіты ізраільскімі знішчальнікамі «Міраж III».
22 чэрвеня 1970 года савецкі МІГ-21 ракетай пашкодзіў ізраільскі штурмавік A-4 «Скайхок».
23 ліпеня 1970 года савецкі МІГ-21 ракетай пашкодзіў ізраільскі штурмавік A-4 «Скайхок».
25 ліпеня 1970 года савецкі МІГ-21 збіў ізраільскі штурмавік A-4 «Скайхок».
30 ліпеня савецкія МІГ-21 былі злоўлены ў пастку, у паветраным бою было збіта чатыры «МіГа» і пашкоджаны адзін ізраільскі «Міраж III».
7 жніўня 1970 года савецкі МІГ-21 ракетай пашкодзіў ізраільскі знішчальнік «Міраж III»[27][28]. Гэты бой з’яўляецца апошнім сутыкненнем савецкіх і ізраільскіх самалётаў на той момант. У гэты ж дзень было складзена перамір’е.
Адной з самых удалых старонак баявога ўжывання МІГ-21 з’яўляецца яго служба ў ВПС Індыі. Набыццё ёю знішчальнікаў МІГ-21 адкрыла новую эпоху для яе ВПС. Гэта быў першы баявы самалёт незаходняга паходжання ў арсенале Індыі. Першая яго сустрэча с пакістанскімі знішчальнікамі адбылася 4 снежня 1965 года. Тады індыйскі пілот ракетамі здолеў пашкодзіць пакістанскі «Сэйбр».
У снежні 1971 года зноў пачаліся ваенныя дзеянні паміж Індыяй і Пакістанам.
4 снежня, у першы дзень вайны, індыйскае МІГ-21 збіў пакістанскі «Сэйбр»[29]. Таксама ў гэты дзень на пакістанскім аэрадроме індыйскімі МІГ-21 быў знішчаны самалёт DHC-3.
5 снежня індыйскія Мігі на аэрадроме знішчылі яшчэ тры самалёта Pilatus P-3[30].
6 снежня перад поўднем МІГ-21ФЛ эскартавалі самалёты HF-24 «Марут» на нізкай вышыні. Пасля штурмоўкі камандзір «Марутаў» вырашыў адхіліцца да захаду ў пошуках магчымай цэлі. У той момант, калі «Маруты» пайшлі ў атаку пілот аднаго з МІГ-21 капітан Самар Бмкрам Шах убачыў самалёт, які ён прыняў за Cessna O-1. Зрабіўшы рэзкі разварот уніз, каб вызначыць тып машыны, Шах адначасна паглядзеў інстынктыўна назад каб пераканацца што на хвасце нікога няма. Ён убачыў два F-6 на адлегласці прыкладна 1500 метраў, а трэці F-6 — вышэй, Шах, што знаходзіўся на вышыні каля 200 метраў неадкладна ўключыў фарсаж і падняў нос самалёта. Абодва F-6, якія набліжаліся да самалёта не распачалі спробы рушыць услед за МІГ-21. Шах вырашыў атакаваць пакістанскі самалёт, імкнучыся не праскочыць міма яго. Першы F-6 накіраваўся ўбок куды пайшлі «Маруты». Шах прыладзіўся за пакістанскім знішчальнікам і даў залп са сваіх 23-мм гармат с адлегласці каля 600 метраў. F-6 перавярнуўся і зваліўся на зямлю. Таксама ў гэты дзень, па заявах індыйцаў, МІГ-21 збіў пакістанскі C-130 (пакістанскім бокам гэта не пацверджана).
У 14 гадзін 12 снежня з авіябазы ў Джамнагаре два МІГ-21ФЛ, якія знаходзіліся на баявым дзяжурстве, былі падняты ў паветра: два пакістанскіх знішчальніка F-104 «Старфайтер» перасеклі берагавую лінію на нізкай вышыні. Пакістанцы атакавалі стаячыя самалёты на аэрадроме. Адзін з Мігаў сеў на хвост «Старфайтеру». Індыйскі пілот с адлегласці 900 метраў даў доўгі залп са спаранай гарматы. «Старфайтер» загарэўся і зваліўся ў мора, пілот ледзь паспеў катапультавацца. 16 снежня Шах збіў свой другі F-6.
