Гродзенскі піўзавод
беларуская кампанія From Wikipedia, the free encyclopedia
Гродзенскі піўзавод — колішняя беларуская кампанія па вытворчасці піва, якая была размешчана ў Гродна[1]. З 2020 года комплекс будынкаў знаходзіцца на рэканструкцыі пад шматфункцыянальны комплекс з музеем, рэстарацыяй і міні-броварам[2].
Гродзенскі піўзавод | |
---|---|
![]() | |
Тып | фабрыка і прадпрыемства |
Заснаванне | 1877 |
Скасавана | 2014 |
Прычына скасавання | банкруцтва |
Краіна | |
Размяшчэнне | Беларусь, Гродна |
Галіна | харчовая прамысловасць |
Прадукцыя | піва |
Гісторыя
Палац у XVII—XVIII стст.
Архітэктурны помнік XVII ст., першапачаткова палац Сапегаў, потым Агінскіх. Будынак пазначаны на карце Гродна 1665 года[3].
У 1706 годзе палац належаў троцкаму ваяводзе Юзафу Агінскаму, у 1750-1770-я — польнаму пісару літоўскаму, будучаму вялікаму гетману літоўскаму Міхалу Казіміру Агінскаму. У 1779 годзе будынак набыў гродзенскі маршалак Казімір Вольмер, у 1789 годзе ўладальнікам стаў літоўскі канцлер Аляксандр Сапега, у 1801 годзе купіў граф Міхал Дзяконскі[4].
XIX ст.: Перабудова пад бровар дынастыі Кунцаў

Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай будынкам як складам тавараў карысталіся гродзенскія купцы. У пачатку 1860-х гадоў будынкам валодаў Ошар Вільнер, які заснаваў тут бровар[5]. З 1868 года ўладальнікам будынка стаў аўстрыйскі купец Юзаф Кунц (Восіп Кунц на расійскі манер) і трымаў там невялікі піваварны завод. Актыўная вытворчасць піва пачалася пасля ўстаноўкі соладавай вежы ў 1877 годзе. У падзямеллях былога палаца адбываўся працэс ферментацыі піва, там жа яно захоўвалася ў дубовых бочках. На бровары Кунца працавала 18 чалавек — гэта быў самы буйны піўзавод Гродна ў 1870-я[6].
Юзаф Кунц у 1897 годзе перадаў кіраванне заводам сваім сынам Ігнацію і Францу. Пад іх кіраўніцтвам якасць піва пагоршылася. У 1911 годзе расследаванне паказала, што Ігнацій Кунц у кожную варку дадаваў 18 пудоў цукру, што павялічвала канчатковы выхад прадукту, але пагаршала яго якасць[6].
XX ст.: Перапродажы, нацыяналізацыя і банкруцтва
У 1912 годзе Ігнацій Кунц памёр і бровар выставілі на продаж. Яго набыў Браніслаў Краткоўскі, які хутка здолеў выправіць рэпутацыю завода і павялічыць аб’ём вытворчасці. Аднак прадпрыемства Краткоўскага не перажыло Першай сусветнай вайны. Нямецкая адміністрацыя вывезла частку абсталявання ў Германію.
З 1918 года завод належыць Юдалю Марголісу. Прадукцыя бровара ў 1920-я гады ацэньвалася, калі верыць тагачасным газетам, вельмі нізка. Сітуацыя выправілася пасля банкруцтва сям’і Марголісаў і выкупу завода варшаўскім гандлёва-прамысловым таварыствам «Horacy Heller» у 1933 годзе[3].
Пасля далучэння Гродна да БССР завод нацыяналізавалі. У 1950-я гады правялі яго рэканструкцыю. З часам абсталяванне і тэхналогіі састарэлі. Да 1990-х гадоў якасць гродзенскага піва знізілася, завод пачаў губляць пазіцыі. Часткова ратавалі яго загараджальныя пошліны, піўзавод быў манапалістам рынку. Аднак, па вяртанні на рынак Беларусі піўных гігантаў, практычна адразу аказаўся ў даўгах. У 2007 годзе расійская «Балтыка » разглядала куплю піўзавода пад рэканструкцыю, аднак урэшце адмовілася ад ідэі.
Летам 2007 года Гродзенскі піўзавод зварыў апошняе сваё піва. Адной з прычын закрыцця было, між іншым, патрабаванне вынесці вытворчасць за межы горада, замацаванае ў планах рэканструкцыі цэнтра Гродна[7]. Справу аб банкруцтве прадпрыемства завялі ў лістападзе 2010 года, на той момант у прадпрыемства было каля 40 крэдытораў і пазыкі ў памеры каля 1 млрд недэнамінаваных рублёў. Ліквідацыя прадпрыемства расцягнулася, канчаткова яго ліквідавалі і выкраслілі з Адзінага дзяржаўнага рэестру 27 сакавіка 2014 года[8].
Спробы адраджэння

