Дэманстрацыя хіпі ў Гродне
From Wikipedia, the free encyclopedia
From Wikipedia, the free encyclopedia
Дэманстрацыя хіпі ў Гродне адбылася 11 жніўня 1971 года на плошчы Савецкай. Каля сотні маладых людзей з плакатамі «Рукі прэч ад доўгіх валасоў», «Спыніце тэрор», «Свабоду рок-н-ролу», «All you need is Love » прайшлі калонай па старым горадзе да Савецкай плошчы. Хлопцы былі з доўгімі валасамі, апранутыя ў штаны-клёш , кашулі ў кветачку, некаторыя з завушніцай, адзін юнак ішоў з баявым пеўнем на ланцужку. На плошчы іх чакала міліцыя , якая жорстка разагнала дэманстрацыю, правяла затрыманні юнакоў.[1] Негатыўна да маладых людзей падчас акцыі ставіліся некаторыя абураныя знешнім выглядам дэманстрантаў грамадзяне. Паводле меркавання музычнага журналіста Віктара Сямашкі, якое выказана ім у адным з выпускаў радыёцыклу «Беларускі Underground 1960-1970-ых», факт арганізацыі такога роду акцыі ва ўмовах СССР унікальны і беспрэцэдэнтны.
Пра рэзананс, які ўдзельнікі «дэманстрацыі хіпі» вырабілі ў свеце, грамадзяне БССР маглі чуць толькі з эфіраў «варожых галасоў ». Адкрытых дакументальных сведчанняў таго, што ў жніўні 1971 года адбывалася на Савецкай плошчы ў Гродне, няма. Інфармацыя пра акцыю захоўваецца праз успаміны сведкаў і ўдзельнікаў, таму сама гісторыя з дэманстрацыяй абрастала неверагоднымі падрабязнасцямі, і амаль не ператварылася ў гарадскую легенду .[2]
У жніўні 1971 года да гродзенскіх хіпі прыехалі сябры з Вільнюса і Таліна. Каб не раздражняць камсамольцаў і міліцыю, кампанія сабралася на прыродзе ў пасёлку Азёры каля Гродна. Але нехта з мясцовых жыхароў паведаміў пра гурт нефармальнай моладзі ў органы правааховы. Міліцыя, якая прыехала на месца, разагнала моладзь, якой прыйшлося вяртацца ў Гродна. Аднак у горадзе іх ужо чакалі савецкія актывісты: каля 10 удзельнікаў з Вільнюса схапілі, збілі і абстрыглі.
У абураных юнакоў з’явілася ідэя акцыі пратэсту. Дома ў аднаго з арганізатараў Міхася Гуленіна былі загадзя створаны больш за дзясятак плакатаў. Напярэдадні дэманстрацыі ў Гродна прыехалі хіпі з Вільнюса, Таліна, Ленінграда, Мастоў. Цераз кола знаёмых абвясцілі, што дэманстрацыя адбудзецца праз два тыдні, аднак правясці яе вырашылі ўжо праз тыдзень. Хітрык не дапамог — у дзень акцыі міліцыя і супрацоўнікі КДБ былі напагатове.
Каля 14:00 11 жніўня калона пачала рух ад рога вуліц Сацыялістычнай і Маркса да Савецкай плошчы. Усе былі апранутыя ў джынсы або штаны клёш і квяцістыя кашулі, у калоне неслі плакаты. Баявога іспанскага пеўня вёў на ланцужку таліннец Віру. У скверы на плошчы іх чакалі з плакатамі яшчэ каля трыццаці чалавек — сябры з Мастоў. Яны павінны былі далучыцца да калоны і прайсці разам праз усю плошчу да фантана. Туды ж невялікімі групамі падыходзіла нефармальная моладзь з усяго горада. На плошчы калону чакалі супрацоўнікі міліцыі і КДБ, пачаліся затрыманні, моладзь спрабавала бегчы. У дварах на Замкавай вуліцы стаялі пустыя аўтобусы, куды запіхвалі схопленую моладзь, а потым высаджвалі за 15 кіламетраў ад горада. Тых, хто выглядаў асабліва задзірліва, цягнулі ў Палац культуры тэкстыльшчыкаў, стрыглі, рвалі клеш, адбіралі рамяні.
Гуленіна і іншых «арганізатараў» даставілі ў аддзяленне міліцыі, сфатаграфавалі. Да вечара іх дапытвалі следчыя, высвятлялі, хто арганізатар, заказчык мерапрыемства. У кватэрах самых актыўных прайшлі ператрусы, забралі фатаграфіі, запісныя кніжкі, вершы, пласцінкі «The Beatles». Праз пару дзён такая ж дэманстрацыя адбылася ў Вільнюсе. З плакатамі ў абарону гродзенцаў літоўскія хіпі выйшлі на плошчу ля вежы Гедыміна. «Варожае галасы» расказалі пра гэтыя выступы, як пра крывавыя пабоішча моладзі з міліцыяй. Ні ў савецкім друку, ні на камсамольскіх сходах дэманстрацыя не абмяркоўвалася.[4]
Міхася Гуленіна пасля дэманстрацыі паказала мясцовае тэлебачанне, дзе выставіла асацыяльным і ідэалагічна варожым элементам. Амаль усе гродзенскія ўдзельнікі акцыі страцілі месцы вучобы, не маглі ўладкавацца на працу. Вядомы факт таго, што ў Мінску, насупраць Дома ўрада, на верхатуры каланады з’явіўся вялікі надпіс: «Хіпі Гродна», які быў там амаль два месяцы. Многіх удзельнікаў акцыі вызывалі на допыты афіцэры КДБ, прапаноўвалі напісаць даносы на сяброў. Некаторых дэманстрантаў адправілі на прымусовае лячэнне ў псіханеўралагічны дыспансер. Па меркаванню журналістаў, дэманстрацыя хіпі з’явілася першай маладзёжнай акцыяй грамадзянскага непадпарадкавання ў Беларусі.[5]
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.