17 снежня дыспетчар папярэдзіў Мігі, якія патрулявалі паветра, што нізкалётны самалёт на вялікай хуткасці набліжаецца да аэрадрома. «Старфайтер» па незразумелых прычынах не стаў атакаваць аэрадром і індыец сеў яму на хвост. Індыец выпусціў дзве ракеты К-13А, другая ракета паразіла цэль, але пакістанец змог працягнуць лёт. Тады індыец дапоўніў ракетную атаку залпам з гармат. Пасля гэтага ён стаў вяртацца на аэрадром, а пашкоджаны F-104 выбухнуў сярод пясчаных узгоркаў. Пазней у гэты дзень індыйскія МІГ-21 збілі яшчэ два «Старфайтера» ужо над пакістанскай тэрыторыяй, а індыйскі пілот Шах змог падбіць адзін F-104. Па дадзеных пакістанцаў, 17 снежня быў страчаны толькі адзін «Старфайтер».
Апроч ужывання ў якасці перахопніка, індыйскія ВПС таксама выкарыстоўвалі МІГ-21 на ўсходняй мяжы для заваёвы панавання ў паветры і штурмавых дзеянняў. Найболей уражальным быў налёт 14 снежня на рэзідэнцыю губернатара Ўсходняга Пакістану. Шэсць МІГ-21ФЛ, далі па рэзідэнцыі некалькі залпаў 57-мм ракет, пасля чаго губернатар кінуўся ў найблізкую траншэю і на кавалачку паперы напісаў заяву пра адстаўку.
Наступнай сустрэчай індыйскіх Мігаў с пакістанскімі самалётамі сталі 90-ыя. У 1997 годзе індыйскі МІГ-21біс, ракетай R.550 Magic, падбіў пакістанскі самалёт AV. 10 жніўня 1999 года, пасля сканчэння Каргільскай вайны, МІГ-21біс збіў пакістанскі выведвальны самалёт Br.1150 Atlantique[30][31][32].
За час кароткачасовага ваеннага канфлікту паміж Егіптам і Лівіяй адбылося зусім няшмат паветраных баёў.
22 ліпеня, на другі дзень вайны, лівійскі Mirage 5 збіў егіпецкі МІГ-21. На наступны дзень поспех спадарожнічаў егіпцянам, у паветраных баях «дваццацьпершыя» збілі 3-4 «Міраж 5» і 1 МІГ-23, не панесячы страт.
У 1979 годзе, пасля сканчэння вайны, адбыўся паветраны бой паміж двума егіпецкімі МІГ-21 і двума лівійскімі МІГ-23. Егіпцяне збілі адзін «дваццацьтрэці», не панесячы страт[29].
10 траўня 1980 года патрульны катэр HMBS «Flamingo» Багамскай берагавой аховы заўважыў чужыя рыбацкія судны ў раёне выспы Кай Санта Дамінга. Імі сталіся два кубінскіх рыбацкіх судна. Пасля працяглай пагоні патрульны катэр адкрыў стральбу. Экіпаж патрульнага катэра арыштаваў і ўзяў на буксір абодва рыбацкіх судна. Кубінскія маракі паспелі паведаміць пра абстрэл сваім уладам, зазначыўшы што іх атакуе невядомы карабель. На дапамогу выляцела пара МІГ-21, якія здзейснілі некалькі праходаў над ім і выканалі папераджальную стральбу. Абодва знішчальніка вярнуліся на аэрадром і падрыхтаваліся да паўторнага вылету, падрыхтаваўшы блокі НУРС. МіГі пайшлі ў атаку і знішчылі патрульны катэр, забіўшы чатырох чальцоў экіпажа, астатнія перабеглі на арыштаваныя судны. Цягам наступных трох дзён Кубінскія ВПС учынялі паказальныя лёты над выспамі Багамскага архіпелага. Улічваючы тое, што HMBS «Flamingo» быў патоплены ў Багамскіх тэрытарыяльных водах, Кубе давялося выплаціць кампенсацыю за карабель і сем’ям загінулых маракоў[33].
Не менш за 26 кубінскіх МІГ-21 былі страчаны пад час вайны ў Анголе[34].
Падчас канфлікту МІГ-21 знаходзіўся на ўзбраенні ВПС Самалі, а таксама на ім лёталі кубінскія лётчыкі, якія ваявалі на боку Эфіёпіі. Самалійскія лётчыкі збілі на ім 4 эфіёпскіх МІГ-21, 3 F-5, 3 DC-3 і 1 Canberra[35][36]. Разам з тым самалійцы страцілі не менш за 7 МІГ-21 у баях с эфіёпскімі F-5[37].
19 студзеня 1967 года ў водах паўночней 38-й паралелі знішчальнікамі МІГ-21 быў патоплены вартавы карабель ВМС Паўднёвай Карэі «Танг По».
