Мае вельмі тонкую і выгнутую шыю, доўгія ногі. Даўжыня цела 85-102 см. Размах крылаў дасягае 140—170 см. Вялікая белая чапля разы ў паўтары-два буйней за малую белую чаплю. У адрозненні ад апошняй мае чорныя пальцы, а ў гнездавы час — жоўтую дзюбу. Гукі, якія яна выдае, падобны на хрыплае карканне «рха».
Пашырэнне
Арэал вялікай белай чаплі ахоплівае паўднёвую і цэнтральную часткі Еўропы. На ўсход ён працягваецца да Цэнтральнай Азіі, на паўднёвы ўсход — да Ірана. Водзяцца яны ў паўднёвай і ўсходняй Азіі, Аўстраліі, Новай Зеланцыі, Афрыцы, Паўднёвай Амерыкі, цэнтральнай і паўднёвай частцы Паўночнай Амерыкі. На Беларусі пералётная птушка, прылятае пад канец сакавіка — у красавіку. Падвід, які сустракаецца ў Беларусі, сустракаецца ад паўднёвай і цэнтральнай частак Еўропы да Цэнтральнай Азіі.
З канца ХІХ стагоддзя да сярэдзіны 60-х гадоў ХХ стагоддзя паўсюдна назіралася памяншэнне колькасці вялікіх белых чапляў. З сярэдзіны 60-х гадоў ідзе адваротны працэс. На Беларусі іх часцей пачалі сустракаць з 1980-х гадоў. З пачатку 1990-х гадоў на поўдні краіны пачаліся сустракацца іх месцы гнездавання. Птушка года Беларусі 2008.
Асаблівасці біялогіі
Гняздуецца па берагах вадаёмаў як калоніямі так і асобнымі парамі. Гнёзды можа ўладкоўваць на дрэвах, але часцей уладкоўвае іх на заломах трыснягу або ў хмызняку у забалочаных мясцінах, поймах рэк. Іх робіць з трыснягу або галінак. Дыяметр гнёзд дасягае 50-110 см, а вышыня — 35-60 см. Калі галінак для гнязда не хапае, могуць красці іх у сваіх суседзяў. Гэта часта вядзе да шумных драк белых чапляў.
Вялікія белыя чаплі адкладваюць у гнёздах звычайна тры-пяць яек. Яйкі блакітна-зялёнага колеру, маюць памер 62,7х41,7 мм. Бацькі пачынаюць іх высіжваць у другой палове красавіка. Цягнецца гэта 25-26 дзён.
Ядуць вялікія белыя чаплі рыб, водных і наземных насякомых. Калі-нікалі могуць з'есць дробных грызуноў, птушанят іншых птушак.