зімовы алімпійскі від спорту From Wikipedia, the free encyclopedia
Біятло́н, састар. сучаснае зімовае дваяборства (ад лац.: bi «дзвюх» + грэч. athlon «барацьба»): від спорту, лыжныя спаборніцтвы на хуткасць са стральбой з вінтовак. Адлегласць і фармат гонкі, а таксама праграма стральбы бываюць рознымі.
Сучасны біятлон паходзіць са Скандынавіі. Менавіта там прыгранічныя патрулі ў вольны час спаборнічалі між сабою ў хуткасці і трапнасці. Першае падабенства чэмпіянату па біятлоне адбылося ў 1767 годзе з удзелам пагранічнікаў Швецыі і Нарвегіі. Правобраз сучаснага біятлону пад назвай «Змаганні ваенных патрулёў» быў уключаны ў праграму Першых зімовых алімпійскіх гульняў у Шамані (Францыя) у 1924 годзе. У такім выглядзе гэты від спорту праіснаваў у алімпійскай праграме да 1948 года, але ў сувязі з антываеннымі настроямі пасля Другой светавой вайны быў выключаны як празмерна мілітарызаваны.
Але ўжо ў 1958 годзе мода на біятлон аднавілася, і з таго часу чэмпіянаты па біятлоне праводзяцца рэгулярна. У 1960 годзе біятлон амаль у сучасным выглядзе быў уключаны ў праграму Алімпійскіх гульняў у Скво-Вэлі (ЗША), і быў разыграны першы камплект алімпійскіх медалёў у мужчын. Жаночыя алімпійскія спаборніцтвы ўпершыню праводзіліся ў 1992 годзе ў Альбервілі (Францыя).
Першыя алімпійскія медалі ў спрынце былі разыграныя ў 1980 годзе ў Лэйк-Плэсідзе (ЗША), першым алімпійскім чэмпіёнам стаў Франк Ульрых (ФРГ). Гонка пераследвання з’явілася ў алімпійскай праграме на Алімпіядзе 2002 года ў Солт-Лэйк-Сіці (ЗША) (датуль падобныя спаорніцтвы праводзіліся толькі на чэмпіянатах свету). Першай алімпійскай чэмпіёнкай у гонцы пераследвання стала Вольга Пылёва, сярод мужчын — Уле-Эйнар Б’ёрндален. Мас-старт уключылі ў алімпійскую праграму ў 2006 годзе ў Турыне. Першай алімпійскай чэмпіёнкай у мас-старце стала Анна-Карын Олафсан (Швецыя), сярод мужчын — Міхаэль Грайс (Германія).
На працягу існавання дысцыпліны мяняліся як правілы, так і рыштунак біятланістаў. Раней замест дробнакаліберных стрэльбаў спартсмены карысталіся цяжкімі вінтоўкамі. Зараз біятланісты карыстаюцца адмыслова сканструктаванымі для іх дробнакалібернымі вінтоўкамі 22-га калібру (маса не менш за 3,5 кг), якія возяцца за спіной на спецыяльнай перавязі. Вінтоўка аднастрэльная, з абоймай на 5 патронаў, перазараджаецца зараднай рукаваткай, і мае механізм блакіроўкі спускавога кручка. Хуткасць кулі ў такіх вінтоўках не павінна перавышаць 380 м/с на адлегласці 1 метру ад зрэзу ствала. Мінімальная даўжыня лыжаў для біятлона павінна быць на 4 см меней за рост спартсмена, а іх насы не павінны быць моцна загнутымі ўверх.
Адмысловы касцюм скроены дзеля лепшай абцякальнасці і дзеля ўтрымання цеплыні. Чаравікі жорсткія, каб паменшыць ціск на шчыкалатку.
На сённяшні дзень у біятлоне існуе 6 відаў спаборніцтваў: спрынт (для жанчын 7,5 км, для мужчын 10 км); гонка праследавання (для жанчын 10 км, для мужчын 12,5 км); масавы старт (для жанчын 12,5 км, для мужчын 15 км); класічная індывідуальная гонка (для жанчын 15 км, для мужчын 20 км) і 3 віды камандных спаборніцтваў — эстафета (для жанчын 4*6 км, для мужчын 4*7,5 км), змяшаная эстафета і Адзіночная змешаная эстафета.
За кожную незакрытую мішэнь біятланіст павінен прабегчы штрафны круг (150 м), а ў індывідуальнай гонцы за кожную незакрытую мішэнь да часу спартсмена дадаецца адна хвіліна. У эстафетных гонках спартсмен мае 3 дадатковыя патроны, а калі і з імі не ўдаецца закрыць мішэні, тады за кожную незакрытую мішэнь біятланіст павінен прабегчы штрафны круг.
Стральба ў біятлоне пачынаецца заўсёды з пазіцыі лежачы, наступная стральба — з пазіцыі стоячы. У спрынце і эстафетах толькі два агнявыя рубяжы, у гонцы з пераследаваннем, масавым старце і індывідуальнай гонцы — 4 агнявыя рубяжы.
За 15 хвілін да старта ўдзельнік спаборніцтваў па біятлоне абавязаны прайсці маркіраванне на адмысловай стартавай пляцоўцы. Тут маркіруюцца лыжы і правяраецца вінтоўка наконт мінімальнага неабходнага намагання на спускавым кручку (норма — не менш за 500 г). Кожная каманда мае дзве запасныя вінтоўкі. Потым правяраецца правільнасць стартавага нумару і выкананне правілаў адносна рэкламы. Стартавыя нумары выдаюцца, каб спартсмен сам замацаваў іх на бядры. На ногі біятланістам мацуюцца даннікі, якія мераюць час пры праходжанні кантрольных рубяжоў.
Звычайна, у спрынце і індывідуальнай гонцы, спартсмены выходзяць на старт кожныя 30 секунд. Кожны біятланіст за 10 секунд да старту атрымлівае гукавы сігнал, за 5 секунд да старту электронны гадзіннік пачынае гучна цокаць. На працягу гэтых 5 сек лыжы мусяць знаходзіцца ў адмысловых мацаваннях (упорах). Для эстафеты ці масавага старту каманду «старт» падаюць стартавым пісталетам.
Пасля фінішу зброя (яна не павінна быць зараджанай) і лыжы (павінны быць маркіраваныя) яшчэ раз правяраюцца, а біятланісты кіруюцца на допінг-кантроль.
Seamless Wikipedia browsing. On steroids.
Every time you click a link to Wikipedia, Wiktionary or Wikiquote in your browser's search results, it will show the modern Wikiwand interface.
Wikiwand extension is a five stars, simple, with minimum permission required to keep your browsing private, safe and transparent.