23 студзеня 1968 года ў Японскім моры караблі ВМФ КНА пры падтрымцы знішчальнікаў МІГ-21 вымусілі ўвайсці ў паўночнакарэйскія тэрытарыяльныя воды і адбуксіравалі ў порт Вонсан выведвальны карабель «Пуэбла» ВМС ЗША (частка сакрэтнага абсталявання была перададзена СССР). Карабель вернуты не быў.
14 ліпеня 1977 года знішчальнік МІГ-21 ВПС КНДР збіў амерыканскі шрубалёт CH-47D «Чынук»[38].
Большую частку самалётаў, перакінутых савецкай арміяй пад час Афганскай вайны (1979—1989), складалі знішчальнікі, у т.л. і МІГ-21. Нягледзячы на малую баявую нагрузку (звычайна 2-4 РБК-250, ФАБ-250 ці ОФАБ-250), істотная частка баявых вылетаў давялася менавіта на іх; прытым, з лепшага боку паказала сябе «знішчальная» мадыфікацыя МІГ-21біс. За малы час рэагавання ім далі мянушку «вясёлыя».
У 1985 годзе на аэрадроме Шынданд у выніку дыверсіі былі знішчаны 13 афганскіх МІГ-21.
На МІГ-21 быў збіты і загінуў савецкі генерал Мікалай Уласаў.
Пасля вываду савецкіх войскаў некалькі самалётаў захапілі муджахеды.
Ранняй раніцай 12 студзеня 1994 два МІГ-21 Паўночнага альянсу збілі над Кабулам два МІГ-21 муджахедаў, адзін пілот трапіў у палон.
30 студзеня «дваццацьпершыя» Паўночнага альянсу збілі два Су-22 муджахедаў. Да канца года альянскія МІГ-21 і Су-22 збілі яшчэ тры самалёты (у тым ліку адзін Су-22 і адзін МІГ-21) муджахедскай арганізацыі Дастума і Гульбудзінна.
У 1995 годзе знішчальнікі Альянсу збілі адзін Су-22 і адзін Су-20 Талібанскіх і Дастума-Гульбудзінскіх паветраных сіл.
15 чэрвеня 1995 года талібанскія знішчальнікі збілі два шрубалёта Мі-8 Паўночнага альянсу[39][40][41][42].
Асноўным выпрабаваннем іракскіх МІГ-21 стала вайна з Іранам (22 верасня 1980 — 20 жніўня 1988). Да пачатку войны Ірак меў 90-115 самалётаў гэтага тыпу. Першыя паветраныя баі адбыліся яшчэ да пачатку вайны:
Агулам за перыяд 1980—1988 гадоў лётчыкі МІГ-21 атрымалі 30—55 паветраных перамог (у тым ліку 12-23 F-5, 11-16 F-4, 3 верталёты AH-1J, 2 CH-47, 1 МІГ-21 і 1-5 F-14), пры страце 34—58 самалётаў у паветраных баях. Іракскія лётчыкі прызналі гэты самалёт найболей эфектыўным з усіх вядомых ім знішчальнікаў; у той жа час пілотам МІГ-21 рэкамендавалася па магчымасці ўнікаць паветраных баёў з F-4E і F-14, калі на іх боку не было элементу нечаканасці. На знішчальніку МІГ-21 пачынаў сваю кар’еру іракскі ас Махамед Райян. 23 кастрычніка 1980 года ён на ім збіў два іранскія F-5 «Тыгр II».
Таксама іракцам даводзілася змагацца с сірыйскімі разведвальнымі самалётамі. У красавіку 1981 года іракскі МІГ-21МФ збіў сірыйскага разведчыка МІГ-21Р. Ірак выкарыстоўваў свае МІГ-21 і як знішчальнікі-бамбардзіроўшчыкі, у тым ліку супраць іранскага суднаходства ў Персідскім заліве. Вядомы ўдалы налёт «Мігаў» на канвой 1 кастрычніка 1980 года, калі бомбамі былі выведзены са строю судны «Іран Бадр» і «Таха»[43][44][45][46][47][48][49][50][51][52][53][54].
Пасля пачатку распаду Югаславіі, знішчальнікі МІГ-21 перайшлі ў рукі да новаўтвораных дзяржаў на яе тэрыторыі. Сербскія "Міг"і ўжываліся для змагання с парушальнікамі меж, а таксама для ўдараў па наземных цэлях у Харватыі і Босніі. Некалькіх парушальнікаў «Мігі» прымусілі прызямліцца.
