Remove ads
From Wikipedia, the free encyclopedia
Гімн (ст.-грэч. ὕμνος) — урачыстая хвалебная песня.
У жанравых адносінах існуюць гімны вайсковыя, рэлігійныя, спартыўныя, прысвечаныя пэўным гістарычным падзеям, святам, нацыянальным героям. У сучасным традыцыйным разуменні гімн — афіцыйна зацверджаная гукавая эмблема дзяржавы (дзяржаўны гімн).
Гімны займаюць значнае месца ў грамадска-палітычным жыцці, з'яўляюцца істотным сродкам аб'яднання нацыі ў святочныя і трагічныя часы існавання дзяржавы. Музычна-паэтычныя асаблівасці гімнаў звязаны са спецыфікай іх прызначэння. Адметныя рысы — агульны велічны тон музыкі, узвышанасць і рытарычнасць паэтычнай лексікі, рытмічная ўпарадкаванасць (т.зв. маршавасць) — надаюць гімну асаблівы характар накіраванасці на ўспрыманне, садзейнічаюць хуткаму запамінанню музыкі і тэксту.
У працэсе гістарычнага развіцця змест паняцця «гімн» значна эвалюцыяніраваў. Найстаражытнейшыя гімны — малітоўныя песнапенні лірычнага характару — былі пашыраны ў Егіпце і Месапатаміі. Гімны як музычна-паэтычная форма шырока выкарыстоўваліся ў Старажытнай Грэцыі, дзе яны выконваліся хорам у гонар багоў і герояў пад акампанемент кіфары (часта спевы суправаджаліся танцамі). Сярод аўтараў гімнаў — Гамер, Піндар, Анакрэон. Доўгі час паняцце «гімн» было абагульняльнай назвай розных культавых песнапенняў (дыфірамб, прасодыя, праомія, пайяна і інш.). У краінах Заходняй Еўропы ў перыяд ранняга хрысціянства гімнамі лічыліся духоўныя страфічныя песні. Выкананне гімнаў у богаслужэнні Заходняй хрысціянскай рымскай царквы звязана з епіскапам Амвросіем (IV ст.). Першыя ўзоры шматгалосых гімнаў адносяцца да XIV ст. (франка-фламандская школа, творчасць Г. Дзюфаі). Сацыяльна-рэлігійны рух XV — XVI ст. спарадзіў стварэнне новых форм гімна, не звязаных цесна з царкоўным абрадам. Сярод іх пратэстанцкія харалы-гімны, гусіцкія песні-гімн ў Чэхіі, славянскія кантаты-гімны, якія з XVI ст. распаўсюдзіліся на Беларусі, Украіне, у Польшчы, пазней у Расіі. У ХІХ ст. гімнам становіцца ўрачыстая песня свецкага зместу, прызначаная часцей для вялікага складу выканаўцаў (аркестр, хор, група салістаў). Сярод найбольш папулярных песень-гімнаў «Марсельеза» Ружэ дэ Ліля, «Гімн розуму» Э. Меполя, «Гімн свабодзе» Ф. Гасэка, «Інтэрнацыянал» П. Дэгейтэра (Францыя), «Гімн Гарыбалвдзі» А. Аліўеры (Італія), «Гімн Рыега» (Эварыста Фернандэса) (Іспанія), «Ракацы-марш» (Венгрыя), «Мазурка Дамброўскага» (Польшча). Узорамі класічнай музыкі, звязанай з праламленнем жанру гімна, з'яўляюцца 9-я сімфонія Л. ван Бетховена, 8-я сімфонія Г. Малера, хор «Слаўся» з оперы «Жыццё за цара» М. Глінкі, «Гімн вялікаму гораду» з балета «Медны коннік» Р. Гліэра, «Гімн жыццю» з 10-й сімфоніі М. Аладава, фінал 5-й сімфоніі Я. Цікоцкага, названы аўтарам «Жыццесцвярджэнне», і інш.
Гісторыя развіцця гімнічных песень на Беларусі цесна звязана з кантамі і псальмамі (свецкія харавыя песні), якія распаўсюдзіліся з 2-й пал. XVI ст. У іх адлюстроўваліся многія прыкметы менталітэту беларусаў, тыповыя рысы іх характару, светапогляду і светаўспрымання. Сціпласць, добразычлівасць, талерантнасць паступова фарміравалі асаблівы склад мовы, апасродкавана ўплывалі на тып узнёслага, велічнага і адначасова лірычнага вакальна-паэтычнага меласу. Шмат кантаў-гімнаў змешчана ў канцыяналах і багагласніках, у т.л. ў адных з першых ва Усходняй Еўропе друкаваных зборніках «Брэсцкі канцыянал» (1558) і «Нясвіжскі песеннік» (1563). Яркім узорам беларускага нацыянальнага канта-гімна з'яўляецца героіка-патрыятычны твор «Даруй спакой» (1646) Афанасія Філіповіча. Пашырэнне на Беларусі баявых (ваяцкіх) песень-гімнаў пачалося з паўстання 1863-64 (гучалі польскія і беларускія паўстанцкія гімнічныя песні на словы Ф. Ражанскага). Шмат беларускіх песень-гімаў выклікаў да жыцця рэвалюцыйны ўздым пач. ХХ ст. Найбольшую папулярнасць набылі песні на словы Я. Купалы «А хто там ідзе?» (муз. Л. Рагоўскага) і «Не пагаснуць зоркі ў небе» (муз. М. Янчука), «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» (сл. М. Краўцова, муз. М. Тэраўскага), «Беларуская марсельеза» і інш. У савецкі перыяд беларускія кампазітары стварылі шэраг лірычных песень, у якіх арганічна спалучаюцца гімнічныя і лірычныя інтанацыі: «Мы беларусы» (Дзяржаўны гімн БССР з 1955, сл. М. Клімковіча, муз. Н. Сакалоўскага), «Радзіма мая дарагая» (сл. А. Бачылы, муз. У. Алоўнікава), «Беларусь — мая песня» (сл. М. Браўна, муз. Ю. Семянякі), «Песня пра Нёман» (сл. А. Астрэйкі, муз. Н. Сакалоўскага). Да гімнічных належаць таксама музычныя творы «Жыві, Беларусь!» А. Багатырова, «На родных прасторах» Р. Пукста, «Красуй, Беларусь» Я. Цікоцкага, «Беларусь — наша родная маці» Н. Сакалоўскага. У канцы ХХ ст. песні-гімны стварылі кампазітары У. Мулявін («Пагоня», сл. М. Багдановіча), В. Раінчык («Жыве Беларусь», сл. Л. Пранчака) і інш. Сустракаюцца гімнічныя творы і ў кампазітараў беларускага замежжа («Магутны Божа», сл. Н. Арсенневай, муз. М. Равенскага; «Пагоня», сл. М. Багдановіча, муз. М. Куліковіча-Шчаглова).
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.