From Wikipedia, the free encyclopedia
«Камень Міцкевіча» — валун з выбітай на польскай мове цытатай Адама Міцкевіча: «Ewa raj utraciła, Tyś go wskrzesiła. Mickiewicz» (бел.: Ева рай страціла, Ты ж яго ўваскрасіла. Міцкевіч). Знаходзіцца ў вёсцы Студзёнкі ў Нясвіжскім раёне Мінскай вобласці. Памер бачнай часткі каменя — 85×64 см[1][2].
Помнік | |
Камень Міцкевіча | |
---|---|
53°17′41″ пн. ш. 26°30′10″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Месцазнаходжанне | в. Студзёнкі, Нясвіжскі раён, Мінская вобласць |
Вышыня | 85×64 см |
Матэрыял | граніт |
У першай палове XIX стагоддзя Адам Міцкевіч (1798—1855) наведаў маёнтак Студзёнкі. Ён быў у захапленні ад сядзібнага парка і пакінуў у гасцявой кнізе гаспадыні маёнтку свой запіс[3]. Найверагодней гэта магло адбыцца ў 1820 годзе[1][4], калі Міцкевіч (разам з сябрам Тамашам Занам) прыязджаў у тыя мясціны ў маёнтак Тугановічы да сваёй каханай Марылі Верашчакі, з каторай па ваколіцах яны часта рабілі конныя шпацыры[5]. З гэтага вынікае, што запіс быў зроблены хутчэй за ўсё ў гасцявой кнізе Марыі Развадоўскай (1783—1845; народжаная Вангродская)[1].
Пазней надпіс, зроблены ў гасцявой кнізе, быў выбіты на камяні. Пры гэтым майстар, які зрабіў надпіс на камені, паспрабаваў захаваць почырк паэта[2]. Камень гаспадары паставілі ў парку як памяць пра паэта, які ўпадабаў іх сядзібу[6].
Польскі гісторык касцёла, доктар гуманітарных навук Ганарат Чэслаў Гіль піша, што Міцкевіч наведваў Студзёнкі ў часы дзяцінства Марыі Грушэцкай[7] (1834—1900). Але храналагічна гэта не пасуе. Магчыма, доктар Гіль тут дапусціў памылку — у той час мог быць выбіты надпіс на камяні. Бо ў той час Міцкевіч жыў у Парыжы, дзе ў 1834 завяршыў напісанне паэмы «Пан Тадэвуш», у якую ў тым ліку ўвайшло і апісанне парку і сажалак у Студзёнках[1][3]. Камень гэты пэўны час стаяў у парку, за фруктовым садам, на шляху ад маёнтка да мясцовых могілак[3][6].
1 мая 2020 года мясцовы краязнаўца Аляксандр Абрамовіч паведаміў, што яму атрымалася знайсці той камень з выбітым надпісам, як і ў альбоме гаспадыні маёнтка Студзёнкі[2]. Валун быў умураваны ў кладку склепа каля закінутай вясковай хаты. Надпіс гучаў так: «Ewa raj utraciła, Tyś go wskrzesiła. Mickiewicz». У беларускіх і польскіх СМІ валун адразу атрымаў назву «Камень Міцкевіча»[8][9][10]. Краязнаўца мяркуе, што камень мог апынуцца ў кладцы ў савецкія часы. Па ягоных словах, пасля прыходу бальшавікоў уся спадчына колішніх гаспадароў была знішчаная, сядзіба разрабаваная і разабраная. Нават мясцовыя каталіцкія могілкі былі расцягнутыя на камяні, якія пасля выкарыстоўвалі ў гаспадарцы[6].
Менш чым праз месяц стала вядома, што камень знаходзіцца пад пагрозай. Пасля асвятлення знаходкі ў СМІ гаспадыня хаты, у склепе каторай знаходзіўся валун, замазала камень глеем і заклала яго смеццем. Апроч таго, у склепе разбілі падмуроўку ля ўваходу, быццам рыхтуючыся вывезці камень. Краязнаўцу атрымалася ачысціць і адмыць валун[11].
Пра камень з надпісам Адама Міцкевіча ў Студзёнках згадваў у сваіх успамінах ксёндз Ежы Каліноўскі[12] (1859—1930; зводны брат св. Рафала Каліноўскага і Віктара Каліноўскага, мужа гаспадыні Студзёнак Марыі Грушэцкай). Запісы Ежы Каліноўскага абраў і апрацаваў польскі гісторык касцёла, доктар гуманітарных навук Ганарат Чэслаў Гіль. У іх гаворыцца:
Міцкевіч, які наведваў Студзёнкі і ў альбоме гаспадыні дома напісаў гэтыя словы: «Ева рай страціла, Ты ж яго, пані, стварыла». Затым гэтыя словы былі выразаныя на камені, які некалькі гадоў быў яшчэ ў парку, за фруктовым садам, на шляху да мясцовых могілак[3].Арыгінальны тэкст (польск.)Mickiewicz, który odwiedzał Studzionki i w albumie gospodyni domu napisał te słowa: „Ewa raj utraciła, Tyś go, pani, stworzyła”. Słowa te następnie zostały wykute na kamieniu, który przed niewielu laty był jeszcze w parku, za ogrodem owocowym, na drodze na cmentarzyk miejscowy
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.