7 студзеня 1992 года сербскія МІГ-21 атакавалі верталёты AB.205 Еўрапейскага саюзу, у выніку адзін верталёт быў збіты; гэты інцыдэнт прывёў да адстаўкі сербскага міністра абароны.
6 жніўня 1995 года адбыўся паветраны бой паміж сербскім МІГ-21 і харвацкім J-22, абодва самалёты прамахнуліся і разышліся.
Падчас вайны было страчана прынамсі 5 сербскіх МІГ-21 (3 збіты агнём з зямлі, 2 меркавана збіты).
Югаславія скарыстала свае МІГ-21 падчас вайны з НАТА. На іх рахунку прынамсі адна збітая крылатая ракета «Тамагаўк»[55]. На перахоп самалётаў НАТА вылеты не здзяйсняліся. У выніку ўдараў авіяцыі Альянса, на зямлі было знішчана 33 югаслаўскія МІГ-21. Узброены імі 83-і авіяполк пасля вайны быў расфарміраваны з-за высокіх страт матчасткі[56][57].
Кітай выкарыстоўваў МІГ-21 савецкай вытворчасці і ўласнай (J-7) для абароны паветраных меж
Паводле дадзеных ACIG, 5 кастрычніка 1965 года кітайскі МІГ-21 збіў амерыканскага разведчыка RA-3B (паводле дадзеных гісторыка ВПС ЗША Ставерэна, амерыканскі бок аспрэчыў страту самалёта, а кітайцы не прадэманстравалі ні абломкаў, ні пілотаў[58], але паводле дадзеных ACIG страта пацверджана і вядомы лётчык, які збіў самалёт).
3 студзеня 1966 кітайскі МІГ агнём 57мм НУРС збіў амерыканскі БПЛА «Файрбі». Незвычайны выбар узбраення звязаны з адсутнасцю ў Кітая ўласных кіраваных ракет «паветра-паветра»[59].
Самымі напружанымі для кітайскіх МіГаў перыядам стаў канец 1960-х — пачатак 1970-х. У гэтыя гады колькасць парушальнікаў лічылася сотнямі. З 1969 да 1971 года знішчальнікі J-7I над паўднёвымі раёнамі краіны атрымалі больш 300 паветраных перамог (шэсць пілатаваных самалётаў-парушальнікаў, а таксама больш 300 разведвальных і агітацыйных аэрастатаў).
15 ліпеня 1970 года польскі МІГ-21 збіў чэхаславацкі Су-7БКЛ[55].
21 кастрычніка 1989 года сірыйскі знішчальнік МІГ-21біс па памылцы ўварваўся ў паветраную прастору Турцыі. Там ён перахапіў турэцкі самалёт BN-2 Islander, які ён прыняў за «парушальніка сірыйскай мяжы». Чаргой з гарматы ён збіў турэцкі самалёт[60].
ВПС Ірака ўжывалі Мігі падчас вайны ў Персідскім заліве (1991). Іх дзеянні супраць авіяцыі Шматнацыянальных сіл сталіся безвыніковымі — імі не быў збіты ніводны самалёт Шматнацыянальных сіл, а даследчыкі, якія займаліся дзеяннямі ВПС Ірака ў гэтай вайне, не адзначаюць ніякіх заяў на паветраныя перамогі з боку іракскіх пілотаў. Актыўны ўдзел Мігаў у вайне скончыўся ў першы ж дзень пасля няўдалай спробы перахопу самалётаў ВМС ЗША. Падчас вайны 56 іракскіх МІГ-21 было знішчана (з іх 4 у паветры — два амерыканскімі F-15 і два амерыканскімі F/A-18) і 32 пашкоджана[43][61][62][63].
Эфіопскія МіГ-21 удзельнічалі ў вайне з Эрытрэяй 1998—2000 гадоў. У гэтым канфлікце абодва бока ўжывалі савецкую авіятэхніку. Тры МіГ-21 былі збіты эрытрэйскімі МіГ-29 у паветраных баях[64].
9 верасня 2008 года J-7 (кітайскі МІГ-21) ВПС Шры-Ланкі збіў перароблены пад штурмавік самалёт Zlin-143 Тамільскіх Тыграў[65].
ВПС Сірыі ўжываюць свае МІГ-21 у грамадзянскай вайне. Станам на сярэдзіну 2014 года ў баявых дзеяннях збіта ці разбіліся прынамсі 8 самалётаў гэтага тыпу[66].
Прыведзеныя ніжэй характарыстыкі адпавядаюць мадыфікацыі МіГ-21біс[68][69]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.