From Wikipedia, the free encyclopedia
Зецельская гаворка — літоўская «астраўная» гаворка, што да канца ХХ стагоддзя захоўвалася ў ваколіцах Дзятлава (у мясцовым літоўскім вымаўленні Zíetela, «Зецела») на нёманскім левабярэжжы.
Зецельская гаворка | |
---|---|
Краіны | Беларусь |
Рэгіёны | Панямонне |
Агульная колькасць носьбітаў | няма |
Класіфікацыя | |
|
|
Пісьменнасць | беспісьмовая |
Арэал гаворкі быў найбольш аддалены на поўдзень ад асноўнага арэалу літоўскай мовы ў параўнанні з іншымі літоўскамоўнымі «астраўкамі» ўздоўж беларуска-літоўскага (Рымдзюны, Пеляса) і польска-літоўскага памежжа (Сейны).
Станам на 1886 год на зецельскай гаворцы размаўлялі 1156 жыхароў пяці вёсак Зецельскай воласці — Норцавічы, Погіры, Засецце, Яцвезь, Карпяшы. Пазней літоўская мова захоўвалася найперш у першых трох з іх. Часам сюды далучаюць суседнія вёскі Пінчыцы, Страла, Ціцейкі[1].
У 1960 годзе пад час паездкі літоўскага мовазнаўца А. Відугірыса па-літоўску разумелі 32 асобы. З іх добра ведалі мову менш за палову (15 жыхароў у вёсцы Засецце).
У 1975 годзе ў часе экспедыцыі Т. Суднік было каля 30 носьбітаў зецельскай гаворкі ў вёсках Погіры і Засецце Дзятлаўскага раёна Гродзенскай вобласці[2]. Паводле звестак А. Відугірыса, апошні носьбіт гаворкі памёр у 1988 годзе[3].
Мяркуецца, што тэрыторыя распаўсюджання гаворкі раней была большая за тыя вёскі, у якіх яна ўжывалася ў XIX ст. Пра гэта сведчыць канцэнтрацыя балцкіх тапонімаў на поўдні Дзятлаўскага раёна — каля Раготны, Дварца, уздоўж дарогі Дзятлава — Слонім[4], а таксама звесткі антрапаніміі Зецельскай воласці з інвентара 1580 года[5].
Ад пачатку даследавання зецельскай гаворкі былі адзначаныя яе архаічнасць на фоне астатняй літоўскай мовы (напрыклад, захаванне ў граматыцы розных месных склонаў). Шматлікасць "беларускіх" моўных запазычанняў у ёй сведчылі аб доўгім і цесным кантакце носьбітаў гэтай літоўскай гаворкі з навакольным, ужо славянамоўным насельніцтвам.
З аднаго боку, А. Відугірысам адзначаныя асаблівасці зецельскай гаворкі збліжаюць яе з моўным арэалам заходніх аўкштойтаў (літоўскія гаворкі вакол Коўна). Але заходнеаўкштойцкія гаворкі літоўскай мовы ад Зецельскага астраўка аддзеленыя паласой паўднёвааўкштойцкай гаворкі літоўскай мовы (таксама і зонай гродзенска-баранавіцкай групы беларускіх гаворак). Мовазнавец тлумачыў гэта тым, што продкі заходніх аўкштойтаў, яцвягі-дайнава, даўней жылі таксама і там, дзе цяпер жывуць носьбіты паўднёвааўкштойцкай гаворкі[6][7].
З іншага боку, у зецельскай гаворцы прасочваюцца і заходнябалцкія рысы, уключаючы пераход ž- > z- (літ. žąsis «гусь», žiema «зіма» — па-зецельску ząsis, ziema). Гэты пераход выразны ў заходнябалцкай прускай мове, а таксама ў яцвяжскай мове (наколькі яна паўстае з дыскусійнага «Яцвяжскага слоўнічка»), уласцівы ён і ўсходнім балтам селам.
У сувязі з гэтай рысай зецельскай гаворкі адзначаюць і такія гідронімы, як Зэльва (у Літве дастаткова гідронімаў тыпу Želva, ад літ. želvas «зеленаваты») і Свіцязь (па-зецельску Svitožis, тады як па-літоўску корань быў бы Švit-). Як і былы арэал зецельскай гаворкі, яны знаходзяцца на нёманскім левабярэжжы і лічацца яцвяжскай назоўнай спадчынай[8].
Гэтыя моўныя асаблівасці даюць карціну калісняй моўнай інтэрферэнцыі паміж мясцовай, аўтахтоннай заходнябалцкай (меркавана яцвяжскай) гаворкай і літоўскай гаворкай заходнеаўкштойцкага тыпу[9].
Першы даследчык гаворкі Эдуард Вольтэр меркаваў, што носьбіты зецельскай літоўскай гаворкі — нашчадкі прусаў, якія, паводле Іпаццеўскага летапісу, былі пераселены Трайдзенем пад Слонім[10].
Удзел прусаў у фармаванні этнічнага аблічча мясцовых жыхароў у той ці іншай форме падтрымлівалі гісторыкі А. Непакупны, Я. Атрэмбскі, Е. Ахманьскі, У. Свяжынскі, А. Квяткоўская (часам высоўваліся здагадкі, што перасяленцы былі не прусамі, а яцвягамі).
Гісторык Аляксей Кібінь пярэчыць, што ў гэтай мясціне зусім не магло быць Трайдзеневых прусаў, бо ў летапісе пад 1276 годам пішацца, што прускія пасяленцы, адпраўленыя Трайдзенем у Слонім, былі перахопленыя галіцка-валынскім атрадам.
Супраць версіі ўзнікнення гэтага моўнага астраўка толькі ў выніку позняга перасялення выказваўся і літоўскі лінгвіст К. Гаршва, які даследаваў фаналогію пагранічных літоўскіх дыялектаў[11].
Пры гэтым А. Кібінь аспрэчвае і аўтахтонную прысутнасць тут яцвягаў — бо тут, на нёманскім левабярэжжы, яцвяжскія каменныя курганы узнікаюць толькі ў ХІ стагоддзя, і, адпаведна, гэта і ёсць той час, калі тут апынуліся яцвягі як продкі носьбітаў зецельскай гаворкі[12].
А. Відугірыс сцвярджае, што яцвягі насялялі левабярэжжа Нёмана — наваколлі Ваўкавыска, Слоніма, Наваградка, Горадні і інш., і таму гэтыя землі былі названыя «Чорнай Руссю», з мэтай проціпаставіць гэтую тэрыторыю Русі «Белай», якая моўна аславянілася раней[9].
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.