гістарычная мясцовасць Мінска From Wikipedia, the free encyclopedia
Ля́хаўка, Ля́хаўскае прадмесце — гістарычная мясцовасць Мінска, размешчаная ў паўднёвай частцы горада. Падзяляўся на Верхнюю Ляхаўку (трохвугольнік паміж цяперашнімі вуліцамі Свярдлова, Ульянаўскай і Беларускай), Ніжнюю Ляхаўку (вялікі раён на ўсход і паўночны ўсход ад вуліцы Кастрычніцкай, а таксама прырэчная частка вуліцы Ульянаўскай) і Ляхаўскую Слабодку (некалі гістарычная Ляхаўка, што размяшчалася на правым беразе Свіслачы — раён колішняй Лодачнай вуліцы)[1].
На паўднёвым захадзе ад Ляхаўкі месцяцца Уборкі, на поўначы — цэнтральны раён Новае Места, на ўсходзе — Кашары, на поўдні — прадмесце Серабранскія Млыны[2].
У Менскіх актах XVI ст. згадваецца сяло Ляхава Лука, што месцілася на паўднёвай ускраіне горада і належала, як і маёнтак Трасцянец, Мінскаму Узнясенскаму манастыру. Назва мае, відавочна, этнічнае паходжанне — калісьці тут жылі «ляхі» (палякі)[3]. Другая частка наймення — «Лука» — сведчыла пра асаблівасць ландшафту, якраз у гэтым месцы Свіслач утварае стромкую S-вобразную звіліну, гэта значыць падвойную «луку». На плане 1797 года на месцы колішняга сяла з’явілася «Слабада Ляхаўка».[4]
Паводле сведчанняў беларускага падарожніка Паўла Шпілеўскага, у сярэдзіне XIX ст. гэтая мясцовасць была вядомая сваім Ляхаўскім гаем і тамтэйшымі «маёўкамі» (майскімі гуляннямі)[5]. Апроч таго, каля Ляхаўскай Слабады, на Свіслачы, знаходзіўся адзін з трох вадзяных млыноў горада Мінска[4].
У канцы XIX ст. у Ляхаўцы пачаў фармавацца прамысловы раён Мінска, што было абумоўлена зручным размяшчэннем слабады на беразе ракі Свіслач, паблізу чыгункі. Да канца XIX ст. тут склаўся цэлы комплекс прамысловых прадпрыемстваў[6].
У 1828 годзе ў Ляхаўцы адкрылася Яўрэйская бальніца. Спярша бальніца займала колішнія будынкі турмы, якая была пераведзена ў Пішчалаўскі замак[7]. У 1860-я па адрасе Губернатарская 52—54 былі збудаваныя камяніцы. Цяпер будынкі займае 3-я клінічная бальніца.
На пачатак XX ст. Ляхаўка з’яўлялася найвялікшым прадмесцем Мінска. Значная частка мясцовасці была хаатычна забудаваная драўлянымі хатамі, у якіх жылі фабрычныя і чыгуначныя працоўныя і рамеснікі. Многія з іх мелі невялікія ўласныя сады і агароды. Прадмесце часткова ўваходзіла ў першую, трэцюю і чацвертую паліцэйскую частку і ўлучала Ляхаўскую (траса вуліцы захавалася ад вуліцы Кірава да Ульянаўскай паміж стадыёнам Дынама і карпусамі 3-яй бальніцы), чатыры Ніжне-Ляхаўскія вуліцы (цяпер гэта — Кастрычніцкая, Ульянаўская ад Беларускай да Чырвонаармейскай і часткова Індустрыяльная вуліцы), Верхне-Ляхаўскую (цяпер Беларуская), Ляхаўскую Слабодку (не існуе; былая Лодачная), канец Круглага завулка[8].
12 ліпеня 1934 годзе ў Ляхаўцы на месцы старых яўрэйскіх могілак (закрытыя ў 1883 годзе) быў адкрыты стадыён «Дынама».
У 2009 годзе Камісія па найменні і перайменаванні праспектаў, вуліц і іншых частак Мінска прыняла рашэнне па наданні безыменнаму скверу ў межах вуліц Кастрычніцкай — Ульянаўскай — Беларускай — рэчкі Свіслач назвы «Ляхаўскі»[9].
Уздоўж цяперашняй вуліцы Кастрычніцкай месцяцца будынкі дарэвалюцыйных заводаў, якія захавалі сваё першапачатковае архітэктурнае аблічча[10]. Пра існаванне некалі найбуйнейшага мінскага прадмесця цяпер сведчыць Ляхаўскі сквер.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.