У 2012 годзе завод прададзены зарэгістраванай у Барысаве сумеснай расійска-беларускай кампаніі «Экапрамэнерга», якая планавала адрэстаўрыраваць і мадэрнізаваць стары бровар, адкрыць музей піва. Аднак працы не праводзіліся, з завода была вывезена большая частка металічнага абсталявання і канструкцый, якія можна было спілаваць — бочкі для сусла, трубы, лесвіцы. Пасля завод перадалі новастворанай фірме «ЖаВаС-Інвест», у якой былі фактычна тыя ж уладальнікі, што і ў папярэдняга пакупніка. Але новы ўладальнік ужо не нёс абавязацельстваў па ахове гістарычнай каштоўнасці і ўцягванні яе ў камерцыйную дзейнасць. У выніку завод быў пакінуты інвестарам. У лютым 2017 года эканамічны суд Гродзенскай вобласці вярнуў завод дзяржаве[9]. Будынак зноў выставілі на продаж. 21 мая 2017 года на піўзаводзе здарыўся пажар[10].

У 2020 годзе комплекс будынкаў піўзавода купіла з аўкцыёну фірма ТАА «МБА Інвестмент» — рэзідэнт СЭЗ «Гроднаінвест» з польскім капіталам[11]. Праз рэканструкцыю комплекс мусіў пераўтварыцца ў бізнес-цэнтр з гатэлем, музеем гісторыі гродзенскага піва, мініброварам, фудкортам і гандлёвымі кропкамі[12]. Да сярэдзіны чэрвеня 2023 года на тэрыторыі комплексу знеслі ўсе будынкі савецкай эпохі[13].
Зноскі
- Пивзавод в Гродно (руск.). Grodno.in. Праверана 25 верасня 2018.
- Завадская, Виктория. В Гродно модернизируют бывший пивзавод. Что появится на его месте и когда планируется открытие? - Недвижимость Onlíner (руск.). Onlíner (23 мая 2024). Праверана 30 студзеня 2025.
- На гродзенскім бруку / Андрэй Вашкевіч. — Гродна: «ЮрСаПринт», 2012. — С. 27—33. — 100 с.: іл. ISBN 978-985-90264-10-12
- МБА-ИНВЕСТМЕНТ — История. grodnobrowar.by
- Гродзенскі Бровар. Harodnia.com
- На месте гродненского пивзавода может появиться развлекательный центр (руск.) . Новости — Новости и события Гродно. Вечерний Гродно (30 верасня 2011). Праверана 17 ліпеня 2023.
- УДП "Гродненский пивзавод" ГОУПП "Гроднопищепром" - ИС ЕГРСБ . bankrot.gov.by. Праверана 17 ліпеня 2023.
- МБА-ИНВЕСТМЕНТ — О нас. grodnobrowar.by
- На гродзенскім піўзаводзе знеслі ўсе савецкія пабудовы . Hrodna.life (15 чэрвеня 2023). Праверана 17 ліпеня 2023.
Спасылкі
Wikiwand - on
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.