Даўжыня цела 44—60 см, разам з хвастом 55—75 см, маса 45—150 г. Колькасць лускавінак вакол цела 19—21, колькасць брушных шчыткоў 166—184. Мядзянка характарызуецца вельмі гладкімі лускамі тулава, іншы раз яе называюць гладкім вужом. Зрэнка ў адрозненне ад гадзюкі круглая. Радужная абалонка вачэй залаціста-медная. Шчыткі па краях брушка ўтвараюць яўна выражанае рабро. Афарбоўка верхняй часткі цела пераважна брудна-шэрага або карычневага колеру, але можа вар'іраваць ад шэра-бурай да чырвона-бурай і медна-чырвонай. Уздоўж спіны 2—4 рады дробных плямак, якія могуць злівацца ў суцэльныя палоскі. У адных асобін плямы выразныя, у іншых — ледзь праглядаюцца. На шыі дзве кароткія бурыя палоскі або дзве плямы, якія злучаюцца на патыліцы. Ад ноздраў праз вочы да куткоў рота цягнецца вузкая цёмная палоска. Ніжні бок цела аранжава-бурага адцення з раскіданымі крапінкамі.
Мядзянка адносіцца да лясных рэптылій, любіць прагрэтыя ўзлескі, паляны, рэдкалессі, высечкі. Аблюбаваныя біятопы размешчаны звычайна паміж забалочанымі і сухімі (хвойнікі, пясчаныя дзюны) участкамі. Гэтыя месцы, як правіла, маюць узгорысты рэльеф, мазаічнасць ландшафтаў з мноствам сховішчаў (вываратні, пні, ламачча). Тыповымі біятопамі мядзянкі з’яўляюцца ўзлескі і лесапалосы, лугі, светлыя мяшаныя лясы з дубам, хвояй, бярозай, а таксама схілы пад хмызняком, сухія верасовыя пусткі.
Remove ads
Корміцца мядзянка ў асноўным яшчаркамі, радзей дробнымі млекакормячымі, насякомымі. Паядаюць мышападобных грызуноў, іншы раз дробных птушанят, амфібій і вельмі рэдка — насякомых. Часам у страўніку гэтай змяі знаходзілі больш дробных прадстаўніц свайго віду.
Сярод змей умераных шырот мядзянка мае самы кароткі сутачны і сезонны перыяд актыўнасці. Сховішчамі для мядзянак з'яўляюцца кінутыя норы дробных жывёлін, пустэча пад пнямі і ўнутры іх, пад камянямі. Выкарыстоўвае іх і для зімоўкі. Зімуюць мядзянкі па адной, у межах тэрыторыі, дзе знаходзяцца ў летні перыяд. Вясной мядзянка з'яўляецца не раней як у красавіку, калі дзённая тэмпература паветра дасягае 15 °C. Спароўванне адбываецца ў канцы красавіка — пачатку траўня ў залежнасці ад умоў надвор'я. У Францыі ўстаноўлены выпадкі восеньскага спароўвання мядзянак, прычым семя самцоў захоўваецца ў спецыяльных прыёмніках самак да вясны, калі і адбываецца апладненне яйкаклетак.
У мядзянкі адбываецца яйцажыванараджэнне. Прычым яйкі доўга затрымліваюцца ў яйкаводах самкі, і маляўкі вылупліваюцца з іх у момант адкладання. У жніўні-верасні самка яйкажыванараджае 2—15 дзіцянят даўжынёй 125—170 мм. Толькі што народжаныя мядзянкі ўжо палююць за маляўкамі яшчарак.
Remove ads
Занесена ў Чырвоную кнігу Беларусі.
Мядзянкі добра прыжываюцца ў няволі (у тэрарыуме), пачынаючы ўжо праз 1—1,5 тыдня браць корм.